Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У невядомым дзёньніку Караткевіча — гісторыя стварэньня раману «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» і характарыстыка Зянона Пазьняка


Старонка зь дзёньніка

Старонка зь дзёньніка

Не вядомы дагэтуль дзёньнік клясыка беларускай літаратуры Ўладзімера Караткевіча — гэта паўнавартасны літаратурны твор, кажуць літаратуразнаўцы. Сям’я пісьменьніка захоўвала запісы 1964–65 гадоў і толькі сёлета наважылася на публікацыю. Падрабязнае апісаньне амаль году жыцьця Караткевіча можна прачытаць у 78-м нумары часопіса «Дзеяслоў».

Гэта ўнікальная публікацыя — у адзін голас кажуць людзі, якія да яе спрычыніліся. Адлюстраваны час, найбольш плённы для Караткевіча — 60-я гады ХХ стагодзьдзя, калі зьявіліся самыя знакамітыя ягоныя тэксты.

«Самога такога паняцьця, як „дзёньнік Караткевіча“, да гэтага не існавала, — распавядае крытык Ціхан Чарнякевіч. — Былі паасобныя запісы, якія друкаваліся ў часопісе „Полымя“ ў 80-я гады. Але гэта фактычна быў ня дзёньнік, а нататнікі, якія запаўняліся спарадычна і не пісаліся як паўнавартасны закончаны тэкст. А зьявіўся гэты дзёньнік абсалютна нечакана для рэдакцыі часопіса „Дзеяслоў“. Ніхто ня ведаў, што ў сям’і гэты дзёньнік захоўваецца. Нават караткевічазнаўцы, укладальнікі Збору твораў Караткевіча, нічога ня ведалі».

Толькі ўлетку Алена Сінькевіч, пляменьніца Ўладзімера Караткевіча, паведаміла рэдакцыі часопіса пра рукапіс. Яна ж і рыхтавала яго да публікацыі, зрабіўшы некаторыя купюры. Адмыслоўцы стараюцца не задавацца пытаньнямі, чаму сям’я адкладала выданьне дзёньніка і якія купюры былі зробленыя. Кажуць, што яны нязначныя. І нагадваюць, што дзёньнік Караткевіч пісаў шчыра і адкрыта. А вось за саму публікацыю надзвычай удзячныя ўсе.

Злева направа: Анатоль Івашчанка, Барыс Пятровіч, Алена Сінькевіч зьвяраюць з арыгіналам вёрстку дзёньніка Караткевіча

Злева направа: Анатоль Івашчанка, Барыс Пятровіч, Алена Сінькевіч зьвяраюць з арыгіналам вёрстку дзёньніка Караткевіча

Паводле апісаньня Ціхана Чарнякевіча, дзёньнік вёўся ў тоўстым сшытку, які Караткевіч запаўняў ахайнымі і падрабязнымі запісамі. Ёсьць у дзёньніку і надзвычай якасна зробленыя пісьменьнікам малюнкі.

Рыхтаваў запісы да публікацыі супрацоўнік рэдакцыі «Дзеяслова» паэт і літаратуразнаўца Анатоль Івашчанка.

«Асабіста ў мяне падчас чытаньня гэтага дзёньніка ўзьнікла трошкі забытае пачуцьцё дакрананьня да забытага вялікага і прысутнасьці аўтара, — распавядае Анатоль. — Бо гэта не зусім звычайны дзёньнік, які пішацца пісьменьнікам цягам жыцьця. На маю думку, гэта своеасаблівы экспэрымэнт. Тут ён паставіў перад сабой задачу напісаць дзёньнік. Ён хацеў пісаць яго штодня, але кожнага разу, калі не атрымлівалася пісаць, пачынаў з таго, што выбачаецца перад сабой, перад дзёньнікам, перад магчымымі чытачамі, што ў яго не атрымалася зрабіць. І нават пералічвае прычыны, чаму не атрымалася, — камандзіроўка ці яшчэ што».

«Маё асабістае ўражаньне — гэта завершаны мастацкі твор, — заключае Анатоль Івашчанка. — Гэта значна глыбейшае і большае, чым проста пабытовыя запісы».

Менавіта на старонках гэтага дзёньніка можна прачытаць, як стваралася любімая чытачамі рамантычная аповесьць «Чазенія». А таксама — як легендарны «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» са сцэнару для фільму стаў паўнавартасным раманам.

«А хутчэй за ўсё — таму, што яму проста надакучыла змагацца зь людзьмі, якія працавалі над фільмам. І ён убачыў, што гэта не сцэнар, а гэта раман», — кажа Анатоль Івашчанка, які прызнаецца, што для яго на кожнай старонцы былі навіны і цікавосткі.

«Вельмі шкада, што дзёньнік зьяўляецца даволі позна, бо тыя творы, пра якія вядзецца ў ім, ужо апублікаваныя ў Зборы твораў, — выказвае меркаваньне Ціхан Чарнякевіч. — Той жа „Хрыстос прызямліўся ў Гародні“, „Чазенія“, вершы, апавяданьні. І там жа ў дзёньніку яшчэ ідзе змаганьне за публікацыю і канчатковае дачэсваньне „Каласоў пад сярпом тваім“. Усе гэтыя зьвесткі, пра якія гаворыць Караткевіч ад свайго імя, вельмі каштоўныя для навукоўцаў. На жаль, у камэнтары і дадаткі ў збор твораў яны ня ўвойдуць».

Між тым падчас працы над публікацыяй здарылася яшчэ адно адкрыцьцё. Як вядома, у кабінэце Ўладзімера Караткевіча вісеў партрэт Кастуся Каліноўскага. Нядаўна высьветлілася, што гэта падарунак Зянона Пазьняка, пра якога, дарэчы, пісьменьнік таксама згадвае ў дзёньніку.

Партрэт Каліноўскага ў кабінеце Караткевіча — падарунак Зянона Пазьняка

Партрэт Каліноўскага ў кабінеце Караткевіча — падарунак Зянона Пазьняка

«Для сям’і было адкрыцьцё, што на адвароце быў надпіс, — распавядае Ціхан Чарнякевіч. — Гэта мэмарыяльны кабінэт, дзе нічога не чапаецца ніколі. Яны там выпадкова перавярнулі гэты партрэт, а там — каліграфія Зянона Станіслававіча. Ён у дзёньніку таксама згадваецца як малады здольны хлапец. Цікава, што Караткевіч яго ўжо тады вельмі адзначыў як здольнага цікавага чалавека».

Адварот — з каліграфіяй Зянона Пазьняка: «Уладзімеру Караткевічу. Няхай Тваё жыццё будзе вартым Ягонай смерці. З.П. 26.ХІ.65. Мінск»

Адварот — з каліграфіяй Зянона Пазьняка: «Уладзімеру Караткевічу. Няхай Тваё жыццё будзе вартым Ягонай смерці. З.П. 26.ХІ.65. Мінск»

78 нумар часопіса «Дзеяслоў», дзе публікуецца дзёньнік Уладзімера Караткевіча, можна набыць у кнігарнях «Акадэмкніга», «Логвінаў», «Кніжны салён» і на сайце knihi.by.

Фота Ціхана Чарнякевіча, lit-bel.org

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG