Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генэральны падрадчык будаўніцтва БелАЭС: ніякага інцыдэнту з рэактарам не было, проста сьцерлася фарба


У «Атамбудэкспарце» — у генэральнага падрадчыка будоўлі «Беларускай АЭС» — заяўляюць, што ніякага надзвычайнага здарэньня ці нават сурʼёзнага інцыдэнту на беларускай станцыі падчас будаваньня не адбылося.

Пра гэта Свабодзе заявіла кіраўнік упраўленьня камунікацый Ніна Дземянцова.

Паводле яе словаў, на «Беларускай АЭС» была «звычайная штатная сытуацыя, як гэта бывае на будоўлі».

Я думаю, што гэта можна назваць штатнай сытуацыяй. Гэта не НЗ, не інцыдэнт.

«Мы ж ужо напісалі (гэта было нават у афіцыйным лісьце, перададзеным беларускаму боку), што сьцерлася фарба пры правядзеньні такелажных прац па перасоўваньні корпусу рэактара з транспартнага на мантажны лажэмэнт. Гэта будоўля. Гэта штатная звычайная сытуацыя. Ну не бывае, каб на будоўлі чагосьці там не было. Я думаю, што гэта можна назваць штатнай сытуацыяй. Гэта не НЗ, не інцыдэнт», — заявіла яна, падкрэсьліўшы, што «корпус рэактара знаходзіцца за межамі рэактарнага аддзяленьня».

Ніна Дземянцова адзначыла, што пацьвярджэньнем таго, што нічога сурʼёзнага не адбылося, зьяўляецца тое, што «Атамбудэкспарт» працуе ў звычайным рэжыме.

«Паверце, мне, я сяджу ў горадзе-героі Масква. Ўсё кіраўніцтва тут. Усё абсалютна спакойна, праўда. Вы ж цудоўна разумееце, калі нешта адбываецца, усё адразу нясуцца на злом галавы. Калі б нешта здарылася, то гэта была б паніка, усе павінны былі б быць там. А ў нас усе на месцах: не ў Беларусі, а ў Маскве і ў Ніжнім Ноўгарадзе. У нас усё ў працоўным рэжыме, ідуць нарады, сустрэчы — ідзе звычайная праца», — запэўніла кіраўніца упраўленьня камунікацый.

Ніна Дземянцова заявіла, што ў «Атамбудэкспарце» нічога ня ўтойваюць ад грамадзкасьці.

Нам важна, каб усё было нармальна. Мы нічога не баімся. Аб выніках працы місіі МАГАТЭ мы натуральна праінфармуем СМІ, грамадзкасьць, сумежныя дзяржавы.

«У нас адразу сабраўся штаб, мы ўсе апэратыўна далажылі, напісалі, далі ў прэсу. Працуе камісія МАГАТЭ. Нам важна, каб усё было нармальна. Мы нічога не баімся. Аб выніках працы місіі МАГАТЭ мы натуральна праінфармуем СМІ, грамадзкасьць, сумежныя дзяржавы. Мы, генэральны падрадчык, на якім ляжыць адказнасьць за бясьпеку ўсіх работ, і мы зацікаўлены больш чым хто-небудзь у адсутнасьці любых сумненьняў у надзейнасьці абсталяваньня і ўсіх работ».

На думку кіраўніка ўпраўленьня камунікацыі, тэма здарэньня на БелАЭС штучна разьдзімаецца незычліўцамі.

«Гэта ўсё толькі апазыцыйныя праекту актывісты. Мы маніторым гэтыя публікацыі кожную раніцу і адзін прыгажэй за іншага загалоўкі дае. Гэта ж палітыка», — кажа яна.

25 ліпеня ў СМІ зьявіліся паведамленьні, што 10 ліпеня падчас выпрабавальнага трэніровачнага ўсталёўваньня корпусу рэактара 330-тонны агрэгат сарваўся і ўпаў з вышыні ад 2 да 4 мэтраў. Паведамлялася таксама, што месца надзвычайнага здарэньня ачэпленае і знаходзіцца пад пастаяннай і ўзмоцненай аховай.

Пасьля працяглага маўчаньня Міністэрства энэргетыкі Беларусі прызнала:

«На справе, паводле інфармацыі генэральнага падрадчыка АТ „Атамбудэкспарт“, няштатная сытуацыя здарылася на пляцоўцы захоўваньня корпусу рэактара пры правядзеньні такеляжных працаў па яго перасоўваньні ў гарызантальнай плоскасьці».

У Мінэнэрга запэўнілі, што цяпер аналіз гэтай сытуацыі працягваецца:

«Пасьля ўсебаковага вывучэньня беларускімі адмыслоўцамі прадстаўленай АТ „Атамбудэкспарт“ інфармацыі будзе прымацца адпаведнае рашэньне. Пры гэтым беларускі бок будзе, у першую чаргу, кіравацца неабходнасьцю безумоўнага гарантаваньня бясьпекі станцыі, якая будуецца».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG