Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Туркмэністане затрыманы і зьбіты карэспандэнт Радыё Свабода


Худайбэрды Алашаў
Худайбэрды Алашаў

Карэспандэнт Радыё Свабода ў Туркмэністане Худайбэрды Алашаў быў затрыманы паліцыяй у Конеургенцкім раёне Дашагускай вобласьці.

«Позна ўвечары 3 сьнежня супрацоўнікі паліцыі прыйшлі да Худайбэрды дадому, абвінавацілі ў захоўваньні тытуню насвай і пачалі здымаць на камэру канфіскацыю, а затым забралі яго ў паліцэйскі ўчастак», — распавёў адзін са сьведкаў здарэньня.

Разам з 27-гадовым Алашавым былі затрыманыя яго маці і жонка. Пазьней жонку адпусьцілі, потым празь некалькі гадзін затрымалі паўторна.

Некалькі пакуначкаў насваю, выяўленыя дома ў карэспандэнта, набыла напярэдадні яго жонка. Але паліцыя абвінавачвае Алашава ў захоўваньні 11 кіляграмаў рэчыва.

Сьведкі заяўляюць, што абвінавачаньні ілжывыя, і паведамляюць, што ў аддзяленьні паліцыі Худайбэрды Алашава жорстка зьбілі і ўжылі да яго электрашок, пасьля чаго прымусілі прызнаць сябе вінаватым.

Тое, што на целе журналіста ёсьць шматлікія сьляды жорсткага зьбіцьця, пацьвердзіў яшчэ адзін сьведка, які бачыў карэспандэнта пасьля затрыманьня.

Алашаў пачаў супрацоўнічаць з Радыё Свабода ў кастрычніку сёлета. Пад псэўданімам Мэкан Ташліеў ён распавядаў аб выкарыстаньні прымусовай працы пры зборы бавоўны, недахопе харчаваньня ў рэгіёне, затрымцы заработнай платы.

Радыё Свабода лічыць, што арышт і абвінавачаньні супраць Алашава наўпрост зьвязаныя зь яго прафэсійнай дзейнасьцю.

«Мы лічым, што гэтыя абвінавачаньні зьяўляюцца часткай кампаніі, накіраванай на тое, каб прымусіць замаўчаць Туркмэнскую службу і запалохаць туркмэнскі народ. Нашых карэспандэнтаў арыштоўвалі, ізалявалі, зьбівалі, дапытвалі, адвольна заключалі пад варту, і ў нас ёсьць падставы лічыць, што іх катавалі. Мы лічым, што туркмэнскія ўлады адказныя за гэта», — заявіў у сувязі з затрыманьнем прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Томас Кент.

Цягам апошніх гадоў у Туркмэністане і сумежных азіяцкіх краінах узмацніўся перасьлед карэспандэнтаў Радыё Свабода.

На журналістку Салтан Ачылаву (67 гадоў) на працягу аднаго месяца тройчы нападалі. Пасьля першага нападу ёй адключылі інтэрнэт і тэлефон. Ачылава дагэтуль застаецца бяз сродкаў камунікацыі.

Журналіст Сапармамэт Нэпэскуліеў (37 гадоў) летам 2015 году быў затрыманы і асуджаны на тры гады паводле абвінавачаньня ў захоўваньні забароненых лекавых сродкаў. Яго лёс застаецца да гэтага часу невядомым.

У 2006 годзе карэспандэнт Радыё Свабода Агулсапар Мурадава загінула ў зьняволеньні. Абставіны яе сьмерці ня высьветлены да гэтага часу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG