Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Будаўніцтва бізнэс-цэнтру ля Курапацкага ўрочышча прыпынена да ўрэгуляваньня сытуацыі, — Несьцераў


Дырэктар Таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Белрэканструкцыя» Сяргей Несьцераў заявіў, што пляцоўка пад узьвядзеньне адміністрацыйнага будынка ля Курапацкага ўрочышча набытая на аўкцыёне на законных падставах.

«У нас ёсьць абавязаньні перад горадам па асваеньні выдзеленага ўчастку, плацім падатак на зямлю. Кампанія вырашыла прыпыніць працы да ўрэгуляваньня сытуацыі», — сказаў у інтэрвію БЕЛТА Сяргей Несьцераў.

Бізнэсовец лічыць, што гарадзкія ўлады і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці павінны разам шукаць шляхі вырашэньня праблемы. Інвэстар выказаў гатоўнасьць узяць удзел у фінансаваньні праекту па ўвекавечаньні памяці ахвяр рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты.

Сёньня ж Сяргей Несьцераў адмовіўся камэнтаваць сытуацыю па просьбе карэспандэнта Свабоды. Раней у інтэрвію карэспандэнту Свабоды Несьцераў заявіў, што ў яго ўзьнікла апатыя, бо ён «убачыў твар апазыцыі і твар разьдзімальнікаў».

2 сакавіка лідэр «Маладога фронту» і лягера абаронцаў Курапатаў Зьміцер Дашкевіч схадзіў на прыём да бізнэсоўцаў Ігара Анішчанкі і Сяргея Несьцерава.

«Забудоўнік нас запэўніў, што ніякай будовы ён на гэтым месцы рабіць ня будзе», — сказаў Зьміцер Дашкевіч пасьля сустрэчы.

Паводле БЕЛТА, зямельны ўчастак, дзе плянуецца пабудаваць бізнэс-цэнтар, знаходзіцца ў раёне скрыжаваньня МКАД з вуліцай Мірашнічэнкі «за межамі зон аховы гісторыка-культурнай каштоўнасьці». Паводле афіцыйнага агенцтва, праект будаўніцтва ўзгоднены, ёсьць неабходныя дазвольныя дакумэнты, у тым ліку заключэньне дзяржаўнай экспэртызы, рашэньне Менгарвыканкаму ад 20 студзеня 2017 году № 162 «Аб дазволе ўзьвядзеньня абʼекта», дазвол інспэкцыі Дэпартамэнту кантролю і нагляду за будаўніцтвам па Менску на правядзеньне будаўніча-мантажных работ. Плянуецца на 1 паверсе адміністрацыйнага будынка разьмясьціць памяшканьне грамадзкага прызначэньня, на 2–5 паверхах — офісы.

Пра прыпыненьне працаў на будоўлі стала вядома 1 сакавіка падчас сустрэчы абаронцаў Курапатаў са старшынём Менгарвыканкаму Андрэем Шорцам. Паводле ўдзельніка сустрэчы, старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, тэрыторыя, дзе вядзецца будоўля, была ў межах ахоўнай зоны і павінна заставацца ў межах ахоўнай зоны.

«Прыпынены працы — як мінімум цягам тыдня нічога ня будзе будавацца. Гэта нельга лічыць канчатковай перамогай», — сказаў палітык.

3 сакавіка а 18-й гадзіне абаронцы Курапатаў у Менску ладзяць агульнагарадзкі мітынг «Абаронім Курапаты». Ён пройдзе ў намётавым лягеры абаронцаў Курапатаў, які трывае ўжо 11 дзень. Абаронцы не зьбіраюцца згортваць лягер, пакуль ня будзе канчатковага рашэньня пра адмену будаўніцтва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG