Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Маё цела — мая справа», ці нежаданыя дарослыя


Алена Германовіч
Алена Германовіч

Зноў сваркі і бойкі ў сацыяльных сетках. З-за праекту закону ў суседняй краіне аб поўнай забароне абортаў. «Ты — за забарону абортаў ці супраць?» — во такое пытаньне зьмяніла «Чый Крым?». Тое ўжо надакучыла, ужо разабраліся і выпілілі зь сяброў «чужых». Выдатная рэч — сацыяльныя сеткі. Раней перамагаў той, хто больш разумны ці загартаваны фізычна: надаваў кухталёў, ды і ўсе аргумэнты. Зараз пстрыкнуў «Выдаліць са сьпісу сяброў» — і адкінуўся на фатэль задаволены, хліснуў кавы ці піва і дадаў сабе замест няправільных правільных людзей.

Ня буду кідацца патасам і спрабаваць ахапіць сусьвет сваімі кволымі ручкамі цудам выжыўшага эмбрыёна. Спынюся на двух момантах.

«Маё цела — мая справа»

Такім лёзунгам кіруюцца тыя, хто хоча «мець выбар» — пакінуць жыцьцё ці забіць ненавіснага «эмбрыёна». Вернемся да пачатку нашага цела, якое, прабачце, сьмярдзела б, каб маці, бацька, ці якія яшчэ «законныя прадстаўнікі» ня мылі ды не даглядалі і не кармілі тыя нашы дзіцячыя тры, пяць, пятнаццаць кіляграмаў. Тады гэта была яшчэ ня «наша справа». У пачатку. І ці мог хоць хто з нас выбраць, якое хочам цела — мужчынскае ці жаночае, з рудымі ці чорнымі валасамі, з доўгім ці кірпатым носам? Рост, вага, колер скуры? Што далі, тое і носім!

Ды што там, не пасьпеюць табе «уключыць сьвятло», як чужыя дзядзькі ці цёткі пачынаюць біць цябе па задняй частцы — каб закрычаў, падаў знак, што ага, жывы. І заўважце — ніхто і ня пікнуў «Маё цела — мая справа». Некаторыя маюць адну нагу карацейшую за другую, і нічога — ці выпраўляюць гэта, ці так і пакутуюць. Ці не пакутуюць.

«Маё цела — мая справа»? А зубы? Я вось іду да стаматоляга, і як толькі пераступаю парог кабінэту — ужо не магу крычаць «Маё цела — мая справа», калі ён хапаецца за сьвярдзёлак ці абцугі ці што там яшчэ сучасна-нова-нана-моднае, і робіць там у ротавай поласьці што яму ў галаву ўзбрыдзе, задавальняе ўсе свае стаматалягічныя фантазіі! А хірургічныя апэрацыі? Як бы мы не бераглі і не шанавалі «маё цела — мая справа», але прыходзіць час, калі трэба дарагое сваё яго аддаць незнаёмаму хірургу, і ён будзе рэзаць цябе, пілаваць, сьвідраваць у чэрапе тваім дзіркі, мацаць кішкі і пячонку рукамі, і можа нават (о страх, страх!) ставіцца да твайго страўніка без ніякай павагі, тузаючы яго туды-сюды, прычым там, унутры нашай «сьвятыні»!

Ці можа хто, апроч самагубцаў, выбіраць час, абставіны і спосабы пераходу цела з жывой у нежывую прыроду?

А што казаць пра час, абставіны і спосабы зьнікненьня дарагога цела? Ці можа хто, апроч самагубцаў, выбіраць час, абставіны і спосабы пераходу цела з жывой у нежывую прыроду? І нават суіцыднікі ня могуць (на жаль ці не шчасьце) закрычаць на санітараў у моргу: «Эй, ты, хлопец, ня так груба! Для чаго ты паліваеш халоднай вадой са шлянгу маю выпатрашаную тушку? Я патрабую павагі! Маё цела — мая справа!».

Мы ня можам загадаць прадстаўнікам жывой прыроды — розным відам чарвякоў, грызьці з асаблівай пашанай нашы сьмярдзючыя нябожчыцкія цельцы. Можам толькі з жахам назіраць (калі будзе такая магчымасьць, ня дай Бог:) — наколькі жорстка і несправядліва, калі бяздушны чарвяк без ніякага піетэту спажывае на абед тое цела дарагое, у якое мы ўклалі пры жыцьці столькі сродкаў, столькі разнастайнай ежы, крэмаў, шампуняў, і яшчэ невядома чаго, ды што там — жыцьцё паклалі, каб выглядаць годна! Мы ня зьвязваліся з тымі родамі — каб не растаўсьцець, не разьнесьціся ўшырыню, ня мець расьцяжак, шрамаў, каб не абвісьлі грудзі, каб усё было ціп-топ, і каб у сорак пяць выглядаць на сямнаццаць ці хоць дваццаць сем. Маё цела — мая справа! А тут нейкі чарвяк есьць яго! Цьфу ты. А яшчэ кажуць, бывае нейкая горшая трасца — «геена вогненная». Ай, ну гэта не для нас, а для цемрашалаў.

Нежаданыя дзеці

Яшчэ кажуць, што дзяцей трэба нараджаць толькі во такіх — жаданых і заплянаваных. А калі нежаданыя — то лепш павыразаць іх, павыкручваць ім ручкі-ножкі, і выкінуць іх у мэталічны тазік. Кажуць, што нежаданыя дзеці потым няшчасныя, і ходзяць да псыхатэрапэўтаў са сваімі «траўмамі». Дык што гэта — змова супраць псыхатэрапэўтаў? Тыя што — ня людзі, і есьці не хочуць? Калі пачнуцца нараджацца толькі шчасьлівыя дзеці ад шчасьлівых бацькоў — то што тады, зачыняць факультэты псыхалёгіі і разгоняць усіх гештальтыстаў, экзыстэнцыялістаў і іншых -істаў? Пакінуць войска псыхатэрапэўтаў бяз скібкі хлеба? Э, не! Мы так не дамаўляліся!

Рыхтуйцеся, а ўражлівыя — адыдзіце ад манітораў, бо я зьбіраюся нанесьці вам яшчэ колькі дзіцячых траўмаў да кучы. Хто-небудзь калі-небудзь задумваўся пра сваё зачацьце ці, набраўшыся мужнасьці або нахабства, пытаўся пра яго ў сваіх бацькоў? Напэўна, у вашым уяўленьні тое зачацьце было як у таго эстраднага сьпевака: «Пялёсткамі белых ружаў наш ложак засьцялю... Люблю цябе да сьлёз, люблю, люблю!». І анёлкі мітусяцца над велічным ложкам пад карункавым балдахінам, і недзе далёка грае арфа і арган, а М і Ж прысягаюць у вернасьці да сьмерці адно аднаму, і вось ён — Акт! Сымфонія і гармонія. І тады М і Ж кладуцца ў ложак і кажуць патасна адно аднаму: «Зь вялікай нашай любові, з нашай вялікай адданасьці і вернасьці адно аднаму хай багаславяць нас Нябёсы, хай створым мы чалавека, па вобразу нашаму дарагую дачку і сына дарагога створым мы!». І тут — хор, арган, арфа, крэшчэнда, крэшчэнда!

Многім бацькам ня хопіць адвагі расказаць дзецям — цяперашнім дарослым — якое там было тое рамантычнае зачацьце на «пялёстках белых ружаў».

Насамрэч, прабачце за траўму, у большасьці выпадкаў было нашмат празаічней, а часам і трагічней. Часам нават грэшна, і сьмешна. Па статыстыцы за мінулыя гады, кожнае сёмае дзіця нараджалася ў РБ па-за шлюбам. Па статыстыцы, у мінулым годзе на 82 тысячы шлюбаў выпадала 32 тысячы разводаў. Гэта ж колькі траўмаў! Па жыцьцёваму досьведу, многія «бацькі» кідалі маці сваіх дзяцей яшчэ да іх нараджэньня. Некаторыя маці нараджалі дзяцей не ад «законных мужоў». Некаторыя «законныя мужы» і сёньня жывуць у шчасьлівым ці нешчасьлівым няведаньні. Па жыцьцёвых назіраньнях, шмат, вельмі шмат маіх сучасьнікаў — плады не вялікага каханьня, а касьмічнага глупства і «залётаў». У некаторых М хапіла мужнасьці ці недалёкасьці (як вам больш падабаецца) жаніцца, некаторыя ганебна зьбеглі ад адказнасьці. Такое жыцьцё зь яго непрыемнай прозай. Толькі што многім бацькам ня хопіць адвагі расказаць дзецям — цяперашнім дарослым — якое там было тое рамантычнае зачацьце на «пялёстках белых ружаў». Можа, і ня варта, а то будзе чарговая «траўма».

І што цікава? Гэтыя ўсе дзеці «залётаў», траўматычныя гэтыя сёньняшнія дарослыя жывуць неяк, а многія і вельмі добра! І чакаць, калі ўсе народжаныя дзеці будуць плянаваныя і жаданыя? О марнасьць, о ілюзіі! — вы суцяшэньне сьвету.

Эмбрыёны... Так гэта цяпер называецца — чалавек, які часова ўнутры, а ня звонку. Часам у мяне выклікаюць замілаваньне дзеці ў пясочніцы ля дому. Яны такія мілыя і прастадушныя, і прыгожыя. «Што ты там убачыла ў той пясочніцы? Гэта звычайныя цудам выжыўшыя эмбрыёны!» — кажу сабе тады з сарказмам.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG