Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы год бяз чаркі і дозы, — сьвята як тэрапія ў рэабілітацыйным цэнтры наркаманаў


У рэабілітацыйным Цэнтры здаровай моладзі для нарка- і алькалягічных залежных (ЦЗМ), што ў Аксакаўшчыне пад Менскам, рыхтуюцца сустрэць Новы год.

Цэнтар здаровай моладзі ў Аксакаўшчыне
Цэнтар здаровай моладзі ў Аксакаўшчыне

У падрыхтоўцы сьвяточнай праграмы бяруць удзел як самі рэабілітанты, так і супрацоўнікі цэнтру, большасьць зь якіх у мінулым таксама мела вялікія праблемы з залежнасьцю... Разам пішуць сцэнар, упрыгожваюць елку, рыхтуюць сьвяточны стол. Будуць конкурсы, сьпевы, танцы. Усё, як у звычайных лягерах, толькі, зразумела, бяз дозаў, бяз чарак (зь любым, нават самым «нявінным» напоем) ды без тытуню. Абавязковы для цэнтру распарадак у сьвяточныя дні мяняецца неістотна. У навагоднюю ноч, зразумела, будзе больш позьні адыход да сну. А так усё, як заўсёды — падʼём, зарадка, хатняя праца, групавыя размовы, ранішняя ды вечаровая хрысьціянская малітва «Ойча наш». Духоўная частка абавязковая, але ўсё без фанатызму. ЦЗМ ня сэкта.

Першы Новы год пасьля дзяцінства

Новы год разам зь беларускімі рэабілітантамі сёлета сустракаюць хлопцы з Растова-на-Доне ды Баку. Падобныя цэнтры здаровай моладзі, у аснове якіх ляжыць 12-крокавая праграма пераадоленьня залежнасьці, ёсьць у Беларусі (Менск, Гомель, Берасьце), а таксама ў іншых краінах. Цэнтры каапэруюцца паміж сабой, бо ў найбольш складаных выпадках людзям з залежнасьцю раяць праходзіць рэабілітацыю як мага далей ад дому.

Хлопец з Растова кажа, што Менск — гэта ня першая ягоная рэабілітацыйная спроба. Спрабаваў праходзіць падобныя праграмы і ў сябе дома, і недзе ў Эўропе. Не атрымалася. Там з набыцьцём наркотыкаў куды прасьцей. Ды і пакараньне не такое жорсткае, як у Беларусі. У родным Растове ўсё вырашаюць грошы. Заплаціў паліцыі, і ніхто цябе не пасадзіць. Як і ў іншых падобных рэабілітацыйных цэнтрах, большасьць рэабілітантаў захоўваюць сваю ананімнасьць. Калі фатаграфуюцца, то гэта пераважна далёкія пляны, дзе пазнаць чалавека цяжка. Ёсьць, аднак, і тыя, хто сьвядома называе сваё імя, расказвае асабістую гісторыю ды дазваляе рабіць здымкі.

Хлопец гадоў да 20 паведаміў, што гэта першая ягоная сапраўдная сустрэча Новага году пасьля дзяцінства. Калі падсеў на наркотыкі, сьвята ўвогуле ўспрымаў, як чарговы віток Зямлі вакол Сонца, уся пераднавагодняя мітусьня толькі раздражняла... Вось цяпер, рыхтуючыся разам зь іншымі да сьвяткаваньня, чамусьці ўспомніў свае дзіцячыя адчуваньні чаканьня гэтай ночы.

«Далёка ня ўсе нашы насельнікі маюць у гэтыя дні сьвяточны настрой, — кажа Алена, дырэктарка фонду ЦЗМ у Беларусі, псыхоляг з адукацыі, а ў мінулым цяжка залежная ад псыхатропных наркотыкаў, — Рэабілітацыя, якая выстаўляе чалавеку шмат абмежаваньняў, праходзіць у кожнага па-рознаму. Далёка ня ўсе гатовыя адмовіцца ад сваёй звычкі. Напрыклад, трапляюць да нас людзі ў сувязі з так званым матывацыйным крызысам — гэта калі ў чалавека ня ладзіцца нічога, паўстаюць праблемы з законам, з аплатай пазыкаў ды крэдытаў, з абставінамі ў сямʼі... Такія ў глыбіні душы лічаць, што ўсе беды — ад некантраляванага ўжываньня, і калі ўдасца перайсьці на малую дозу, то ўсе пойдзе добра ды вернецца да ранейшага. Таму і здараецца, што чалавек не вытрымлівае поўнага рэабілітацыйнага курсу працягласьцю шэсьць месяцаў. Адны ўцякаюць, іншых за парушэньне дысцыпліны выключаем з праграмы. Але гэта, на жаль, звычайныя паводзіны залежных людзей. Калі чалавек вяртаецца да нас, мы прымаем яго».

Сама Алена цьвярозая, як тут кажуць, каля трох гадоў. З гледзішча псыхолягаў, тры гады адмовы — той тэрмін, калі настае больш-менш устойлівая рэмісія. Але быць напагатове наркаману ці алькаголіку, як і любому хранічнаму хвораму, трэба заўсёды — і празь пяць, дзесяць і болей гадоў устрыманьня могуць быць рэцыдывы. Самы ж складаны пачатковы пэрыяд — трэці, шосты, дзявяты месяц пасьля адмовы.

Гісторыя Тараса і спайсаў

21-гадовы Тарас у цэнтры паўгода. Адыходзячы год, кажа ён, быў вельмі цяжкім, але разам з тым лепшым за папярэднія гадоў пяць. З будучым 2017-м хлопец зьвязвае вялікія надзеі. Хацеў бы, каб суд працягнуў яму дазвол праходзіць хатнюю хімію і пасьля рэабілітацыі. Тарас асуджаны на тры гады. Тут, у ЦЗМ, ён хоча атрымаць курс рэсацыялізацыі і папрацаваць у Аксакаўшчыне валянтэрам.

Тарас шчыра расказвае аб праблемах, якія напаткалі яго: пра тое, што на міксах, спайсах ды солях ён ужо гадоў пяць (падсеў на іх у каледжы), што дзякуй Богу, гэтая дрэнь менш паўплывала на ягоныя разумовыя здольнасьці, аднак у яго здарыўся псарыяз (у цэнтар прыйшоў амаль без валасоў, цяпер засталося толькі некалькі невялікіх пралысінаў). Тарас ня супраць, каб яго фатаграфавалі. Спадзяецца, што, магчыма, ягоная гісторыя дапаможа іншым.

Тарас кажа, што яму вельмі пашанцавала з выракам, што судзьдзя ўвайшоў у сытуацыю і прызначыў такое мяккае пакараньне. Перад тым, як хлопца затрымалі, ён нюхаў ды курыў штодня з інтэрвалам недзе ў тры гадзіны. На апошнюю закладку пайшоў разам зь сябрам. Адразу ж накурыліся ды ў неадэкватным стане былі затрыманыя міліцыяй. Усе чакалі, што атрымае гадоў пяць-восем турэмнага зьняволеньня. Бацькі, якія змагаліся за сына як маглі (адсылалі яго ў іншую краіну, накіроўвалі ў войска, уладкоўвалі на працу, лячылі ў «наркалягічках» і Навінках), нават звыкліся з тым, што іншага выйсьця, акрамя турмы, няма. Сам Тарас вельмі баяўся трапіць за краты, лічыў, што гэта ягоны канец. Аднак перад судом — яго не трымалі пад вартай — імкнуўся нанюхацца і накурыцца да такой ступені, каб не вяртацца ў рэальнасьць. Калі цьверазеў, да яго вярталіся адчай, самота, трывога... Апошнім часам многіх ягоных равесьнікаў сталі саджаць на 16, 20, 25 гадоў. Але... каб жа такія прыклады некага вучылі! Наркаманаў менш ня стала, ды і гандляроў таксама. Цяпер атрута прадаецца тонамі, прычым, пасьля забароны многіх рэчываў, у міксы кладуць невядома што, канцэнтрацыя атруты стала разоў у пяць большай. Дылерам жа пляваць, што ад гэтага нехта можа сканаць.

Тым ня менш пэрспэктыва турмы стала для хлопца пэўным штуршком. Бо ўсе папярэднія захады з боку бацькоў ня дзейнічалі. Часам іхная апека толькі шкодзіла. Нішто чалавека не прымусіць кінуць, пакуль ён сам гэтага не пажадае, перакананы хлопец.

Тарас хоча ў будучыні мець спэцыяльнасьць, зьвязаную з дапамогай залежным, трывала стаяць на нагах, а калі ягоныя бацькі састарэюць, дапамагаць ім, як яны яму цяпер.

Заняткі ў групе
Заняткі ў групе

Пра дзяўчыну Тарас пакуль ня думае. Праграма ня раіць сваім рэабілітантам заводзіць стасункі раней як праз год падобнай тэрапіі. «Цяпер такі час, калі пачуцьці абвастрыліся і на любую сытуацыю рэагуеш няпроста. Я магу расплакацца праз дробязь і наадварот, калі людзі сьмяюцца, рагатаць да гістэрыкі».

На кухні рэабілітацыйнага цэнтру
На кухні рэабілітацыйнага цэнтру

Устрыманьні ў сэксе, пахах і нават музыцы

Сэксуальнае ўстрыманьне — гэта адно з правілаў праграмы ЦЗМ. Рэабілітанты мусяць пазьбягаць правакацыйных паводзінаў ды адзеньня, Таксама забараняюцца літаратура ды фільмы парнаграфічнага зьместу. Існуюць і іншыя забароны.

Найперш гэта тычыцца наркотыкаў ды алькаголю, а таксама тытуню. Яшчэ трэба ўстрымацца ад усяго, што нэўтралізуе пах тытуню — мятных цукерак, асобных спэцыяў і г.д. Вельмі істотна, што разам з гэтым правілам дзейнічае і правіла поўнай адмовы ад прыгадваньня свайго нецьвярозага мінулага. Раяць ня толькі не ўспамінаць яго, але нават ня слухаць музыку, якую яны слухалі раней, не абмяркоўваць старых знаёмых зь нецьвярозага жыцьця, адмовіцца ад адзеньня, якое насіў, калі ўжываў наркотыкі або алькаголь.

У пакоі
У пакоі

Сярод іншых правілаў — правіла адмовы ад агрэсіі. Як фізычнай, так і вэрбальнай. Забарона мату ды любой іншай лаянкі; таго, што можа пакрыўдзіць іншых.

У мэтах бясьпекі кожнага рэабілітанта просяць паведамляць супрацоўнікам пра розныя парушэньні і зьвяртацца па дапамогу, калі нехта сябе кепска адчувае.

Таксама кожны павінен быць гатовым выслухоўваць усе заўвагі ў свой адрас, адклікацца на просьбы аб дапамозе, беражліва ставіцца да дома, у якім яны цяпер жывуць, і да ўсяго навакольнага, слухацца ды падпарадкоўвацца суполцы, не пакідаць тэрыторыі цэнтру рэабілітацыі без ўзгадненьня з групай і кіраўніцтвам.

Сацыяльным сувязям трэба вучыцца наноў

Уладзімеру за 30. Як і Тарас, ён асуджаны на хатнюю хімію. Яшчэ гады два з паловай таму (столькі часу ён у адмове) ён нават і ўявіць сабе ня мог, што сёлета пойдзе завочна вучыцца ў БДУ на спэцыяльнасьць «сацыяльна-культурныя камунікацыі», што да яго праз 20 гадоў дэградацыі вернецца цікавасьць да чытаньня, што ён сваёй працай (старэйшы кансультант ДЗМ у Аксакаўшчыне ў пытаньнях хімічнай залежнасьці) пачне дапамагаць іншым, а таксама займее свой кут у арэндаванай рэабілітацыйным цэнтрам кватэры.

«Калі б вы бачылі, якім я прыйшоў у цэнтар, — кажа Уладзімер, — вы б ніколі не паверылі, што я ў свой час скончыў школу з залатым мэдалём, што ў мяне была вельмі добрая ды адукаваная сямʼя. Хоць мой сыход у наркотыкі быў менавіта пратэстам супраць таго, што бацькі ўсё вырашалі за мяне і жадалі, каб я дзейнічаў паводле іхнага сцэнару». Уладзімер паходзіць з Заходняй Беларусі. Ягоны родны гарадок меў добрую славу за польскім часам, тут вельмі прыемна было жыць ды працаваць і ў больш позьнія часы. «Калі б вы бачылі, што там цяпер. Там ужываюць усё — гарэлку, наркотыкі, жудасны самагон. Такое адчуваньне, што насельніцтва цалкам дэградавала».

Вучымся камунікаваць ды выказваць пачуцьці
Вучымся камунікаваць ды выказваць пачуцьці

Уладзімер, спасылаючыся на ўласны досьвед кажа, што людзі, якія вызваляюцца ад залежнасьці, шмат чаму вучацца наноў. Найперш сацыяльным сувязям. Як трэба нармальна размаўляць зь іншымі, праяўляць свае пачуцьці, у тым ліку павагу ды сымпатыю. Такія трэнінгі для пачаткоўцаў вядуць кансультанты з былых залежных.

Сябры, зь якімі ён пачынаў, альбо за кратамі, альбо на могілках

...Кансультанту цэнтру прафіляктыкі ад хімічнай залежнасьці Аляксандру — 46. Выглядае молада, інтэлігентна і адначасова вельмі спартыўна. У мінулым мае чатыры судзімасьці. За кратамі ўсяго правёў 17 гадоў. Упершыню паспытаў наркотык (опіюмны) у калёніі ў Воршы, потым калоўся і на волі, і ў іншых папраўчых установах ды СІЗА. Пасьля вызваленьня з апошняй адседкі падсеў на спайсы ды солі. Цьвярозы два з паловай гады. 2016-ты для Аляксандра стаў самым шчасьлівым годам. Упершыню стаў мужам ды бацькам. Кажа, што вельмі ўдзячны сваёй жонцы, якая прыняла яго такім, які ёсьць. Дарэчы, яе ён таксама сустрэў на пачатку адыходзячага году. Калі Аляксандар расказвае пра гэтыя падзеі, у яго пачынае дрыжэць голас і выступаць на вачох сьлёзы. «Гэта ад радасьці, — кажа ён. — Мае блізкія кажуць, за апошнія гады я моцна зьмяніўся. Нейкая іншая аўра, раней жа ў маёй прысутнасьці ім было вельмі цяжка знаходзіцца. Паверце, гэта дзякуючы рэабілітацыі».

Паводле Аляксандра, ён ня раз спрабаваў пазбавіцца ад залежнасьці, лічыў, што можа вырашыць праблему самастойна, аднак нічога з гэтага не атрымлівалася...

Што кажуць пра нас нашы малюнкі
Што кажуць пра нас нашы малюнкі

«Тады я знарок пачаў наведваць псыхолягаў, тэрапэўтаў, каб тыя патлумачылі мне, як яны дзейнічаюць. Нягледзячы на залежнасьць, я ня стаў дэбілам, мой бізнэс — рамонт ды пракат аўтамабіляў — ішоў няблага. Мне тлумачылі, што я мушу працяглы час працаваць над сабой, над сваімі пачуцьцямі. Паспрабаваў працаваць, але зноў сарваўся, бо як трэба не зразумеў той мэтодыкі. Ізноў прыйшоў да спэцыялістаў, узьняўшы рукі ды цалкам прызнаўшы сваю паразу, сказаў, што гатовы рабіць усё, што яны мне скажуць. Прапанавалі рэабілітацыю ў розных гарадах. Параілі, што ў маім выпадку найлепшы той, што далей ад дому. Рэабілітацыя праходзіла вельмі цяжка. Да наркаты цягнула вельмі моцна. Пры мне былі хлопцы, якія зрываліся, недзе знаходзілі рэчыва. Але, працьверазеўшы, прыходзілі назад у цэнтар, прасілі ім дараваць. Ім даравалі. Падобныя рэцыдывы здараюцца ў большасьці. У цэнтры я прабыў год. Месяцы на восьмым больш-менш навучыўся спраўляцца з гэтай цягай. Зразумела, у мяне было ня толькі залежнае, але і крымінальнае мысьленьне, што ў выніку ўдалося пераўтварыць ў мысьленьне здаровае. Чаму гэта ўдалося? Убачыў хваробу ў сабе, адказаў на галоўнае пытаньне, навошта я ўжываю гэтую дрэнь. Сваю ўласную прычыну агучваць не хачу. Самая ж тыповая прычына, характэрная для большасьці, — сэксуальная залежнасьць. Наркотыкі, асабліва міксы, стымулююць гэта. Чалавек пускаецца ва ўсе цяжкія, і гэта, паверце, атручвае душу, ты знутры напаўняесься брудам. Я і сам не бяз гэтай праблемы.

Аляксандар кажа, што сябры, зь якімі ён пачынаў, сёньня альбо за кратамі, альбо на могілках. Тое ж кажа і Ўладзімер, якому за 30, і дваццацігадовы Тарас... Наркаманія маладзее. У цэнтар сёньня прыходзяць зусім юныя, «да шаснаццаці».

Бацькі ня рады, калі дзеці просяцца дадому

Напярэдадні Новага году ў ЦЗМ, але ўжо ў Менску, адбываецца штотыднёвая сустрэча сваякоў залежных, якія цяпер праходзяць рэабілітацыю ў Аксакаўшчыне і ня толькі. Тут перадсьвяточны настрой куды больш сумны. Бацькі расказваюць, што падчас апошніх тэлефанаваньняў (яны дазволеныя толькі раз на тыдзень) дзеці вельмі прасіліся дадому. А гэта ня надта добры знак — рэабілітацыя даецца цяжка.

Маці 26-гадовага спайсавага наркамана прыгадвае, як аднойчы паддалася на просьбы сына, той прыехаў нібыта ўсяго на пару дзён, толькі сустрэць Новы год, а ў выніку зьнік больш чым на месяц. Зразумела, сарваўся. Рэабілітацыя была спыненая. Другім разам хлопец уцёк ужо зь іншага цэнтру. Цяпер ізноў у ЦЗМ.

Дзеля таго, каб сын змог пазбавіцца ад залежнасьці, сямʼя памяняла трохпакаёвую кватэру на двухпакаёвую, а потым «двушку» на «аднушку».

Дзеля таго, каб сын змог пазбавіцца ад залежнасьці, сямʼя памяняла трохпакаёвую кватэру на двухпакаёвую, а потым «двушку» на «аднушку». Апошняя рэабілітацыя, аднак, радуе. Сын піша, што яму стала цікава вучыцца: ён аднавіўся ва ўнівэрсытэце. Адзіная праблема — з працаўладкаваньнем. Каму патрэбен чалавек з адпаведным запісам у працоўнай кніжцы, вайсковым білеце ды пад міліцэйскім наглядам (хлопец ня так даўно вызваліўся з калёніі).

Кансультант у пытаньні прафіляктыкі хімічнай залежнасьці Фёдар у мінулым наркаман з 10-гадовым стажам. У адмове больш за два гады. Сам прайшоў рэабілітацыю ў ЦЗМ. Сёлета паступіў ва ўнівэрсытэт, каб атрымаць прафэсію псыхоляга. Фёдар кажа, што часам з сузалежнымі працаваць цяжэй, чым з залежнымі. Гэта больш закрыты тып. У старэйшага пакаленьня традыцыйна не прынята выносіць сьмецьце з хаты. Калі ў сямʼі такая бяда, людзі саромеюцца пра яе гаварыць. У сябе дома яны могуць скандаліць, крычаць: «Наркаман! Алькаголік!», а вось у размове з суседзямі скажуць: «У нас праблемаў няма». І пры гэтым апякуюцца «дзіцем». Выцягваюць яго зь міліцыі, уладкоўваць у розныя клінікі, у тым ліку і замежныя... Бацькі абмяжоўваюць сябе ва ўсім — ежы, захапленьнях, адпачынку. Сваімі шматлікімі спробамі выратаваць яны шкодзяць, пазбаўляючы залежнага магчымасьці выратавацца самому. Як вынікае з апошніх дасьледаваньняў, у 70% выпадках вяртаньне асобы да наркотыкаў ды алькаголю ўскосна зьвязанае з дэструктыўнымі стасункамі ў сямʼі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG