Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менск прыехала ацэначная місія БДІПЧ (АБСЭ) вывучаць перадвыбарчую сытуацыю


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

У Менск прыехала ацэначная місія Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) АБСЭ. Цягам трох дзён экспэрты місіі вывучаць перадвыбарчую сытуацыю ў Беларусі. Пасьля гэтага яны вернуцца ў Варшаву, дзе месьціцца галоўны офіс Бюро, і выкажуць свае меркаваньні наконт таго, ці патрэбна накіроўваць назіральнікаў Бюро і Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ на беларускія выбары.

У Менск прыехалі тры экспэрты. Двое прадстаўляюць БДІПЧ, трэці — парлямэнцкую асамблею АБСЭ.

Вывучаць сытуацыю яны пачалі з сустрэчы з кіраўніцтвам Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі. Сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік пасьля размовы з замежнымі экспэртамі сказаў Свабодзе:

«Мы праінфармавалі іх, якая праца вядзецца цяпер у рамках выбарчай кампаніі. Яна праходзіць у адпаведнасьці з каляндарным плянам. Госьці падзякавалі за тое, што БДІПЧ АБСЭ і Парлямэнцкая асамблея АБСЭ запрошаныя ўдзельнічаць у назіраньні за выбарамі ў Беларусі. Яны задалі цэлы шэраг пытаньняў, якія тычацца асобных нюансаў правядзеньня выбараў».

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

Патэнцыйныя кандыдаты на прэзыдэнта па-рознаму ставяцца да накіраваньня ў Беларусь назіральнікаў Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека. Так, лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька сказаў Свабодзе, што сваё нэгатыўнае меркаваньне наконт прыезду ў Беларусь назіральнікаў БДІПЧ ён абавязкова выкажа прадстаўнікам ацэначнай місіі падчас сустрэчы зь імі ў чацьвер, 16 ліпеня.

Паводле апазыцыйнага палітыка, Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека яшчэ не прыняло канчатковага рашэньня, прысылаць у Беларусь місію назіральнікаў ці не. З гэтай нагоды Лябедзька кажа:

«Сёньня я і мая каманда схіляемся да таго, каб хутчэй сказаць ім „не“, чым „так“».

На пытаньне Свабоды, чаму ён так адмоўна ставіцца да прыезду назіральнікаў, спадар Лябедзька адказаў коратка:

«Таму што беларускія ўлады ня выканалі свае абавязаньні. Яны адмовіліся мяняць і само заканадаўства, і правапрымяняльную практыку. Такі шанец у іх быў у красавіку. Але яны дэманстратыўна ня выкарысталі такую магчымасьць».

Віктар Цярэшчанка

Віктар Цярэшчанка

А вось патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнта Віктар Цярэшчанка лічыць. што каманда БДІПЧ абавязкова павінна назіраць за выбарамі непасрэдна ў Беларусі:

«Я адназначна заяўляю: роля місіі БДІПЧ надзвычай важная. Нам усім трэба зразумець — зьмяненьні ў Выбарчы кодэкс ня будуць рэвалюцыйнымі. Думаю, гэта адбудзецца, калі пройдзе гадоў 10–15. Можа, крыху меней. А можа, і крыху болей. Але пераход да дэмакратычных выбараў будзе толькі паступовы.

Таму назіраньне за сёлетнімі выбарамі з боку БДІПЧ — карысная справа. Нават для выканаўчай улады. Той кантакт, які экспэрты будуць мець з выбарчымі камісіямі, з кандыдатамі на прэзыдэнта, безумоўна, дасьць штуршок для далейшага прагрэсу. Адназначна.

Уявіце, што мы скажам місіі БДІПЧ „не“. І што з гэтага? Лукашэнка як быў кіраўніком дзяржавы, так ім і застанецца».

XS
SM
MD
LG