Такія зьвесткі прыводзяцца ў дакладзе дырэктара Навукова-дасьледчага эканамічнага інстытуту (НДЭІ) Міністэрства эканомікі Аляксандра Чарвякова, апублікаваным у апошнім нумары «Эканамічнага бюлетэню», паведамляе БелаПАН.
Чарвякоў канстатуе, што «дырэктыўнае крэдытаваньне і дзяржпадтрымка абмежаванай колькасьці прадпрыемстваў, стварэньне для іх „цяплічных“ умоў не стымулявала іх да павышэньня аддачы ад укладзеных сродкаў і росту канкурэнтаздольнасьці». Акрамя таго, у Беларусі «захоўваліся невысокі інавацыйны складнік эканомікі і нізкая аддача ад інвэстыцыяў». Як вынік, галіновая структура ня зьведала істотных зьменаў, «таму эканоміка засталася высоказатратнай і нізкатэхналягічнай».
«У 2015 годзе ў прамысловасьці доля высокатэхналягічнага сэктару склала 3,2%, а нізкатэхналягічных вытворчасьцяў — больш за 33%. У той жа час у Нямеччыне доля высокатэхналягічнага сэктару перавышае 9%, Францыі і ЗША — 13%. У выніку адзначаецца амаль трохразовае адставаньне ад узроўню разьвітых краінаў доляй высокіх тэхналёгіяў і 4-5-разовае —узроўнем прадукцыйнасьці працы ў прамысловасьці», — гаворыцца ў дакладзе.