Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь натрэніравала Нігерыі 700 снайпэраў


Салдаты Нігерыі, 2013. Фота: Pius Utomi Ekpei, AFP

Салдаты Нігерыі, 2013. Фота: Pius Utomi Ekpei, AFP

Нігерыйскае войска мусіць выплаціць абавязковую кампэнсацыю транспартных выдаткаў (Duty Transport Allowance) 700 салдатам спэцназу (Armed Forces Special Force), якія праходзілі вайсковую падрыхтоўку ў Беларусі і Расеі ў 2015 годзе, паведамляе Sahara Reporters. Беларускае Міністэрства абароны не змагло апэратыўна пракамэнтаваць Радыё Свабода дадзеную публікацыю.

Выбраныя з войска, паліцыі, флёту, паветраных сілаў і службы дзяржбясьпекі салдаты лёталі ў Беларусь праходзіць снайпэрскую падрыхтоўку. Адбор праходзіў пад канец праўленьня адміністрацыі прэзыдэнта Гудлака Джонатана. Снайпэры павінны былі ўзмацніць групоўку войскаў, якая змагаецца з тэрарыстычнай арганізацыяй «Бока Харам», нігерыйскім крылом тэрарыстычнай «Ісламскай дзяржавы».

Кожнаму з салдатаў, як распавялі выданьню некалькі ўдзельнікаў трэніровак, перад адлётам заплацілі па 7700 даляраў, але гэта склала толькі 30% абяцанай кампэнсацыі транспартных выдаткаў. Астатнюю суму абяцалі выплаціць па вяртаньні ў Нігерыю ў сьнежні 2015 году, хоць поўную суму належала выплаціць перад адлётам.

«Можа, некаторыя са старэйшых афіцэраў чакаюць, што мы памром, каб яны маглі скрасьці нашыя грошы», — кажа адзін са снайпэраў.

«Мы чулі, што некаторыя з вышэйшых чыноў вераць, што калі б нам выдалі 100% сумы, некаторыя маглі б не вярнуцца, — дадае іншы снайпэр. — ОК, цяпер, калі мы вярнуліся, яны вырашылі не выплочваць грошы, бо калі б хацелі, ужо б выплацілі».

Яшчэ адзін снайпэр, які праходзіў падрыхтоўку ў Беларусі, кажа, што праблемы з выплатамі не зьвязаныя са зьменай прэзыдэнта, бо частка сумы ўсё ж была выплачаная, значыць, праблемаў з дакумэнтацыяй няма. Іншы падазрае, што частку грошай скраў былы дарадца па нацыянальнай бясьпецы.

Таксама адзін са снайпэраў сьцьвярджае, нібы паліцыянты і супрацоўнікі службы дзяржбясьпекі, якія разам зь іншымі праходзілі трэніроўку ў Беларусі, не далучыліся да вайсковых апэрацыяў, хоць атрымалі такую ж аплату, як іншыя.

***
Увосень 2014 году нігерыйскае выданьне Leadership паведамляла, што прэзыдэнт Джонатан папрасіў у парлямэнту 1 млрд даляраў на закуп у Беларусі 12 баявых верталётаў Mil Mi-24D, якія Беларусь нават не вырабляе.

У 2016 годзе стала вядома, што нігерыйская кампанія NigComSat перамагла ў тэндэры на лётныя выпрабаваньні беларуска-кітайскага спадарожніка «Белінтэрсат-1» (ChinaSat-15). Такім чынам Нігерыя стала касьмічным партнэрам Беларусі.

XS
SM
MD
LG