Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: Сяброўства Ўкраіны ў Радзе бясьпекі пашырае магчымасьці для яе дыпляматыі


Аляксей Гарань

Аляксей Гарань

Украіна абраная непастаянным сябрам Рады бясьпекі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый на 2016–2017 гады.

У гэтым зьвязку кіраўнік МЗС Украіны Павал Клімкін заявіў, што пазыцыя Кіева «пэўна ня будзе прымірэнчай» у дачыненьні да Расеі — пастаяннага сябра гэтага органа. Паводле міністра, міжнародная супольнасьць атрымала ўнікальную сытуацыю: Расея як пастаянны сябра Рады бясьпекі — яшчэ і агрэсар, які вядзе гібрыдную вайну супраць Украіны.

У сваю чаргу, старшыня Вярхоўнай Рады Ўладзімер Гройсман выказаў перакананьне, што сяброўства Ўкраіны ў Радзе бясьпекі ААН дапаможа вярнуць часова акупаваныя тэрыторыі — Крым і частку Данбасу.

Ці падзяляюць аптымізм незалежныя ўкраінскія экспэрты? Якія чаканьні ад новага статусу Ўкраіны?

Сваімі меркаваньнямі са Свабодай падзяліўся кіеўскі гісторык-міжнароднік, паліткансультант Аляксей Гарань:

«Не, я ўсё ж думаю, што так гаварыць, напэўна, нельга — маўляў, паўплывае наўпрост на сытуацыю. Але, канечне ж, гэта дазволіць уздымаць на іншы ўзровень праблему, дазволіць працаваць з нашымі партнэрамі, дасьць магчымасьць уздымаць пытаньні адносна таго, наколькі права вэта можа выкарыстоўвацца вялікімі дзяржавамі, калі яны самі непасрэдна ўцягнутыя ў канфлікт. Украіна цяпер пра гэта якраз гаворыць. Безумоўна, гэта пашырае магчымасьці для ўкраінскай дыпляматыі».

Ці азначае высокі статус Украіны ў ААН, што супрацьстаяць агрэсіўнай палітыцы Крамля пры міжнароднай падтрымцы будзе лягчэй? Аляксей Гарань перакананы, што сваім рашэньнем сябры арганізацыі выразна акрэсьлілі стаўленьне да анэксіі Крыму і канфлікту на Данбасе:

«Мы павінна разумець, што гэта не абсалютная зброя — сяброўства ў Радзе бясьпекі. Але гэта сьведчыць і пра аўтарытэт краіны, калі яе абіраюць, і гэта дае дадатковыя магчымасьці. Разумееце, тут усё апасродкавана. Тое, што кандыдатура Ўкраіны атрымала такую вялікую колькасьць галасоў, натуральна, сьведчыць пра давер да нашай дзяржавы. З улікам тых падзеяў, якія адбываюцца апошнія два гады ў сувязі з расейскай агрэсіяй, у пэўнай меры гэта можна разглядаць як падтрымку і павагу да Ўкраіны — як да дзяржавы, якая выконвае свае міжнародныя абавязкі.

Я ня ўра-патрыёт, не хачу крычаць на кожным рагу „Ўра-ўра“. Дыпляматыя — гэта складаная рэч, дыпляматыя сатканая з сымбаляў. Той факт, што мы атрымліваем гэтае месца ў Радзе бясьпекі, — сьведчаньне павагі да краіны, прызнаньне яе ролі».

За тое, каб Украіна стала непастаянным сябрам Рады бясьпекі на 2016–2017 гады, прагаласавалі 177 краін са 193 сябраў Генэральнай асамблеі ААН.

У Раду бясьпекі ААН уваходзяць 15 краін. Пастаянныя сябры — пяць зь іх: Вялікая Брытанія, Кітай, ЗША, Францыя, а таксама Расея як правапераемніца СССР.

XS
SM
MD
LG