Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінец напісаў кнігу пра 100 дзён палону ў прарасейскіх сэпаратыстаў


Украінскі праваабаронца Валеры Макееў, які ў жніўні мінулага году быў захоплены баевікамі, падрыхтаваў да друку кнігу пад назвай «100 дзён палону Ці пазыўны 911».

Украінскі праваабаронца Валеры Макееў, які ў жніўні мінулага году быў захоплены баевікамі так званай Луганскай народнай рэспублікі ў часе ўзгодненага абмену ваеннапалоннымі і наступныя тры зь лішкам месяцы правёў у палоне сэпаратыстаў, падрыхтаваў да друку кнігу пад назвай «100 дзён палону Ці пазыўны 911».

У аб’ёмістым дакумэнтальным творы аўтар расказвае пра парадкі, якія пануюць у акупаваным Данбасе, а таксама пра ўмовы ўтрыманьня ўкраінскіх ваенных і грамадзянскіх палонных ў тамтэйшых «турмах» (Макеева ды іншых ўтрымлівалі ў Ровеньках на Луганшчыне). З дазволу аўтара друкуем невялікі ўрывак пра першыя, самыя цяжкія, дні знаходжаньня ў баевікоў, і знаёмства з сукамэрнікамі:

...Нас адвялі ў камэру. Каманда «Да сьцяны!» была гранічна кароткай і нядвухсэнсоўнай. Канваіры нагамі раскідалі нейкае рызьзё, што служыла падсьцілкай замест матрацаў і замінала наўпроставаму доступу да сьцяны. Вопыту «разьмясьціцца» ля сцяны ў мяне не было, але, як аказалася, гэта зусім нескладана: некалькі накіраваных удараў па нагах — і нічога доўга тлумачыць ня трэба. Рукі як мага вышэй, упіраесься ў сьцяну, ногі шырэй...

— Што ў кішэнях?
— Ды нічога, — спрабаваў успомніць я.
— Як? А гэта што? — Баявік трымаў дзьве банкноты, пяць і дваццаць грыўняў.
— ?
— Колькі курыва можна купіць!
...
Нас было пяцёра ці шасьцёра. Стараюся перадаць асаблівую атмасфэру камэры, акрэсліць, чым «ваенны палон» адрозьніваецца ад клясычнай турмы, але неяк не атрымліваецца. Сядзелі са мной былыя зэкі, дык вось, яны казалі, што нічога агульнага — складана апісаць (на шчасьце, няма вопыту, каб параўноўваць). Таму магу толькі працытаваць «знаўцаў-спэцыялістаў», якія сцвярджалі: «турма ў параўнанні зь «ямай» — «месца адпачынку». Паводле ацэнак зэкаў, суткі ў камеры ў Ровеньках можна прыраўняць як мінімум да дзесяці «зонаўскіх».

Выгод асаблівых не было. Пад незашклёным акенцам стаялі два старыя крэслы яшчэ той, «айчыннай», вытворчасьці зь пяцівугольным знакам якасьці. Ці забыліся іх прыбраць баевікі з камэры, ці нехта ўсё ж «прасякнуўся» цяжарам быцьця арыштантаў, але факт застаецца фактам: два астраўкі, якія аддалена нагадвалі пра існаваньне цывілізацыі, у камэры ўсё ж былі. На адным з такіх астраўкоў сядзеў дзядзька гадоў шасьцідзесяці. Яго галаву ўпрыгожваў сівы «вожык», скрозь які проста над правым паўшар’ем выразна праглядаўся глыбокі шрам.

— Вось і яны, — дзядзька кіўнуў галавой у бок дзвярэй. — Таксама адразу звярнулі ўвагу на шнар: маўляў, ты на іх баку ваяваў і там «зарабіў ўзнагароду». Кроп!

Ён разьвёў рукамі, маўляў, бачыш які.

— Пятровіч, — працягнуў мне жорсткую далонь.

Так і пазнаёміліся.

У камэры не прынята распытваць, «лезьці ў душу». Але Пятровіч неяк са мной разгаварыўся (нягледзячы на аднабаковасьць «споведзі», бо я пра сябе за ўвесь час палону нічога не распавядаў).

— Я да сябра-афіцэра ехаў — у Лутугіна. Сам з Краснадону.
— Дык гэта ж кілямэтраў сорак! — заўважыў я.
— Ага, — спакойна, зусім не зразумеўшы сутнасьці майго вокліча, адказаў Пятровіч.
— І што — на ровары? — працягваў запытваць я.
— Так, — зноў без эмоцый падтрымаў размову Пятровіч.

Я б на 40 км у госьці на ровары зараз нават «не стартануў», хоць і маладзейшы за яго.

Палонных украінскіх вайскоўцаў вядуць па Данецку
Палонных украінскіх вайскоўцаў вядуць па Данецку

— Сябар ён мне. Разам служылі гадоў дваццаць, — не асабліва ўлічваючы мае пытаньні, працягваў адстаўны афіцэр.
— У Лутугіна зусім дрэнна стала. Бамбілі, стралялі. Гарадок апынуўся ў эпіцэнтры баёў. Няма чаго было есьці. Зараз вось — зайшла Нацгвардыя... (трэба сказаць, што «па той бок» нашы войскі часьцей называюць на манер «рускіх СМІ» — Нацгвардыя, не ўнікаючы ў дэталі. Насамрэч Лутугіна заняла 80-я брыгада, дэсантнікі з Львову — В. М.). Вось і вырашыў я «тармазок» завезьці аднапалчаніну. «Тармазок» няхітры: кольца «Кракаўскай», жонка дастала са склепу саленьні — грыбочкі-агурочкі, булачку, яйкі вараныя. Але ўсё гэта баевікам на блёк-пасьце здалося падазроным. Падумалі, што вязу карміць Нацгвардыю. Таму сяджу ўжо чацьвёра сутак.

Шнар Пятровіч сапраўды запрацаваў «на баявых». Але гадоў дваццаць пяць таму. Таварыш таксама баявы — афіцэр-адстаўнік. Так і не дачакаўся ў Лутугіна «Кракаўскай» ад сябра... Сам жа Пятровіч у камэры наагул ня еў, толькі піў ваду.

— Я ў няволі ня ем, — тлумачыў адстаўны афіцэр.

Пятровіча адпусцілі на сёмы дзень. Ровар вярнулі. Толькі хтосьці незразумела чаму зьнявечыў адно з колаў. І накіраваўся Пятровіч пешшу, трымаючыся за руль веліка, у Краснадон. Ад Ровенек туды кілямэтраў пяцьдзясят будзе. Мужык...

Як расказаў Свабодзе сам Валеры Макееў, пытаньнямі абмену і вызваленьня палонных Нацыянальнай гвардыі і добраахвотнікаў ён займаецца ад пачатку ваенных дзеяньняў на мяцежных тэрыторыях. Летась у жніўні адна са спробаў дамовіцца з сэпаратыстамі завяршылася зусім ня так, як прадугледжвалася папярэднімі дамоўленасьцямі: «Узялі ў палон з-за рознагалосьсяў саміх „міратворцаў“: адна група вырашыла так, другая — зусім інакш. Кіраўнікі з таго боку, ад самаабвешчанай ЛНР, запрасілі мяне забраць ваеннапалонных, а іншае падразьдзяленьне захацела гэтаму перашкодзіць, перахапілі — і ў выніку я правёў у палоне наступныя 100 дзён».

Пра месцазнаходжаньне Валера Макеева стала вядома толькі праз паўтара месяца, калі яму ўдалося затэлефанаваць жонцы і паведаміць, што ўтрымліваецца пад Ровенькамі на Луганшчыне. У падвал сьлясарнай майстэрні на плошчу 30 квадратных мэтраў уплішчылі больш за два дзясяткі чалавек. Самога Макеева баевікі абвінавацілі ў «зборы зьвестак пра пазыцыі войскаў ЛНР». Пры канцы лістапада 2014-га быў вызвалены, працягвае займацца вызваленьнем украінскіх палонных з тэрыторый, падкантрольных самаабвешчаным ДНР і ЛНР.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG