Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня: Абласная выбарчая камісія не задаволіла скаргу назіральніка БХК


Раман Юргель, назіральнік ад БХК
Раман Юргель, назіральнік ад БХК

Назіральнік ад Беларускага Хэльсынскага камітэту Раман Юргель зьвярнуўся ў Гарадзенскую абласную выбарчую камісію са скаргай на газэту «Гродненская правда». Паводле спадара Юргеля, у абласной газэце быў зьмешчаны матэрыял пра вылучэнцаў у кандыдаты ад улады ў той час, калі ініцыятыўныя групы займаліся зборам подпісаў, што забаронена заканадаўствам. Камісія аднадушна не падтрымала пазыцыю назіральніка.

Публікацыі ў «Гродненской правде» Юргель назваў «выкарыстаньнем адміністрацыйнага рэсурсу і парушэньнем выбарчага заканадаўства».

Галоўны рэдактар газэты Павал Сухарукаў сказаў камісіі, што ў публікацыях пра тых людзей, ініцыятыўныя групы якіх зьбіраюць подпісы за іх вылучэньне кандыдатамі ў дэпутаты, нідзе ня ўзгадваецца слова «выбары», не вядзецца гаворка пра ініцыятыўныя групы, ня ўтрымліваецца перадвыбарчай агітацыі, і наагул ён ня бачыць з боку рэдакцыі парушэньня выбарчага заканадаўства.

«Прытрымліваючыся лёгікі таго, хто напісаў скаргу, выходзіць, што нам наагул забаронена пісаць пра людзей, старэйшых за 21 год, бо яны могуць вылучацца ў дэпутаты? Мы пра ўсіх пішам, і гэта наша задача», — казаў камісіі галоўны рэдактар «Гродненской правды» Павал Сухарукаў.

Сябры выбарчай камісіі падтрымалі пазыцыю галоўнага рэдактара. У выніку абласная камісія аднагалосна прагаласавала за тое, каб прызнаць скаргу Юргеля неабгрунтаванай, бо асобы, пра якіх вялася гаворка ў публікацыях, яшчэ не зарэгістраваныя кандыдатамі ў дэпутаты, супрацоўнікі газэты не ўваходзяць у іхнія ініцыятыўныя групы, рэдактар Сухарукаў — не падначалены герояў публікацыяў, і газэты падчас збору подпісаў не раздаваліся. Гэта сьведчыць пра тое, што публікацыі не нясуць прыкметаў перадвыбарчай агітацыі.

Пасьля разгляду скаргі Юргель сказаў Свабодзе, што іншага выніку не чакаў, але, з другога боку, нават і падумаць ня мог, што на паседжаньне камісіі прыйдзе галоўны рэдактар:

«Як бы там ні было, але для мяне відавочна, што гэты рэдактар зразумеў, пра што вялася гаворка. Для яго быў неспадзяваны выклік на паседжаньне камісіі, яны да такога не прызвычаеныя. Зразумела, што слова мне і не маглі даць, але я хацеў бы найперш запытацца ў гэтага рэдактара — што такое схаваная агітацыя ў СМІ і як яна трактуецца ў цывілізаваным сьвеце? Можна сказаць, што ніхто не загадваў друкаваць, што гэта матэрыялы проста пра людзей, іх працу і г.д., але выбарчае заканадаўства тут парушана, і гэта застаецца фактам».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG