Кіраўнік Эўрапейскай Рады Дональд Туск заклікаў цалкам зачыніць балканскі маршрут для нелегальных мігрантаў.
Выступаючы ў суботу перад адкрыцьцём у Вене міжнароднай сустрэчы па праблемах міграцыі, Туск заклікаў аднавіць кантроль на вонкавых межах Эўрапейскага Зьвязу — пры цесным супрацоўніцтве з балканскімі партнэрамі і Турцыяй.
Чалец Эўракамісіі па пытаньнях міграцыі Дзімітрыс Аврамопулас, са свайго боку, запатрабаваў, каб усе рашэньні Эўразьвязу грунтаваліся на прынцыпах гуманізму і павагі чалавечай годнасьці, і раскрытыкаваў эўрапейскія краіны за нежаданьне прытрымлівацца агульнай міграцыйнай палітыкі.
У саміце, які праходзіць у Вене ўдзельнічае шэраг краін Эўразьвязу, а таксама балканскія дзяржавы, якія не ўваходзяць у ЭЗ.
Удзельнікі папярэдняга саміту па праблемах міграцыі, які адбыўся сёлета ў лютым, вырашылі зачыніць маршрут перамяшчэньня нелегальных мігрантаў з Грэцыі ў Нямеччыну і Аўстрыю. Лідэры гэтых краін, якія не прыбылі на сустрэчу выказалі незадаволенасьць прынятымі мерамі: тысячы бежанцаў апынуліся блякаванымі на поўначы Грэцыі, прычым Бэрлін зноў падкрэсьліў, што закрыцьцё межаў не дапаможа ўрэгуляваць міграцыйны крызіс.