Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яны на словах хацелі абʼяднаньня, а на справе — не», — Някляеў пра заяву Лябедзькі аб правядзеньні кангрэсу


Уладзімер Някляеў, архіўнае фота

Уладзімер Някляеў, архіўнае фота

Старшыня руху «За дзяржаўнасьць і незалежнасьць» Уладзімер Някляеў пракамэнтаваў карэспандэнту Свабоды заяву старшыні Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі аб правядзеньні кангрэсу дэмакратычных сілаў правацэнтрысцкай кааліцыяй.

Кангрэс павінен стаць сумесным стартам парлямэнцкай выбарчай кампаніі,

Уладзімер Някляеў лічыць, што Анатоль Лябедзька парушыў дамоўленасьці:

«Каторы раз я пераконваюся, як складана дамовіцца пра нешта ўнутры таго, што называецца беларускай тытульнай апазыцыяй. І выйсьці на нейкае агульнае вырашэньне праблемы, пытаньня.

Насамрэч вяліся размовы пра тое, што мы можам правесьці перад парлямэнцкімі выбарамі нейкую сумесную імпрэзу — ці гэта кангрэс, ці гэта сход, ці гэта, як прапаноўвалася, асамблея. Якраз ня так даўно мы сустракаліся і гэтае пытаньне абмяркоўвалі.

Але там была вельмі простая дамоўленасьць — пакуль мы ня прыйдзем да нейкага выніку, да насамрэч агульнага рашэньня, пра гэта нідзе ў СМІ не абвяшчаць.

І вось Анатоль Лябедзька заяўляе пра тое, што правацэнтрысцкая кааліцыя зьбіраецца праводзіць кангрэс.

Ну, калі хацець заваліць гэтае пытаньне, спляжыць усе дамоўленасьці, то гэта было найлепшае, што можна было зрабіць.

З гэтага можна зрабіць выснову, што яны на словах хацелі гэтага абʼяднаньня, а на справе — не.

Бо так падыходзіць да вырашэньня праблемы, першымі пракукарэкаць, што мы вось такія харошыя хлопцы, што прапаноўваем усім астатнім кангрэс, — гэта якраз найкарацейшы шлях, каб такога кангрэсу не адбылося».

Паводле Някляева, гэта не азначае, што арганізацыі, якія ўваходзяць у Беларускі нацыянальны кангрэс, праз гэта адмовяцца ад абʼяднаўчай ідэі.

«Мы праводзілі Беларускі нацыянальны кангрэс менавіта як абʼяднаўчую акцыю. Мы прапаноўвалі яшчэ паўгода таму: давайце ня будзем спрачацца, а перад парлямэнцкімі выбарамі зьбярэмся на нейкае мерапрыемства, каб заявіць дзьве самыя істотныя рэчы.

Гэта — сказаць людзям, якія ня бачаць выйсьця з тупіку, пра тое, як з гэтага тупіку можна выйсьці. І яшчэ адно — гэта выпрацаваць агульныя падыходы да парлямэнцкіх выбараў.

Яны адмовіліся, не захацелі. Цяпер раптам захацелі.

Мы ня супраць. Але давайце ўсё гэта рабіць разам. Інакш у нас нічога не атрымаецца».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG