Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд падоўжыў тэрмін арышту Алега Сянцова да 15 сьнежня


Алег Сянцоў

Алег Сянцоў

Праваабаронцы лічаць абвінавачаньні, высунутыя супраць украінскага рэжысэра Алега Сянцова, надуманымі і палітычна матываванымі.

Паўночна-Каўкаскі акруговы вайсковы суд у Растове-на-Доне ў Расеі працягнуў да 15 сьнежня арышт украінскага рэжысэра Алега Сянцова, якога расейскія ўлады абвінавачваюць ва ўчыненьні тэрактаў у Крыме.

На папярэднім пасяджэньні суд прызначыў першае слуханьне па сутнасьці на 21 ліпеня.

Алега Сянцова затрымалі супрацоўнікі ФСБ Расеі ў анэксаваным Расеяй Крыме ў траўні 2014 году. Расейскія сьледчыя лічаць, што ён арганізаваў падпалы ў сымфэропальскім аддзяленьні «Адзінай Расеі» і офісе арганізацыі «Руская абшчына». Украінскага рэжысэра таксама абвінавачваюць у падрыхтоўцы выбуху каля помніка Леніна ў Сымфэропалі. У сярэдзіне красавіка яму прад’явілі новае абвінавачаньне — у незаконным захоўваньні зброі.

Па крымінальнай справе, акрамя Сянцова, праходзяць яшчэ трое: Аляксандар Кольчанка, Генадзь Афанасьеў і Аляксей Чырній. Афанасьеў і Чырній раней далі паказаньні і, заключыўшы зьдзелку са сьледзтвам, былі асуджаныя на 7 гадоў пазбаўленьня волі кожны. Кольчанка цяпер знаходзіцца ў маскоўскім СІЗА.

Украіна лічыць затрыманьне ўкраінскага рэжысэра акупацыйнай уладай Крыма незаконным, а справу супраць Сянцова і яго калег — сфабрыкаванай.

XS
SM
MD
LG