Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сераду, 25 лютага, завяршаецца пазачарговая сэсія Палаты прадстаўнікоў. Дэпутаты разгледзяць праграму дзеяньняў беларускага ўраду. Яе прадставіць старшыня Савету міністраў Андрэй Кабякоў, згоду на прызначэньне якога дэпутаты далі на пачатку пазачарговай сэсіі.

Новаму ўраду і ягонаму кіраўніку Аляксандар Лукашэнка раздаў авансы 27 сьнежня 2014 году, калі рабіў кадравыя зьмены. Ён заявіў, што найперш чакае ад новага ўраду «добрага старту і прарыўных ідэяў»:

«Ва ўрад накіраваныя людзі рашучыя, дасьведчаныя, прагматычныя, якія добра ведаюць праблемы і ідуць ад жыцьця. Таму чакаю ад вас канструктыўных прарыўных ідэяў для падвышэньня эфэктыўнасьці нашай эканомікі. Вы — штаб па вызначэньні мэтадаў і шляхоў дасягненьня ўстойлівага, збалянсаванага разьвіцьця беларускай эканомікі і падвышэньня дабрабыту народу».

Кіраўнік дзяржавы таксама падкрэсьліў, што ў 2015 годзе трэба «трымаць адказны экзамэн перад народам»:

«Многае залежыць ад вас, ад уменьня мабілізаваць усе рэсурсы на дасягненьне пастаўленых мэтаў. Усе павінны працаваць так, каб народ нас не папракаў па ніводнай сур’ёзнай праблеме».

Гэтыя задачы новы ўрад будзе спрабаваць вырашыць старымі спосабамі — упэўнены незалежны эканаміст Міхась Залескі:

Міхась Залескі

Міхась Залескі

«Заўсёды добра займаць высокую пасаду ў добры час. Калі ўсё на ўздыме, калі ўсё рунее, квітнее і пышнее. А тут бяда насоўваецца. Яна насоўваецца з Усходу, таму што наш галоўны эканамічны партнэр увязаўся ў вайну. Відаць, у непасільную па ўсіх для яго паказьніках. Адсюль — і мы цярпім. Але працягваем увязвацца ў гэтае партнэрства далей.

Таму перад нашым урадам Лукашэнкам пастаўленая задача — не абваліцца і прывесьці да чарговых выбараў Лукашэнкі краіну ў таварным стане. Каб выбарцы прагаласавалі за яго і радасна чакалі, калі ён будзе адбываць свой наступны тэрмін.

Таму з боку ўраду будуць прапанаваныя меры ашчаднасьці, эканоміі, адміністратыўныя меры інтэнсыфікацыі. Нічога новага савецкія кіраўнікі прапанаваць ня могуць. Будзе сказана, што трэба стварыць напружаньне ў працоўных калектывах, мабілізавацца. То бок тое, чым мы займаемся з 1917 году».

Прызначаючы новы ўрад, Лукашэнка не даваў яму часу на раскачку:

«Скажу наўпрост: часу на раскачку няма. Абноўлены ўрад мусіць узяць добры старт зь першых дзён сваёй працы».

Аднак афіцыйная статыстыка сьведчыць — старт урад Кабякова праваліў.

Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі правёў першую ацэнку валавога ўнутранага прадукту (ВУП) краіны ў 2015 годзе. Паводле афіцыйнай статыстыкі, аб’ём ВУП у студзені сёлета на 0,4% меншы параўнальна з тым жа пэрыядам летась.

«Гэта яшчэ мала — 0,4%», — лічыць кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук:

Яраслаў Раманчук

Яраслаў Раманчук

«Да гэтага трэба дадаць яшчэ на 4 трыльёны рублёў прадукцыі, якая не рэалізуецца, а папоўніла складзкія запасы. Таксама ўзрасла запазычанасьць суб’ектаў гаспадараньня.

Гэта сьведчыць пра тое, што прынцыпова ў нас у 2015 годзе нічога не зьмянілася. Усё тая ж інэрцыя, ніякіх прынцыповых зьменаў няма. Як няма і адэкватнай рэакцыі на выклікі з боку Расеі.

Твары і на чале ўраду, і ў прэзыдэнцкай адміністрацыі, і ў Нацыянальным банку — новыя. Але, на жаль, якаснага прарыву ў эканамічнай палітыцы мы ня бачым».

XS
SM
MD
LG