Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Куды пойдуць расейскія танкі з Клінцоў?


Расейскія танкі ў Клінцах, 5 чэрвеня
Расейскія танкі ў Клінцах, 5 чэрвеня

Дзеля чаго Расея канцэнтруе войскі на мяжы з Беларусьсю? Куды яны пойдуць — у Беларусь, ва Ўкраіну ці нікуды?

Глод: Усяго ў 40 кілямэтрах ад мяжы зь Беларусьсю, у гарадок Клінцы Бранскай вобласьці прыбылі расейскія войскі. Карэспандэнт беларускай Свабоды, пабываўшы ў Клінцах, сьведчыць: войскі не абы якія. Гэта 28-я асобная мотастралковая брыгада ўзброеных сілаў Расеі. Яе афіцэры здабылі значны баявы досьвед у шэрагу кампаніяў: ад Другой чачэнскай і Цхінвалі да Сырыі.

Жыхары Клінцоў, зь якімі размаўляла карэспандэнт Свабоды, да перамяшчэньня ў іх гарадок вайскоўцаў з Уралу ставяцца насьцярожана. Яны занепакоеныя, і кажуць, што «хутка нешта будзе».

Дык што тут можа адбыцца? Меркаваньні незалежных экспэртаў наконт мэты пераводу расейскіх войскаў пад самую мяжу Беларусі падзяліліся. Гэтак, Аляксандар Алесін сьцьвярджае, што танкі ў Клінцах не нясуць відавочнай пагрозы для Беларусі і што разьмяшчэньне ўзбраеньняў сьведчыць пра палітычную, а не пра наступальную апэрацыю. Паводле Алесіна, тут выбудоўваецца «другая лінія абароны», каб падкрэсьліць недавер да Беларусі, якая дагэтуль лічылася асноўным ваенным хаўрусьнікам Расеі.

Для дэстабілізацыі становішча ў асобным рэгіёне неабавязкова павінны ўрывацца вялікія масы войскаў

А вось аўтар расьсьледаваньняў на сайце Informnapalm Дзяніс Івашын упэўнены: войска разьмяшчаецца ўздоўж мяжы з разьлікам менавіта на Беларусь, а не на Ўкраіну, бо праз Клінцы праходзіць аўтамагістраль Гомель — Бранск і чыгунка Гомель — Унеча, а з Украінай такога транспартнага злучэньня тут няма. Івашын нагадвае, што для дэстабілізацыі становішча ў асобным рэгіёне неабавязкова павінны ўрывацца вялікія масы войскаў, і прыводзіць прыклад Крыму.

У расейскім Міністэрстве абароны перадысьлякацыю 28-й асобнай мотастралковай брыгады называюць «адным з захадаў у адказ на павелічэньне інтэнсіўнасьці вучэньняў NATO». Мінабароны Беларусі камэнтаваць сытуацыю адмовілася.

Таму давайце, калегі, паразважаем мы — куды могуць павярнуць расейскія танкі? Але спачатку хачу заўважыць, што праглядаючы матэрыялы ў расейскіх мэдыях, можна прыйсьці да высновы, што міністэрства абароны Расеі зараз робіць стаўку менавіта на танкі. Ідзе гаворка пра стварэньне дзьвюх новых танкавых арміяў. Прычым, адну зь іх мяркуюць разьмесьціць у Смаленскай вобласьці.

Дык каму ж пагражаюць расейскія танкі? Калі гэта рэакцыя на NATO, то лягічна думаць, што Захаду. А, можа, усё ж цяжкія машыны возьмуць курс на Ўкраіну? І нарэшце яшчэ адзін варыянт — на Беларусь.

Ці мае рацыю маёр у Клінцах, які сказаў карэспандэнту Свабоды:
«Лукашэнка пачаў на Захад паглядваць, вось дзядзя Вова і вырашыў яго напружыць. Пакуль балянсуе паміж дзьвюма табурэткамі. Мы вайны ня хочам, але яму вельмі не рэкамэндавалі пускаць НАТО. Тут да Гомеля ехаць менш чым дзьве гадзіны, а да мяжы 40 кілямэтраў. Якая ўжо розьніца? Лічы, мы да вашага Бацькі ў госьці прыехалі. А ведаеш, якая прыцэльная дальнасьць у „Града“, напрыклад?»

Каліноўскі: Зьяўленьне расейскіх танкаў у Клінцах, за 40 км ад беларускай мяжы — гэта ня толькі прамая пагроза Кіеву. Дарэчы, вайскоўцы і жыхары Клінцоў гавораць пра магчымую вайну з Украінай. Але ў такім оруэлаўскім духу — калі Ўкраіна на нас нападзе. На каго Ўкраіне дзе нападала і нападае?

Але гэта і відавочны жэст у бок Лукашэнкі. На гэтым тыдні на сайце Свабоды быў апублікаваны вялікі рэпартаж з Клінцоў і ў ім расейскія афіцэры адкрыта казалі, што яны прыехалі амаль у госьці да Лукашэнкі, бо ён сябе ня так паводзіць, як хацела б Расея.

Вайна, якую пачала Расея ва Ўкраіне, патрабуе свайго далейшага лягічнага працягу.

Гэты жэст паказвае відавочна, што Пуцін не давярае яму. Але галоўнае: вайна, якую пачала Расея ва Ўкраіне, патрабуе свайго далейшага лягічнага працягу — ваенных дзеяньняў, наступленьня, перамогаў. Расейскія салдаты ужо пакаштавалі крыві, ўсёдазволенасьці, апрабавалі найноўшае ўзбраеньне, паспыталі таксама, што такое катаваньні праціўнікаў і марадзёрства ў цывільных у Данбасе. Вось нядаўна зьявілася інфармацыя, як расейскі афіцэр за бесцань распрадае ў Расеі выкрадзеныя на Данбасе машыны. Піша аб’явы ў сацыяльных сетках і не хаваецца.

Гэтыя перасоўваньні вайсковых частак — працяг вайны, абсалютна лягічны, хоць сёньня трэба Пуціну дамаўляцца з Захадам і Ўкраінай, а не наступаць на Кіеў. Але пакуль мір не падпісаны, Расея не прызнала сваю паразу ў неабвешчанай вайне, такія жэсты мы будзем назіраць увесь час. Яны выклікаюць напругу і страх, Захад вымушаны пашыраць сваю ваенную прысутнасьць на межах Польшчы, Літвы і іншых краінаў. Пакуль ня будзе падпісаны мір, гэта будзе працягвацца.

І Беларусь можа стаць чарговай ахвярай гібрыднай вайны Расеі. Пакуль Крэмль гэта не дапускае ў публічную прастору, але думаю, што генштаб Расеі ўжо мае адпаведныя пляны. Расея ўступіла ў паласу рэвізіянізму, яна хоча аднавіць ранейшыя межы СССР і пакуль пры ўладзе будзе заставацца Пуцін, ад гэтых мэтаў Расея не адмовіцца.

Дракахруст: Я больш згодны з трактоўкай ваеннага экспэрта Алесіна, што гэта больш палітычная дэманстрацыя, чым ваенная. Цяпер NATO ўмацоўвае свае групоўкі ў Польшчы, краінах Балтыі, ідуць маштабныя манэўры, якіх шмат гадоў не было. Расея дае адказ паводле прынцыпу «пагроза мацнейшая за выкананьне».

Яшчэ ў лютым міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу казаў пра тое, што Расея стварае новыя дывізіі на сваёй заходняй мяжы. Зьяўленьне гэтых брыгадаў можна разглядаць як рэалізацыю гэтага пляну.

Я б пагадзіўся з лёгікай спадара Івашына з «Інфармнапалму», калі б гэта былі дэсантнікі ці спэцназ. Але па рэпартажы нашай карэспандэнткі можна судзіць, якое там забесьпячэньне матэрыяльнае гэтых частак, якая там дысцыпліна. Гэта сьведчыць пра тое, што гэта звычайныя расейскія лінейныя вайсковыя часткі. Гэта танкі.

Гібрыдную вайну не вядуць танкамі — яна вядзецца спэцпадразьдзяленьнямі.

У Крыме танкаў не было. На пачатку і ў Данбасе танкаў не было — дзейнічалі дывэрсанты, спэцпадразьдзяленьні. Так, танкі там былі, але калі ўжо там былі клясычныя баявыя дзеяньні. Цяпер ніякіх баявых дзеяньняў у Беларусі няма. А гібрыдную вайну не вядуць танкамі — яна вядзецца спэцпадразьдзяленьнямі.

Мне здаецца, што гэта спосаб ціску на Беларусь, але палітычны. Таму што калі Лукашэнка бачыць, што побач стаяць танкі, колькі б ён ні быў упэўнены, што яны ня пойдуць у Беларусь, усё ж ёсьць крыху халадок на карку.

Магчыма гэта таксама дзеяньні паводле прынцыпу «пагроза мацнейшая за выкананьне» і адносна Ўкраіны. Пойдуць гэтыя войскі на Украіну ці ня пойдуць — гэта пытаньне. Але ўкраінскі генштаб бачыць, што непадалёк ад мяжы Ўкраіны, на новым накірунку патэнцыйнага ўдару зьяўляюцца ваенная групоўка праціўніка. Гэта значыць, трэба мацаваць адпаведны кірунак сваёй абароны. Гэта значыць, перакідваць туды войскі, будаваць фартыфікацыйныя умацаваньні — траціць грошы. Магчыма, у гэтым і ёсьць мэта Расеі — выклікаць Украіну на такія дзеяньні, каб яна трацілі грошы і расьцярушвала свае сілы.

А асноўны кірунак, калі будзе, будзе зусім іншы, значна больш на поўдзень, там, дзе на мяжы Ўкраіны і Расеі сканцэнтраваныя значна большыя расейскія войскі. А гэта, магчыма, ілжывы манэўр, каб адцягнуць сілы, увагу Кіева ад галоўнага кірунку патэнцыйнага ўдару.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG