Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Невядомыя раней беларускія банкноты выставілі на аўкцыён. Багданкевіч: «Яны нічога ня вартыя»


Невядомыя раней банкноты 1993 году выпуску зьявіліся на міжнародным аўкцыёне Stackʼs Bowers Galleries. Стартавая цана за набор з шасьці банкнотаў складала 6 тысяч даляраў.

Пра беларускія банкноты паведаміў партал «Беларуская баністыка». Гэта банкноты, якія рыхтаваліся для дэнамінацыі ў 1994 годзе. Іх надрукавалі ў Нямеччыне на замову Нацыянальнага банку Беларусі.

На банкнотах зьмешчаныя выявы Камянецкай вежы, Спаса-Эўфрасіньнеўскай царквы, партрэты Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча і Францішка Скарыны.

Пасьля таго як у 1995 годзе ў Беларусі зьмянілі дзяржаўную сымболіку, новыя банкноты з «Пагоняй» так і не былі ўведзеныя. Доўгі час лічылася, што іх зьнішчылі.

Такую думку Свабодзе выказаў Станіслаў Багданкевіч, старшыня Нацбанку ў 1991–1995 гадах. Менавіта ягоны подпіс стаіць на банкнотах, якія зьявіліся на аўкцыёне.

Багданкевіч кажа, што гэтыя банкноты былі надрукаваныя ў Нямеччыне. Разам з абсталяваньнем усе «грашовыя блянкі» потым былі прывезеныя ў Беларусь.

«Гэтыя блянкі доўга ляжалі нават пасьля маёй адстаўкі, — сказаў Багданкевіч. — Я лічу, яны ляжалі, таму што мелі сымбалі незалежнай Беларусі. Потым яны, відаць, былі спаленыя, ліквідаваныя».

Багданкевіч падкрэсьлівае, што гэтыя папяровыя знакі нельга называць ні грашыма, ні банкнотамі. Да таго часу, пакуль Цэнтральны банк ня выпусьціць іх у абарачэньне, яны ня маюць каштоўнасьці.

Станіслаў Багданкевіч

Станіслаў Багданкевіч

«Яны ніколі не выпускаліся, таму засталіся блянкамі, — кажа Багданкевіч. — Гэта як сёньняшнія грошы. Яны былі надрукаваныя ў 2009 годзе, але сталі грашыма толькі ў 2016-м».

Ці маглі гэтыя блянкі трапіць па-за межы сховішчаў, дзе яны захоўваліся? Нават калі гэта адбылося, Багданкевіч ня бачыць іхняй каштоўнасьці для баністаў — калекцыянэраў банкнотаў.

«Можа, і была нейкая верагоднасьць, але што з таго? Яны не зьяўляюцца каштоўнасьцю. Каму яны патрэбныя? Іхняя вартасьць — як вартасьць сьмецьця. І як гістарычны дакумэнт яны мала што сабой уяўляюць, бо ня выпушчаныя ў абарот».

Аўкцыён на сайце Stackʼs Bowers Galleries праводзіўся ў ліпені і скончыўся нічым: банкноты ніхто не набыў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG