Шматдзетная сям’я Мартэнс, якая пераехала ў Расею з прычыны абавязковага ўроку сэкс-адукацыі ў нямецкай школе, вярнулася ў Нямеччыну, паведамляе новасібірскі партал VN.ru.
Муж і жонка Мартэнс не распавялі журналістам пра прычыны свайго вяртаньня. Яны вылецелі з аэрапорту Новасібірску 24 лютага.
Ойген (Яўген) і Люіза Мартэнс разам зь дзесяцьцю дзецьмі пераехалі ў Расею праз праграму перасяленьня суайчыньнікаў. У Нямеччыне бацьку не задаволілі ўрокі сэксуальнай адукацыі ў школе — ён адмовіўся плаціць штраф за тое, што яго дзеці не наведвалі гэтыя заняткі. Пасьля гэтага яго арыштавалі на суткі.
Сям’я Мартэнс была пасялілася ў сяле Кыштоўка Новасібірскай вобласьці. Мартэнсы зьбіраліся заняцца там фэрмэрствам.