Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскага актывіста суд пакараў мінімальным штрафам у 63 рублі, хоць міліцыя хадайнічала пра арышт


Уладзімер Няпомняшчых у залі суду

Уладзімер Няпомняшчых у залі суду

27 верасьня суд Чыгуначнага раёну Гомеля пакараў штрафам у 3 базавыя велічыні (63 рублі) апазыцыйнага актывіста Ўладзімера Няпомняшчых.

Былога кандыдата ў дэпутаты ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі, назіральніка на выбарах абвінавацілі ў дробным хуліганстве і непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі.

Кіраўніцтва Чыгуначнага РАУСу, дзе складалі пратаколы паводле артыкулаў 17.1 і 23.4 КаАП, пісьмова хадайнічала, каб суд пакараў актывіста адміністрацыйным арыштам.

«Я хоць і даваў адвод судзьдзі Мікалаю Бакунову і пастанова несправядлівая, але лічу, што прымаў яе судзьдзя ўсе ж такі з аглядкай на сумленьне. Ня кожны на такое адважыцца. Ён зразумеў, што я не вінаваты. І пакараў мінімальна, бо ў іншым разе яго не зразумелі б улады», — сказаў Уладзімер пасьля агалошваньня пастановы.

Адвод судзьдзі Няпомняшчых заявіў пасьля таго, як той адхіліў каля дзясятка хадайніцтваў, у тым ліку на абарону й на выклік у суд амапаўцаў Ігара Ючко, Андрэя Лук’янцава, Міхаіла Аленіча, якія затрымлівалі актывіста 12 верасьня. А таксама хадайніцтва на правядзеньне яму псыхіятрычнай экспэртызы.

Калі я падлюка і падманшчык, то я заплачу, калі амапаўцы — яны заплацяць

«Калі я, 64-гадовы дзядуля, былы афіцэр міліцыі з 20-гадовым стажам, — казаў суду Ўладзімер, — на прыпынку грамадзкага транспарту размахваў рукамі, беспрычынна лаяўся, уцякаў ад амапаўцаў зь цяжкім заплечнікам, як пішуць міліцыянты ў рапартах і пратаколах, то я ненармальны чалавек, мяне трэба адвезьці і праверыць на псыхічнае здароўе. Я магу нават аплаціць і працэдуру праверкі сваіх тлумачэньняў і сьведчаньняў амапаўцаў на дэтэктары хлусьні. Калі я падлюка і падманшчык, то я заплачу, калі амапаўцы — яны заплацяць».

Два тыдні таму Ўладзімера затрымалі амапаўцы на прыпынку грамадзкага транспарту на Прывакзальнай плошчы. Актывіст кіраваўся на аўтавакзал, каб ехаць у Менск — перадаць старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай сьведчаньні прыпісак яўкі выбарнікаў, якія ён зафіксаваў на ўчастку № 10 Цэнтральнай акругі, і паўдзельнічаць у акцыі пратэсту «Патрабуем сапраўдных выбараў». На ім была майка ня з надпісам «За Беларусь без Лукашэнкі», якую ён часьцяком носіць, а іншая, з надпісамі: «Астравецкая АЭС — твой выбар?» і «Дзеці-мутанты таксама?».

Актывіст лічыць, што была замова яго затрымаць, каб сарваць паездку ў сталіцу на акцыю пратэсту. І каманда мясцовай міліцыі паступіла няйначай як зь Міністэрства ўнутраных спраў. А хадайніцтва Чыгуначнага РАУСу ў суд, каб яго пакаралі арыштам, — гэта ўжо самадзейнасьць мясцовых праваахоўнікаў. Яны проста пабойваліся, што актывіст, як і ў чэрвені, зьявіцца на вуліцы ў майцы «За Беларусь без Лукашэнкі» — у гэтыя дні кіраўнік дзяржавы меўся наведаць Гомельскі ліцэй МНС, але нечакана выправіўся ў Кітай.

«Караць арыштам Уладзімера ўжо не было неабходнасьці. Судзьдзя прызначыў мінімальны штраф, бо адхіліў усе хадайніцтвы — на выклік сьведак, амапаўцаў і супрацоўнікаў Чыгуначнага РАУСу, на запатрабаваньне відэазапісу з камэры вонкавага назіраньня, на правядзеньне псыхіятрычнай экспэртызы. Які ж тут аб’ектыўны і бесстароньні разбор? Няма яго.Таму й спушчана гэтая адміністрацыйная справа на тармазах», — кажа гомельскі прадстаўнік Беларускага Хэльсынскага камітэту Віктар Адзіночанка.

Аднак, нягледзячы на мінімальны штраф, Уладзімер Няпомняшчых наважаны абскардзіць пастанову судзьдзі Бакунова.

«Абавязкова трэба абскардзіць, выкарыстаць усе ўнутраныя сродкі прававой абароны і, калі спатрэбіцца, магчымасьці Камітэту ААН па правах чалавека, — кажа праваабаронца, юрыст Леанід Судаленка, якога судзьдзя не дапусьціў да разгляду адміністрацыйнай справы ў якасьці прадстаўніка Ўладзімера Няпомняшчых. — Не павінны апамаўцы беспрычынна хапаць на вуліцы ні дарослых, ні нашых дзяцей. Урэшце, каб не хлусілі, не выконвалі злачынныя загады».

XS
SM
MD
LG