Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая справа выклікана вулічнай актыўнасьцю анархістаў, — Францкевіч


Аляксандар Францкевіч

Аляксандар Францкевіч

Пра новую крымінальную справу супраць прадстаўнікоў анархісцкага руху актывісты даведаліся дзякуючы чалавеку, якога выклікалі на допыт як сьведку.

Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміў былы палітвязень Аляксандар Францкевіч.

Справа пачатая за абразу судзьдзі Ленінскага раёну Менску Андрэя Камушкіна. Тое, што такая справа ўзбуджаная, карэспандэнту Свабоды пацьвердзіў прадстаўнік Сьледчага камітэту па Менску Аляксандар Герасімаў, аднак яе падрабязнасьці падаць ён адмовіўся. У судзе паведамілі, што і судзьдзя Камушкін, і ягоны сакратар цяпер у адпачынку.

«Новая справа выклікана вулічнай актыўнасьцю анархістаў. Думалі здушыць рух арыштамі на суткі — не дапамагло. Цяпер вырашылі браць крымінальнымі справамі. Спачатку многіх затрыманых пасьля акцыяў каля РУУС дапытвалі апэратыўнікі, відаць, тады яны сур’ёзна капалі. Цяпер, калі гэтым займаецца Сьледчы камітэт, то яны могуць як проста напоўніць справу бессэнсоўнымі паперкамі, так і рыхтавацца да шырокамаштабных рэпрэсіяў», — адзначыў Аляксандар Францкевіч.

Увечары 29 студзеня ў Менску прайшлі адразу тры акцыі салідарнасьці з арыштаванымі анархістамі.

Адна з акцыяў прайшла ў двары дома, дзе жыве судзьдзя Камушкін, які, паводле праваабаронцаў, асудзіў актывістаў анархісцкага руху ў агульнай складанасьці на 65 сутак арышту. Пад’езды і бліжэйшыя машыны былі абвешаны ўлёткамі, якія абвяшчалі судзьдзю «ў вышук за вынясеньне несправядлівых прысудаў».

XS
SM
MD
LG