Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску спадзяюцца, што дырэктар БДІПЧ прывязе выніковую справаздачу аб прэзыдэнцкіх выбарах


Міхаэль Георг Лінк

Міхаэль Георг Лінк

28–29 студзеня Менск мае намер наведаць дэлегацыя Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (АБСЭ). Чакаецца, што яе ачоліць дырэктар Бюро Міхаэль Георг Лінк. У дэлегацыі заплянаваныя перамовы ў Цэнтральнай выбарчай камісіі, Міністэрстве замежных спраў і некаторых іншых арганізацыях.

«Так, 28 студзеня мы чакаем такой сустрэчы, — паведаміў Свабодзе сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік. — У нас пойдзе размова пра выбарчае заканадаўства і выбарчы працэс. Мы ў Цэнтральнай камісіі спадзяёмся, што зможам нарэшце пабачыць выніковую справаздачу БДІПЧ аб правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў. Пакуль гэтага дакумэнту ў нас няма. Мы знаёмыя толькі з папярэдняй справаздачай».

Галоўнае ў папярэдняй справаздачы місіі БДІПЧ — наступнае:

«Значныя праблемы, асабліва пры падліку галасоў і падсумаваньні вынікаў галасаваньня, падарвалі сумленнасьць выбараў... Беларусі яшчэ трэба будзе прайсьці значны шлях да выкананьня абавязаньняў АБСЭ па дэмакратычных выбарах... Гэта падкрэсьлівае неабходнасьць палітычнай волі для правядзеньня ўсёабдымнага працэсу рэформаў».

Разам з тым назіральнікі Бюро адзначылі некаторыя паляпшэньні і «ветлівае стаўленьне» да місіі. Яны падкрэсьлілі, што выбарчая кампанія і дзень выбараў праходзілі мірна.

На пытаньне Свабоды, чаму БДІПЧ, які на іншых выбарах у Беларусі больш апэратыўна рыхтаваў выніковую справаздачу, а гэтым разам не сьпяшаецца, Мікалай Лазавік адказаў так:

Мікалай Лазавік

Мікалай Лазавік

«Таму што яны ж пішуць ня тое, што бачылі, а тое, што патрэбна напісаць. Калі місія СНД піша аб’ектыўна, дык яна дае сваю справаздачу літаральна на наступны дзень пасьля выбараў. Тое, што бачылі, пра тое і напісалі.

А БДІПЧ трэба напісаць з улікам палітычнай каньюнктуры. Ім неабходна ўсё ўзважыць. А на гэта і час траціцца».

Спэцыяліст у галіне выбараў Сяргей Альфер кажа Свабодзе, што ён ня памятае такіх выпадкаў, каб папярэдняя і выніковая справаздачы місіяў БДІПЧ на выбарах у розных краінах прынцыпова адрозьніваліся:

«Канечне, АБСЭ — палітычная арганізацыя. А яе падразьдзяленьне БДІПЧ — гэта яшчэ і праваабарончая арганізацыя. У Бюро вельмі высокая рэпутацыя ў выбарчых справах. БДІПЧ спачатку робіць папярэдні даклад, а ў выніковым — разьвівае і дапаўняе яго асноўныя палажэньні. І не было яшчэ выпадку, калі б папярэдняя справаздача была нэгатыўная, а пасьля яна ператварылася ў станоўчую. Таму чакаць чагосьці прынцыпова новага ў выніковай справаздачы нельга.

Сяргей Альфер

Сяргей Альфер

А чаму так доўга яе не друкуюць? Магчыма, спадзяваліся, што змогуць дамовіцца зь беларускімі ўладамі пра тое, што тыя пагодзяцца ўнесьці пэўныя зьмены ў выбарчае заканадаўства і выбарчую практыку. Але ж у Менску ясна кажуць, што нічога зьмяняць мы не зьбіраемся, што нас усё задавальняе. Думаю, што гэта ж самае мы пачуем і ў гэтыя дні».

Чакаецца, што чарговыя парлямэнцкія выбары ў Беларусі адбудуцца 11 верасьня 2016 году. Менавіта гэтую дату як найбольш імаверную назвала старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына.

Раней, адказваючы на пытаньне Свабоды, ці будзе перад гэтымі выбарамі мяняцца выбарчае заканадаўства, Лідзія Ярмошына адказала, што трэба дачакацца выніковай справаздачы і зразумець, які заўвагі там зробленыя і што прапануюць міжнародныя экспэрты.Прэзыдэнцкія выбары 2015 году сталі сёмай выбарчай кампаніяй у Беларусі (уключаючы парлямэнцкія і прэзыдэнцкія), за якімі назірала місія БДІПЧ. Ранейшыя шэсьць па выніках падобных маніторынгаў былі ацэненыя як неадпаведныя абавязаньням АБСЭ.

XS
SM
MD
LG