Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт ЗША абмеркаваў Украіну з сусьветнымі лідэрамі. Іх пазыцыі нязьменныя


Сусьветныя лідэры выказваюць глыбокую заклапочанасьць парушэньнем Расеяй міжнароднага права і пацьвярджаюць падтрымку сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Украіны.

Пра гэта гаворыцца ў заяве прэс-службы Белага дому пра вынікі тэлефонных размоваў прэзыдэнта ЗША Барака Абамы з прэм’ер-міністрам Вялікабрытаніі Дэвідам Кэмэранам, прэзыдэнтам Францыі Франсуа Аляндам, прэм’ер-міністрам Італіі Матэа Рэнцы.

«Сусьветныя лідэры далі ясна зразумець, што працяг парушэньняў Расеяй міжнароднага права ізалюе яе ад міжнароднай супольнасьці», — гаворыцца ў заяве.

Абама таксама правёў сумесную тэлефонную канфэрэнцыю з прэзыдэнтам Латвіі Андрысам Берзіншам, прэзыдэнтам Літвы Даляй Грыбаўскайтэ, прэзыдэнтам Эстоніі Томасам Ільвесам. Прэзідэнт пацьвердзіў прыхільнасьць ЗША да абароны сваіх саюзьнікаў у межах Паўночнаатлянтычнай дамовы. З боку кіраўнікоў Балтыйскіх краінаў была выказана падзяка за дадатковую падтрымку спэцыяльнай місіі супрацьпаветранай абароны НАТА па назіраньні за паветранай прасторай краінаў Балтыі.

Лідэры сышліся ў меркаваньні аб патрабаваньні да Расеі вывесьці свае войскі назад у базы, дапусьціць міжнародных назіральнікаў і праваабаронцаў на Крымскі паўвостраў і хутка дамовіцца аб фармаваньні кантактнай групы, якой будзе даручана весьці дыялёг паміж Украінай і Расеяй для дээскаляцыі сытуацыі і аднаўленьня тэрытарыяльнай цэласнасьці і сувэрэнітэту Ўкраіны.

Кіраўнікі саюзных дзяржаваў адкінулі Прапанаваны рэфэрэндум у Крыме як парушэньне канстытуцыі Ўкраіны і падкрэсьлілі, што ўсе рашэньні адносна Крыму павінны ўзгадняцца з урадам у Кіеве.
XS
SM
MD
LG