Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ніна Меграбян: беларуская нацыяналістка ў Армэніі і армянская — у Беларусі


Армэнія адной зь першых на постсавецкай прасторы абвясьціла праграму рэпатрыяцыі этнічных армянаў. І хоць размах яе несувымерны з аналягічнымі кампаніямі ў Ізраілі ці Нямеччыне, але і яна мае свой плён. Год таму Беларусь на радзіму бацькоў зьмяніла 27-гадовая Ніна Меграбян.

Ніна нарадзілася ў Віцебску, сям’я жыве там і цяпер — маці, бацька і брат. Пасьля заканчэньня віцебскага гарадзкога ліцэю № 1 паступіла на факультэт культуралёгіі і сацыякультурнай дзейнасьці Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры і мастацтва, трапіла ў першы набор на спэцыяльнасьць мэнэджэра міжнародных культурных сувязяў. Пасьля магістратуры выкладала ў альма-матэр, там жа працягвае завочнае навучаньне ў асьпірантуры. Год таму прыняла рашэньне пераехаць на зямлю продкаў — у Армэнію.

— Ніна, дык што падштурхнула да такога кроку? Усё ж ня так проста адважыцца кардынальным чынам зьмяніць сваё жыцьцё? Нават калі краіна апрыёры не чужая...

— Я, безумоўна, лічу, што ў мяне дзьве радзімы. Па-першае, я нарадзілася і вырасла ў Беларусі, па-другое, мае бацькі з Армэніі і я, адпаведна, таксама армянка. Жывучы ў Беларусі, мы ўвесь час падтрымлівалі, скажам так, пэўнае армянства ў сабе і ў сям’і. Дома размаўлялі на армянскай мове, захоўвалі культурныя традыцыі, гатавалі армянскія стравы. І заўсёды бацькі давалі зразумець, што раней ці пазьней, але мы ўсё роўна пераедзем у Армэнію. Калі я паехала вучыцца ў Менск, неўзабаве ўзначаліла армянскую моладзевую абшчыну ў Беларусі. То бок, увогуле неяк так атрымлівалася, што заўсёды з Армэніяй была шчыльна зьвязаная: брала ўдзел у канфэрэнцыях, у культурніцкіх імпрэзах, фэстывалях. І вось акурат год таму вырашыла заплянаваць пераезд сюды — каб паспрабаваць ужо не здалёк нешта рабіць дзеля гістарычнай радзімы, а знаходзячыся непасрэдна на месцы.

У нацыянальным армянскім строі

У нацыянальным армянскім строі

— Адрозна ад многіх беларусаў, ты размаўляеш на беларускай мове, нават тут захоўваеш «прабеларускую» пазыцыю. Зь іншага боку, пераезд у Армэнію наўрад ці мог бы адбыцца, каб не любоў і павага да краіны і яе народа. Можна пафантазіраваць, што ў Беларусі ты была нацыяналісткай армянскай, а тут — беларускай?

З армянскімі сябрамі

З армянскімі сябрамі

— Нацыяналісткай? Ведаеце, нацыяналізм і патрыятызм цяпер чамусьці нясуць адмоўны падтэкст. Хоць насамрэч нядобра, калі маюць месца шавінізм, расізм, гэта сапраўды дрэнна. Але нацыяналізм, патрыятызм — важныя рысы і ў народзе, і ў чалавеку. Калі няма гэтых якасьцяў, хто ты ўвогуле? Нацыяналізм — гэта калі кажуць: я паважаю сваю нацыю і паважаю нацыю суседзяў. Мы ня маем на ўвазе нацыяналізм ці патрыятызм, калі кажам: я добры, а нехта дрэнны. Гэта ўжо пачынаецца фашызм, шавінізм ды іншыя кепскія рэчы. Таму я як была патрыёткай Армэніі і Беларусі, так і застаюся патрыёткай гэтых краінаў. Для мяне нічога не зьмянілася. Я ўсім расказваю, як у Беларусі добра, кожны за нешта адказвае, таму там чыста і г.д.

Канечне, я ведаю і дрэнныя бакі, бо, як і ўсюды, ёсьць і добрае, і нядобрае. Але трэба ня толькі ганіць, а працаваць над тым, каб розныя народы, суседзі вучыліся адзін у аднаго. Можна прынесьці зь Беларусі штосьці сюды, пераняць культурны досьвед; і гэтак жа з Армэніі нешта перанесьці ў Беларусь. То бок перакінуць своеасаблівы масток, каб абменьвацца цікавымі сынтэзамі культур, каб вучыцца адзін у аднаго. Чаму не? Мы хрысьціянскія народы, заўсёды былі ў добрых адносінах. Напрыклад, у Беларусі была канфэрэнцыя, падчас якой згадвалася: калі пачалі ткаць слуцкія паясы, адсюль прыяжджаў Аванэс Маджаран (ён жа Іван Маджарскі), навучаў майстроў іх вырабляць. Так што слуцкія паясы маюць у тым ліку армянскі сьлед. Таксама і з кнігадрукаваньнем: у Армэніі гэтая справа ўжо была наладжана, і мы дапамагалі вашым продкам. Чаму зараз ня можам сябраваць? Гэта будзе толькі на карысьць усім.​

Здольнасьць быць непасрэднай

Здольнасьць быць непасрэднай

— Прасоўваць нацыянальныя ідэі на іншыя тэрыторыі — адна з функцыяў ня толькі народнай, але і дзяржаўнай дыпляматыі. Але чаму так мала актыўнасьці з боку чыноўнікаў? Непрафэсіяналізм, інфантыльнасьць? Прынамсі, пра дзейнасьць беларускай амбасады ў Армэніі амаль не чуваць...

— Яны ня толькі інфантыльныя, я б сказала — лятэнтныя. Зрэшты, я так лічу, што і армянская амбасада ў Беларусі таксама працуе ня лепшым чынам, не выконвае сваю місію. Гэта, вядома, мой асабісты погляд, я не кажу за ўсіх. Але факт, што дыпмісія павінна працаваць на збліжэньне, а ня толькі час ад часу дыпляматы мусяць зьяўляцца на прыёмах і паказваць, што мы тут ёсьць, у нас ёсьць свой будынак, і калі вам трэба атрымаць візу ці нейкую паперку, дык вы да нас прыходзьце. Гэта павінны быць мерапрыемствы, пажадана, культурніцкага характару. Бо нават калі былі войны, найперш культура і мастацтва ратавалі людзей.

Чаму, напрыклад, нельга наладзіць Дні беларускай культуры? Яны, мабыць, калі-нікалі здараюцца, але ж пра іх ніхто ня ведае! Чаму не ангажаваць маладых удзельнікаў розных імпрэзаў — піяністаў, скрыпачоў; сучасныя калектывы, якія займаюцца этнаскіраванасьцю, адраджаюць, захоўваюць, распаўсюджваюць нацыянальныя традыцыі? Чаму не арганізаваць абменныя канцэрты, фэстывалі? Я, напрыклад, такое рабіла, але ж гэта было маёй прыватнай ініцыятывай. Так, у Беларусі адбыўся сумесны выступ піяніста Аляксандра Палякова і скрыпачкі Люсінэ Аруцюнян. Такі вось цікавы мікст-канцэрт да 100-годзьдзя Арама Хачатурана ў філярмоніі — дарэчы, філярмонія нас ня толькі падтрымала ідэйна, але і прафінансавала разам з мэцэнатамі з армянскай абшчыны. Але гэта разавая акцыя. А каб падключылася дзяржава, маглі б рэалізоўвацца вялікія, значныя праекты.

У рэстарацыі армянскай кухні

У рэстарацыі армянскай кухні

— Ведаю, што апошнім часам зь Беларусі зьехалі і некаторыя іншыя армяне. Тое, што маладыя, здольныя людзі ня хочуць заставацца ў краіне, у якой пражылі шмат гадоў, павінна быць трывожным сыгналам для ўладаў...

— На жаль, ёсьць такая тэндэнцыя — сапраўды людзі «зьбягаюць». Скажам, я пераехала сюды, хоць у Менску выкладала ва Ўнівэрсытэце культуры, дакладней, чытала караценькі курс. Але ж я працавала, рабіла ўнёсак у агульную скарбонку. Мой сябра Робэрт Цатуран ня так даўно зьехаў у ЗША, у Маямі, у Менску ён выкладаў у былым «наргасе», цяперашнім эканамічным унівэрсытэце. Нона Нерсэсян працавала на тэлеканале «Мір», нядаўна ад’ехала ў Нямеччыну. Іншая дзяўчына выкладала ў мэдычным унівэрсытэце, цяпер яна ў Францыі. Яшчэ адзін з нашых, Генадзь Аракелян, выправіўся ў Канаду. І я лічу, што гэта сапраўды тэндэнцыя, калі моладзь, якая робіць нешта карыснае для адукацыі, навукі, іншых сфэраў, ня бачыць зацікаўленьня; людзі не рэалізуюцца, не адчуваюць сябе патрэбнымі і ў выніку пакідаюць Беларусь. Але ж вы разумееце, што гэта патэнцыял, які можна было б выкарыстоўваць у карысных, добрых, патрэбных справах для дзяржавы. Бо калі мы працуем, значыць, нам падабаецца дапамагаць, штодня рабіць свой унёсак у агульную справу.

Падчас узыходжаньня на вяршыню

Падчас узыходжаньня на вяршыню

— А што тычыцца самой Армэніі? Наколькі пачуты заклік да этнічных армянаў, каб тыя вярталіся на гістарычную радзіму?

— Сапраўды, ёсьць іншы бок мэдаля — праграма «Рэпат Армэнія». Гэта праграма па рэпатрыяцыі, якая запрашае на гістарычную радзіму суайчыньнікаў з-за мяжы. Перадусім ствараецца базавая плятформа, адпаведная атмасфэра для людзей, якія прымаюць такое рашэньне, часта вельмі няпростае. Вядома, тут няма такой дапамогі, як, скажам, гэта робіць ізраільская дзяржава, якая забясьпечвае адчувальны фінансавы і фізычны падмурак. Але тут падтрымліваюць маральна, што таксама важна, даюць адказы на элемэнтарныя пытаньні людзям, якія сюды едуць. Дарэчы, у гэтай катэгорыі ёсьць тыя, хто пераяжджае ў сувязі з ваеннымі дзеяньнямі — напрыклад, шмат сырыйскіх армянаў. Апошнім часам істотна паболела ўкраінцаў, украінскіх армянаў. Аднак ёсьць людзі, якія асэнсавана абіраюць гэты шлях, і вось гэта акурат тая маса, якая можа нешта зьмяніць у маштабе ўсёй Армэніі. Гэта паказальны прыклад для ўсіх іншых, і з гэтымі людзьмі трэба працаваць найбольш шчыльна.

Жыцьцярадасная выкладчыца

Жыцьцярадасная выкладчыца

— Нядаўна ўсясьветная грамадзкасьць, за некаторым выключэньнем, ушаноўвала ахвяраў генацыду армянаў. Беларусь таксама мае трагічныя старонкі ў сваёй гісторыі, але няма нават намёку на праявы салідарнасьці, якую дэманструюць мясцовыя жыхары ды этнічныя армяне ў розных кутках сьвету...

— Так, гісторыя любой краіны мае свае трагічныя старонкі... Безумоўна, шкада, што няма такой яднальнай ідэі ў беларусаў. Як мне здаецца — я загадзя прашу прабачэньня — у беларусаў крышачку не хапае самасьвядомасьці. Не ўва ўсіх, безумоўна. У мяне сябры, якія размаўляюць на беларускай мове, ведаюць гісторыю Беларусі. Вось я, напрыклад, размаўляю — дрэнна, праўда, але ж гавару! А некаторыя беларусы кажуць: што гэта за мова, на ёй ніхто не гаворыць, яе ніхто не разумее, яна нікому не патрэбная. І выснова: навошта нашых дзяцей мучаць, прымушаючы іх вывучаць у школе беларускую мову? Але ж культура пачынаецца якраз з мовы: сёньня вы страціце мову, заўтра страціце дзяржаву, пасьлязаўтра незаўважна станеце «русакамі».

Беларусь мае сваю глыбокую гісторыю, якая адрозьніваецца ад іншых. На маё разуменьне, гэта надзвычай цікавы народ, не падобны ні да якага: ад палякаў адрозьніваецца, ад украінцаў — таксама, ад расейцаў — тым больш. Мне ўвесь час даводзіцца гаварыць, што я зь Беларусі. І часьцяком чую: «А, дык гэта Расея, адно і тое ж!». Не-не, тлумачу, паміж гэтымі дзяржавамі вельмі вялікая розьніца. А калі не задумвацца, то сёньня вы адмовіцеся ад мовы, а заўтра ў вас зьявіцца расейскі рубель. І што потым? Расейская Фэдэрацыя зь лякальнымі этнічнымі ўкрапваньнямі? Мабыць, некаму добра, некаму дрэнна, я ня ведаю. Але асабіста мне хацелася б вяртацца да сваіх бацькоў, да сяброў менавіта ў Беларусь. І каб была такая магчымасьць у маіх будучых дзяцей. Дарэчы, мае дзеці абавязкова будуць ведаць беларускую мову — хоць бы таму, што гэта частка гісторыі іх мамы.

На мэмарыяле памяці ахвяраў генацыду

На мэмарыяле памяці ахвяраў генацыду

Каля вечнага агню

Каля вечнага агню

— То бок, праблема генацыду аб’ядноўвае нацыю да такой ступені, што супярэчнасьцяў няма нават у ідэйных апанэнтаў? Менавіта ў гэтым кантэксьце.

— У гэтым кантэксьце — так, супярэчнасьцяў няма ўвогуле. Гэта ня проста адзін дзень у гісторыі — 24 красавіка 1915 году. Таму што, зразумела, не ў адзін дзень была зьнішчана такая колькасьць народу. І гэта было ня проста забойства, гэта быў генацыд, было вынішчэньне на глебе нацыянальнай, этнічнай. Зьнішчалі армянаў, якія жылі на тэрыторыі Асманскай імпэрыі (сёньняшняя Турэччына), па рэлігійнай і этнічнай прыкмеце. Казаць, што гэта былі падзеі, як у Другую ўсясьветную вайну, ці нейкая «дэпартацыя» — не, не выпадае. Бо ў такім разе мусілі быць зьнішчаныя і курды, але мэтанакіравана распраўляліся выключна з армянамі. Гэта тое пытаньне, якое насамрэч аб’ядноўвае і дыяспару, і сучасную Армэнію, і мы вельмі хочам, каб гэты факт быў прызнаны. Таму сымбаль «Памятаю і патрабую» азначае толькі адно: мы патрабуем, каб тое злачынства было прызнанае. Пра рэпарацыю і вяртаньне земляў гаворка, мабыць, ісьці ўжо ня можа, у цяперашніх умовах мы гэта разумеем. Але ж сам факт прызнаньня віны, на мой погляд, дасьць заспакаеньне многім душам. І гэта будзе ўжо добра.

Прамова ў армянскай моладзевай абшчыне

Прамова ў армянскай моладзевай абшчыне

— Далучэньне да інтэграцыйных саюзаў пад пратэктаратам Расеі — выгода ці «аковы» для армянаў? Наколькі прарасейская Армэнія — такая ж, як Беларусь?

— Ведаеце, у чым справа? Зноў жа, кожны гэта разумее па-свойму. Напрыклад, геапалітычна мы бачым, што Армэнія ў блякадзе. Адзіны шлях эканамічнага выйсьця з гэтай блякады — мабыць, і ёсьць вось гэты Мытны саюз. Многія лічаць, што такі крок — сапраўды крок наперад для народа, якому няма чым зарабляць сабе на хлеб. Адрозна ад Беларусі, для якой, як мне падаецца, альтэрнатывы нашмат лепшыя і нашмат прасьцейшыя. Хоць бы таму, што з аднаго боку ёсьць Эўропа, да якой Беларусь, на мой погляд, бліжэй мэнтальна, чым да Расеі. Але ж магу памыляцца. Што тычыцца Армэніі, то ёй да Эўропы, як кажуць, дзень аленямі, два сабакамі. Таму тут складана інтэгравацца нават з геаграфічнага гледзішча. Тым ня меней, Армэнія таксама імкнецца ў Эўропу і яшчэ да Мытнага саюзу ў нас шмат было запачаткавана заходніх праграмаў. Зрэшты, яны і цяпер ёсьць.

Так, дзейнічае Амэрыканскі ўнівэрсытэт, у якім выкладаньне вядзецца на ангельскай мове і выдаецца дыплём адпаведнага ўзору. Ёсьць Францускі ўнівэрсытэт, іншыя навучальныя ўстановы. Увогуле шмат эўрапейскіх праграмаў, праграмаў па лініі ААН, якія пасьпяхова рэалізуюцца і цяпер. Таму па сваёй сутнасьці Армэнія заўсёды была праэўрапейская. Але пры гэтым і Расея — яшчэ ад царскіх часоў — мае ўплыў на Армэнію. І многія лічаць такі вэктар нават ня столькі стратэгічнай зацікаўленасьцю, а рэальным страхам: маўляў, калі Расея адыдзе, актывізуюцца нашы суседзі. А нас вельмі мала, што і як будзе потым? Зразумела, што ніхто ў Эўропе ня ўстане і ня будзе нас абараняць. Зь іншага боку, няма ўпэўненасьці, што і Расея нешта будзе рабіць, бо гэта вялікая палітыка. Сёньня Масква прадае зброю Азэрбайджану, а потым гэтай жа зброяй будзе адбівацца? Асабіста для мяне шмат незразумелага. Таму правільнага адказу я ня ведаю.

Від на Арарат з балькона Ніны Меграбян

Від на Арарат з балькона Ніны Меграбян

— Многія армяне досыць пасьпяхова інтэгруюцца ў розных краінах сьвету, маюць адчувальную вагу ў дзелавым і палітычным асяродзьдзі. Што замінае прыцягваць інвэстыцыі пры такім магутным міжнародным лобі? Карупцыя, непразрыстыя фінансавыя схемы, штосьці іншае?

— Безумоўна, карупцыя. Ёсьць бізнэсоўцы, якія бачаць у Армэніі цікавую інвэстыцыйную пляцоўку, прыяжджаюць, жадаюць укладаць сюды грошы. А ім тут кажуць: хочаш нешта зрабіць — калі ласка, але спачатку адшкадуй працэнт мне на кішэню. І людзі, расчараваныя такім прымітыўным падыходам, ад’яжджаюць. Былі рэальныя прыклады, калі суайчыньнікі з-за мяжы пэўныя праекты фінансавалі, аднак грошы да адрасата так і не даходзілі. Таму праз гэты нэгатыўны досьвед дыяспара сваёй мэтраполіі цяпер дапамагае не ў такім аб’ёме, як можа. Зрэшты, дапамога ідзе, калі яна мэтавая.

Прыкладам, калі адчынялі Цэнтар крэатыўных тэхналёгіяў TUMO, іншыя трэнінг-цэнтры. Бо ў такім выпадку ўсё трымаецца на асобах. Скажам, бізнэсовец, філянтроп Рубэн Варданян, які стварыў сабе бясспрэчны аўтарытэт, якому цалкам давяраюць ва ўсіх частках сьвету. То бок, дзелавыя людзі не баяцца аддаваць яму свае грошы, і ён, у сваю чаргу, запускае розныя дабрачынныя фонды: гэта і праграма «Адраджэньне Татэва», і беспрэцэдэнтны Дыліжанскі праект — адна з навучальных установаў сеткі Каледжаў аб’яднанага сьвету. І яшчэ цэлы шэраг унікальных праектаў. Калі такіх асобаў будзе болей, людзі пачнуць верыць і аддаваць свае капіталы на добрыя ідэі.

— Магу памыляцца, але выглядае, што за прамінулы год канчаткова асымілявацца ў армянскае грамадзтва табе не ўдалося? Да прыкладу, як новыя сябры рэагуюць на зьяўленьне ў іхняй кампаніі ў беларускай вышыванцы?

— Ну, ім цяжка ўспрымаць, што я са сваім тварам, са сваім прозьвішчам заўсёды кажу: «А вось у нас там, у Беларусі...» І яны кожны раз папраўляюць: «Ня ў вас, а ў іх...» Але ў гэтым сэнсе я, відаць, ужо непапраўная. Мне падабаецца ўсё беларускае, я люблю Беларусь, таму што гэта мая Радзіма. Я там нарадзілася, я ўдзячная краіне, якая ня толькі паспрыяла майму зьяўленьню, але ўзгадавала, вывучыла. І такой, якая сёньня ёсьць, я стала дзякуючы менавіта Беларусі. Ня ведаю, якой бы я была, каб нарадзілася і вырасла ў Армэніі — можа, лепшай, а можа, і не, ніхто ж ня скажа. Але я вельмі сумую па Беларусі, па Віцебску, па Менску. Парк Перамогі за сталічнай стэлай — гэта для мяне цэлая гісторыя, сапраўдная «Аліса ў краіне цудаў». Я з самалёта спускаюся — і бягом туды. Таму можна адназначна казаць, што я — дзіця дзьвюх дзяржаваў. І, як мне здаецца, я захаваю такое пачуцьцё назаўжды. А мае сябры? Ну, яны хіхікаюць, але ж гэта мая душа і мне з гэтым жыць... І за вышыванку дзякуй вялікі!

Ніна Меграбян узначальвае аддзел маркетынгу кампаніі «Севані Ішхан», якая займаецца рыбнымі пастаўкамі, а таксама супрацоўнічае са Славянскім унівэрсытэтам у Ерэване. Рэалізуе праекты ў галіне бізнэс-трэнінгаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG