Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляеў абскардзіў у Генпракуратуры сваё затрыманьне, якое лічыць выкраданьнем


Уладзімер Някляеў у берасьцейскім шпіталі

Палітык Уладзімер Някляеў, затрыманы ўночы 25 сакавіка на берасьцейскім вакзале, абскардзіў у Генпракуратуры сваё затрыманьне.

Затрыманьне ён называе выкраданьнем: яму не было прадʼяўлена ніякіх дакумэнтаў на затрыманьне, прычыны не паведамляліся, а адвакату і родзічам не паведамлялі пра месца яго знаходжаньня, адмаўлялі, што ён знаходзіцца ў Ленінскім РАУС, дзе ён на самой справе быў.

«У юрыспрудэнцыі ёсьць такі панятак „інкамунікада“ — гэта значыць, адсутнасьць у затрыманага сувязі з родзічамі і адвакатам. Гэта па сутнасьці азначае, што чалавек выкрадзены, а не затрыманы, бо пра яго ніхто нічога ня ведае. Ва ўсім сьвеце гэта разглядаецца як адно з асноўных парушэньняў, прымаецца ва ўсім сьвеце да разгляду, прызнаецца катаваньнем».

«Мы разумелі, што не схавацца пры тым татальным сачэньні, якое было за мной і за Статкевічам», — Уладзімер Някляеў

Пасьля затрыманьня Някляеў перанёс гіпэртанічны крыз, дагэтуль ён у шпіталі ў Берасьці. Але выказвае падзяку лекарам:

«Стан цяпер лепшы. Я вельмі ўдзячны мэдыкам шпіталя берасьцейскай хуткай дапамогі, якія падышлі да справы як прафэсійныя людзі, а не як нейкія, як гэта было ў Менску, заангажаваныя грамадзяне, якія хочуць на сваёй прафэсіі зарабіць дадатковыя бонусы. Паставілі мяне на ногі! Заўтра я ўжо зьбіраюся выпісвацца і ехаць дахаты».

Някляеў трапляў у лякарню пасьля гвалтоўнага затрыманьня ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў у 2010 годзе, калі яшчэ быў у статусе кандыдата ў прэзыдэнты. У той час як калёна прыхільнікаў Уладзімера Някляева рушыла са штабу ў бок Кастрычніцкай плошчы, на людзей наляцелі каля 50 чалавек у чорным. Прыхільнікаў Някляева пачалі брутальна зьбіваць, выбухалі шумавыя гранаты і пэтарды. Нягледзячы на шпіталізацыю з чэрапна-мазгавой траўмай і цяжкі стан, яго забралі з палаты «людзі ў цывільным».

Справу аб падзеях таго дня цяпер разглядаюць у Камітэце па правах чалавека ААН:

«Такія справы разглядаюцца вельмі доўга. Я атрымаў ужо некалькі прамежкавых адказаў адносна справы. Тэндэнцыя абазначаецца да таго, што я выйграю ў дзяржавы гэты працэс», — кажа Някляеў.

Някляеў кажа, што ў цяперашняй скарзе ў Генпракуратуру няма асаблівага сэнсу для цяперашняга моманту, але ёсьць сэнс для будучыні:

«Ну, будзе чаканая рэакцыя, ніхто на гэта нават увагі там ня зьверне, хоць яны абавязаныя на гэта адказаць. Мо нейкі фармальны адказ будзе. Але гэта напаўненьне прававой прасторы дзеля абароны людзей у бліжэйшай будучыні. Трэба будаваць прававую дзяржаву. Гэтыя юрыдычныя цаглінкі незаўважныя для грамадзтва, але вельмі важныя ў будынку нашай будучай прававой дзяржавы».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG