Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Некаторыя нашы дактары больш падобныя да знахараў...»


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Мэдычнае абслугоўваньне ў Беларусі нібыта агульнадаступнае і бясплатнае, але насамрэч яно вельмі дорага абыходзіцца людзям. І размова тут ня толькі і ня столькі пра грошы, колькі — пра змарнаваныя ў шматлікіх чэргах нэрвы і час. Прынамсі, пра гэта сьведчаць многія допісы на Свабоду.

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго такога ліста. Наш слухач Аляксандар Лешык з Баранавічаў піша:

«Да чаго дайшла наша мэдыцына... Каб трапіць на прыём да лекара, чаргу трэба займаць ледзь ня з ночы. Вось я ў 6:30 раніцы быў у чарзе сёмым, а талёна мне не дасталося. Хворыя запісваюцца на прыём за месяц, а то і за два, бо паўсюль — даўжэзныя чэргі.

Ці яшчэ адно назіраньне. Першыя пару чалавек у чарзе атрымліваюць талён бясплатна, а астатнім ужо трэба плаціць 25 тысяч. Але і за грошы трапляюць ня ўсе.

Што да таго, каб трапіць у шпіталь — то гэта асобная гісторыя. Мала мець накіраваньне і вынікі абсьледаваньня — там у загадчыка аддзяленьня свая чарга. Пры гэтым па ўзроўні прафэсіяналізму некаторыя дактары больш падобныя да знахараў. Сутыкнуўся я з адным хірургам — яму хіба толькі зь нябожчыкамі працаваць.

Але каму паскардзісься, куды падзенесься? Іншай мэдыцыны ў нас няма. А пачнеш адстойваць свае правы — дык выганяць умомант. На бальнічным калідоры ля дзьвярэй ужо сядзіць іншы хворы, чакае, пакуль вызваліцца месца».

На ўсёй беларускай сыстэме аховы здароўя ўжо даўно бачная выразная пячатка безграшоўя і, як вынік, занядбанасьці. Гэта выяўляецца ня толькі ў даўжэзных чэргах на прыём да лекараў, але і ў стане мэдабсталяваньня, выглядзе шпітальных палат, заробках пэрсаналу — і ў шмат чым іншым. Чаму так адбываецца? Ці не таму, што кіраўнік дзяржавы пры кожным зручным выпадку нагадвае суграмадзянам, што здароўя трэба шукаць не ў паліклініках, а ў трэнажорных залях і лядовых палацах. Гэтыя прыгожыя мэтафары пасьлядоўна ўвасобленыя ў дзяржаўную палітыку. Як вынік: чэргаў у лядовыя палацы няма, затое на прыём да доктара — вунь якія! Ці яшчэ адна адметная дэталь: заробак нават самага шараговага, мала каму вядомага хакеіста ў заштатным клюбе-аўтсайдэры — дзясяткі тысяч даляраў у месяц, а заробак нават самага найлепшага доктара ўчастковай паліклінікі — у дзясяткі, а то і сотні разоў меншы.

✉ ✉ ✉

Аўтар наступнага ліста Кастусь Сырэль з Вушачаў разважае пра ролю тэлебачаньня ў цяперашняй прапагандысцкай кампаніі, якую вядуць расейскія ўлады супраць Украіны:

«Паглядзіце, што зрабіла тэлебачаньне з розумамі расейцаў усяго за адзін год. І гэта пры тым, што на працягу апошніх 360 год Украіна (прынамсі, левабярэжная) жыла ў саюзе з Расеяй. Расейцы ў большасьці заўсёды лічылі суседзяў-украінцаў братамі, як і ўкраінцы расейцаў. Гэтую дружбу не парушылі ні тры галадаморы, арганізаваныя Крамлём на Ўкраіне, ні рэпрэсіі, — нішто не змагло зрабіць два народы зацятымі ворагамі!

А тэлебачаньне за лічаныя месяцы ператварыла ўкраінцаў ва ўяўленьні 80% расейцаў у фашыстаў, у нейкіх „укропаў“, у бандэраўцаў (хоць сам Сьцяпан Бандэра быццам бы нічога дрэннага расейцам ці Расеі не зрабіў). 80% расейцаў ухвалілі збройную агрэсію ва Ўкраіну і захоп Крыму насуперак міжнародным дамоўленасьцям. Больш за тое, 25% з гэтых 80% тэлебачаньне зрабіла цалкам шалёнымі неадэкватамі — а як яшчэ можна назваць людзей, якія ўхваляюць ужываньне ядзернай зброі, то бок фактычна разьвязваньне сусьветнай ядзернай вайны!

Можна запярэчыць, што не адно тэлебачаньне прычынілася да гэтай злачыннай справы. Так, згодзен, ня толькі. Але ягоная роля пераважае — працэнтаў на 90–95 вінаватае менавіта яно. Сучасныя тэхнічныя магчымасьці тэлебачаньня — вялікія экраны з амаль ідэальнай перадачай колеру, кампутарная графіка і шмат што іншае, і ўсё гэта памножанае на сучасныя паліттэхналёгіі — даюць такі шалёны эфэкт, зь якім проста немагчыма параўнаць ніякі газэтны аркуш ці радыёпрымач. Нездарма ж і газэты, і радыё (і Свабода таксама) актыўна перасяляюцца ў інтэрнэт, на маніторы нашых кампутараў. Але калі інтэрнэт дазваляе фільтраваць уваходны паток інфармацыі, то бок чытаць ці глядзець тое, што цікавіць, то тэлебачаньне такой магчымасьці фактычна пазбаўляе. Тэлегледачу тэлекувалда ўбівае ў галаву такія крывыя іржавыя цьвікі, што проста жах бярэ!».

На маю думку, спадар Кастусь, вы ў гэтай справе ўсё ж перабольшваеце ролю расейскай тэлепрапаганды. Атрутнае насеньне, якое расьсяваюць крамлёўскія тэлеканалы, трапляе ў добра ўгноеную глебу грамадзкіх чаканьняў — вось у чым тут найперш справа. Выявілася, імпэрскі дух у расейскім народзе жывы — нягледзячы на ўсе ўзрушэньні апошніх дзесяцігодзьдзяў. А фантомныя болі ад страчаных у 1991 годзе тэрыторыяў уласьцівыя ня толькі вялікадзяржаўным камуністам ды «жырыноўцам» — але і самым шырокім слаям насельніцтва.

Нешта падобнае перажывала ў міжваенны пэрыяд нямецкае грамадзтва. Асьлепленыя «вэрсальскім комплексам» немцы, глыбока ўражаныя, пакрыўджаныя і зьняважаныя паразай у Першай сусьветнай вайне, прыніжальнымі ўмовамі міру, стратай многіх тэрыторыяў былой імпэрыі — урэшце прагаласавалі за Гітлера і нацыстаў, якія абяцалі любой цаной вярнуць былую веліч і адбудаваць магутны Рэйх. Прыблізна тое ж адбываецца ў сёньняшняй Расеі. А тэлебачаньне — толькі адзін з інструмэнтаў, каб разьдзьмуць гэты агонь, вугольле якога ў расейскім грамадзтве ніколі не затухала.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную нядзелю.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG