Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Экс-кандыдат на выбарах прэзыдэнта Беларусі 2010 году Рыгор Кастусёў у часе онлайн-канфэрэнцыі на сайце Свабоды заявіў, што шэсьць іншых апазыцыйных кандыдатаў езьдзілі на перамовы ў Крэмль.

«Я не папаў у той сьпіс з шасьці кандыдатаў у прэзыдэнты, што былі прынятыя ў Крамлі напярэдадні 19 сьнежня. На жаль, да гэтай пары інфармацыя аб зьмесьце тых перамоваў застаецца закрытая для СМІ», — дадаў спадар Кастусёў.

Тры іншыя кандыдаты на выбарах 2010 году ў інтэрвію Свабодзе заявілі, што ня бралі ўдзелу ў сустрэчах у Крамлі.

Уладзімер Някляеў: «Шостым я ня быў»

«Ня ведаю, пра што кажа Кастусёў, але дакладна я ў Крамлі ня быў і побач з Пуціным не стаяў. Можа, іншыя пяць з шасьці са сьпісу, які ведае Рыгор Кастусёў, там і былі, але я шостым ня быў дакладна».

Віталь Рымашэўскі: «Плёткі толькі павялічваюць сваркі ў апазыцыі»

«Цягам мінулага месяца Рыгор Кастусёў мне таксама казаў, што мы зь ім, магчыма, адзіныя, хто ня быў у гэтым сьпісе, а астатнія ці многія былі ў Крамлі. Пра сябе магу сказаць дакладна, што я і мой штаб ані з Аляксандрам Лукашэнкам, ані з Крамлём ніякіх перамоваў не вялі і, адпаведна, ніякіх сустрэч не было. Мяркую, што збольшага магла быць нейкая сустрэча, але трэба карыстацца фактамі, а плёткі толькі павялічваюць сваркі ў апазыцыі ды сеюць недавер да ўсіх прадстаўнікоў дэмакратычных сіл. Навошта гэта рабіць? Прапаную прагугліць выказваньні кандыдатаў на прэзыдэнта перад тымі выбарамі, хто што казаў пра каго адносна супрацоўніцтва з Крамлём, і тады шмат што стане зразумела. У мяне ўражаньне дэжавю, калі напярэдадні новых выбараў пачалі зьяўляцца тыя ж абвінавачаньні».

Віктар Цярэшчанка: «Калі б такая сустрэча была, то пра яе стала б вядома»

«Калі Рыгор Кастусёў кажа, што ня быў на той сустрэчы, то ён дакладна ня быў яе сьведкам і пэўна казаць пра яе ня можа. Што да мяне, то я ў такой сустрэчы ня браў удзелу і пра яе ня чуў, хоць размаўляў з усімі кандыдатамі дастаткова шчыра. Калі б такая сустрэча была, то пра яе стала б вядома. Не, мяркую такой сустрэчы не было, ва ўсякім разе ў Расейскай Фэдэрацыі, у той час і ў тым месцы».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG