Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палата прадстаўнікоў з Анісім і Канапацкай


Што мяняе ў беларускай палітыцы зьяўленьне ў палаце прадстаўнікоў двух дэмакратычных дэпутатаў? Тэму абмяркоўваюць Валер Карбалевіч, Юры Дракахруст, Віталь Цыганкоў.

Карбалевіч: Некаторыя мэдыі пішуць, што ўпершыню ад 1996 году ў беларускім парлямэнце зьявіліся апазыцыянэры. Гэта ня так. Нават калі ня ўлічваць групу «Рэспубліка» ў складзе Фралова, Скрабца і Парфяновіча ў пачатку 2000-х гадоў, то хачу нагадаць, што ў той самы склад палаты прадстаўнікоў уваходзілі Уладзімер Навасяд і Юры Марозаў, чальцы АГП. Праўда, на момант выбараў яны на патрабаваньне партыі, якая праводзіла байкот, сяброўства прыпынілі. Навасяд выйшаў з АГП толькі праз два гады дэпутацтва.

Дык вось, той досьвед удзелу нібыта апазыцыянэраў у палаце быў ніякі. Абодва паводзілі сябе ціха, нічым асаблівым не вылучаліся, Марозаў увогуле стаў праўладным дэпутатам.

Таму той досьвед робіць цалкам рэальным, што Анісім і Канапацкая нічым асаблівым сябе не праявяць, трыбуну палаты прадстаўнікоў ніяк ня выкарыстаюць. Тым больш у Канапацкай і яе бацькі ёсьць бізнэс. Гэта ў дэмакратычнай краіне бізнэсовец зьяўляецца больш свабодным чалавекам, чым звычайны грамадзянін. У Беларусі ж, наадварот, бізнэсовец — чалавек больш залежны ад улады.

У іх ёсьць рэальная магчымасьць стаць галоўнымі мэдыйнымі пэрсонамі, набыць палітычную вагу, стаць галоўнымі апазыцыйнымі фігурамі.

Іншы варыянт, дэмакратычныя дэпутаты будуць актыўнымі, яны прапануюць свае законапраекты: Анісім — у падтрымку беларускай мовы, стварэньня беларускага ўнівэрсытэту, Канапацкая можа прапанаваць праграму рынкавых рэформаў, якую напіша Раманчук. І вакол гэтых законапраектаў разьвязаць шырокую грамадзкую дыскусію, у тым ліку ў дзяржаўных мэдыях. Што дасьць магчымасьць апазыцыі рэальна ўплываць калі не на дзяржаўную палітыку, то на грамадзкую думку. Тая самая АГП на гэтым тле можа атрымаць добры піяр.

Увогуле, усё залежыць ад іх. У іх ёсьць рэальная магчымасьць стаць галоўнымі мэдыйнымі пэрсонамі, набыць палітычную вагу, стаць галоўнымі апазыцыйнымі фігурамі, адціснуўшы цяперашніх апазыцыйных лідэраў. Як гэта зрабіў на кароткі час генэрал Фралоў. Хачу нагадаць, што тая самая Алена Анісім спрабавала вылучыцца кандыдатам у прэзыдэнты на леташніх прэзыдэнцкіх выбарах. Калі праз чатыры гады гэтае жаданьне застанецца, то яна можа да гэтага моманту ўжо мець пэўны рэйтынг.

Ня думаю, што знаходжаньне Анісім і Канапацкай у палаце неяк паўплывае на працу гэтага органу. Бо ўсе астатнія дэпутаты там вельмі паслухмяныя. Хіба толькі ва ўмовах палітычнага крызісу мёртвы парлямэнт можа неяк ажыць.

Цыганкоў: Упершыню ад 2004 году ў палаце прадстаўнікоў зьявіцца чалец апазыцыйнай партыі — актывістка АГП Ганна Канапацкая. Зьяўленьне прадстаўнікоў апазыцыі ў парлямэнце накладае на іх вялікі цяжар, маральны і палітычны, з-за таго, як яны там будуць сябе паводзіць, наколькі яны будуць прадстаўляць там нават ня выбаршчыкаў уласнай акругі, а ўсю дэмакратычную грамадзкасьць. 2-3 апазыцыйныя чалавекі — гэта максымум, які вырашылі прапусьціць улады, пры тым гэта людзі ня самыя вядомыя і ня самыя рэвалюцыйныя.

Калі яны возьмуць занадта рэзкі, занадта апазыцыйны тон да ўладаў і астатніх дэпутатаў, то проста будуць імі выштурхнутыя, ізаляваныя.

Алена Анісім вядомая сваімі дастаткова стрыманымі ацэнкамі і заявамі. І вось прапусьцілі якраз яе як намесьніцу старшыні ТБМ, а не прапусьцілі самога старшыню Алега Трусава. Тое самае з Канапацкай — вылучаліся шмат прадстаўнікоў АГП, і, магчыма, больш яскравыя, але прайшла менавіта яна. Ёсьць меркаваньне, што яна прайшла таму, што вылучалася ад той акругі, дзе была кандыдатка ў прэзыдэнты Тацяна Караткевіч, і гэта такі асаблівы цынізм уладаў, каб у тым ліку і прынізіць Караткевіч.

Наконт уплыву: шмат чаго залежыць ад іх, і трэба разумець, што гэта 2 чалавекі на 110 дэпутатаў. І калі яны возьмуць занадта рэзкі, занадта апазыцыйны тон да ўладаў і астатніх дэпутатаў, то проста будуць імі выштурхнутыя, ізаляваныя. Маецца на ўвазе маральна і палітычна, яны не атрымаюць ніякай падтрымкі. Таму такі варыянт паводзінаў чыста палітычна выглядае контрапрадукцыйным. У той самай Алены Анісім задача, як бачыць яе яна і іншыя камэнтатары, перацягнуць на бок большай прыхільнасьці да беларускай мовы і культуры як мага больш іншых дэпутатаў, прапаноўваць такія законапраекты, якія ня выклічуць алергіі ва ўлады, якая аднаасобна будзе прымаць рашэньні.

Дракахруст: За прапановай аб тым, каб Канапацкая і Анісім склалі дэпутацкія мандаты, стаіць рэвалюцыйная лёгіка. Маўляў, што яны ўдзьвюхх могуць там зрабіць? Ну а што могуць зрабіць, напрыклад, у Польшчы дэпутаты ад «Грамадзянскай плятформы», якія цяпер у меншасьці ў Сэйме? Што могуць зрабіць лейбарысты ў брытанскім парлямэнце? Меншасьць і ёсьць меншасьць. Большасьць галасуе і прымае рашэньні.

Часам адзін чалавек можа зрабіць вельмі шмат.

Але ёсьць такая рэч, як «легітымны шум». Вось дэпутаты, нават адзін, могуць задаваць вострыя пытаньні міністрам на трыбуне, выступаць з крытыкай якіхсьці бязглуздых рашэньняў і законапраектаў. У вядомай казцы Андэрсэна адзін маленькі хлопчык крыкнуў, што кароль голы. І пасьля гэтага гэта ўсьвядомілі ўсе. Так што часам адзін чалавек можа зрабіць вельмі шмат.

Ці зробяць гэта спадарыні Ганна і Алена — вядома ж, невідавочна, але ў цяперашнім складзе палаты прадстаўнікоў і таго няма. Зь іншага боку, альтэрнатыўныя спосабы дзеяньняў кшталту акцый «Патрабуем сапраўдных выбараў» вялікага посьпеху, прынамсі цяпер, не прыносяць.

Таму, калі сытуацыя цяперашняй пэўнасьці мяняецца на сытуацыю няпэўнасьці, гэта можна толькі вітаць.

Я не выключаю, што ў адпаведных арганізацыях — у АГП і ў ТБМ — праз пэўны час можа адбыцца «зьмена варты». Вось у АГП на апошнім зьезьдзе Анатоль Лябедзька зь цяжкасьцю захаваў пасаду кіраўніка. І Алег Трусаў ужо даволі доўгі час кіруе ТБМ. А тут вось зьяўляюцца людзі з даволі высокім статусам у беларускім грамадзтве, прычым статусам прызнаным... Гэтыя дзьве спадарыні праз пэўны час могуць стаць старшынямі гэтых арганізацый, якія яны прадстаўляюць.

Цыганкоў: Я б тут паспрачаўся, я вельмі нязгодны з такім прагнозам, перш за ўсё адносна АГП. АГП 20 гадоў пазыцыянуе сябе як дастаткова радыкальная апазыцыйная партыя, яна нават цяпер зь цяжкасьцю прымае тое, што адзін зь яе прадстаўнікоў стаў дэпутатам палаты. І дапусьціць, што дэпутатка палаты прадстаўнікоў стане старшынёй партыі — гэта нейкі разлом галоўнага ідэйнага падыходу партыі да гэтай улады.

Сама спадарыня Канапацкая пэўны час таму была старшынёй менскай гарадзкой партарганізацыі, але была замененая Мікалаем Казловым, якога, як кажуць у самім АГП, Анатоль Лябедзька і іншыя бачаць наступным кіраўніком партыі. Мая думка — імавернасьць таго, што Канапацкая стане старшынёй АГП, вельмі нізкая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG