Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Нягледзячы на пратэсты, будоўля Сафійскага сабору ў Віцебску пачалася


На плоце, якім адгарадзілі частку парку паміж вуліцамі Чэхава і Ўрыцкага ў Віцебску, зьявілася шыльда «Пашпарт аб’екта». На ёй абвешчана: Сафійскі сабор пачалі будаваць у верасьні 2016 году, а скончыць будоўлю плянуецца нават менш як пра два гады — у жніўні 2018-га.

Тэрміны будаўніцтва абяцаюць рэкордна хуткія

Тэрміны будаўніцтва абяцаюць рэкордна хуткія

Замоўнік будоўлі — «прыход Сафійскага сабору», настаяцелем якога прызначаны протаярэй Міхаіл Мартыновіч. Ягоная сустрэча з гараджанамі, якія склалі калектыўны ліст да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай спыніць зьнішчэньне парку і перанесьці будоўлю ў іншае месца, скончылася выразным супрацьстаяньнем мясцовых жыхароў і прадстаўнікоў віцебскай праваслаўнай эпархіі. Частка гараджан настойвае, што парк трэба захаваць, а новы храм найлепш было б паставіць дзе-небудзь у новым мікрараёне, дзе цэркваў, у адрозьненьне ад цэнтру гораду, мала. Ёсьць нямала й тых, хто лічыць будоўлю сумнеўным укладаньнем фінансавых сродкаў, бо ў Віцебску хочуць збудаваць «гістарычны помнік», якога ніколі не было — на ўзор полацкага Сафійскага сабору, які ён быў у 11-м стагодзьдзі.

Побач з плотам — будаўнічы вагончык і машына будаўнікоў

Побач з плотам — будаўнічы вагончык і машына будаўнікоў

Гэтая ідэя належыць архіяпіскапу Віцебскаму і Аршанскаму Дзімітрыю, які сказаў, што гэтае будаўніцтва «асабліва актуальнае ў сувязі са сьвяткаваньнем 1025-годзьдзя хрышчэньня Русі». На «Пашпарце аб’екта» разьмешчана факсымільнае дабраслаўленьне патрыярха Кірыла, дзе таксама гаворыцца пра «аднаўленьне сабору сьвятой Сафіі, вялікага помніка, які сьведчыць пра вытокі праваслаўнага хрысьціянства на Белай Русі».

Аўтограф патрыярха Кірыла

Аўтограф патрыярха Кірыла

Фінансаваньне аб’екта, паводле віцебскіх чыноўнікаў і царкоўных уладаў, нібыта бярэ на сябе расейскі «Газпром». Але апошнім часам пра «газпромаўскіх» спонсараў амаль не чуваць, і віцябляне мяркуюць, што справа неўзабаве дойдзе да «добраахвотных суботнікаў» на ўзьвядзеньне аб’екта, які ня мае ў горадзе ніякай гістарычнай традыцыі. Тым болей што збудаваць яго плянуюць надзвычай хуткімі тэмпамі.

Ці не палову парку ператвораць у будаўнічую пляцоўку

Ці не палову парку ператвораць у будаўнічую пляцоўку

Зрэшты, апрача ўзьвядзеньня будынка, трэба ж будзе добраўпарадкаваць тэрыторыю панавокал. Замест зьнішчаных дрэваў у парку плянуюць зрабіць пляцоўку-аўтастаянку, фантан, лавачкі, алеі і гэтак далей. Праз гэта Віцебск страціць больш за 200 дрэваў і зялёную зону, дзе можна было гуляць зь дзецьмі дый увогуле дыхаць сьвежым паветрам.

Разам з тым віцябляне ня раз нагадвалі і мясцовым уладам, і прадстаўнікам царквы, што ў Віцебску шмат недабудаваных аб’ектаў, на якія бракуе сродкаў — у тым ліку школы, паліклінікі і дзіцячыя садкі. Ня кажучы ўжо пра тое, што ў рэгіёне ёсьць шмат сапраўдных архітэктурных помнікаў, якія руйнуюцца, бо ў дзяржавы няма грошай, каб іх аднавіць.

Больш за 200 дрэваў за гэтым плотам плянуюць зьнішчыць

Больш за 200 дрэваў за гэтым плотам плянуюць зьнішчыць

Будоўля афіцыйна пачалася, а віцябляне так і ня ўбачылі, што яшчэ прадугледжвае апошняя вэрсія праекту Сафійскага сабору. Двойчы гэты праект не праходзіў экалягічную экспэртызу і быў зацьверджаны толькі з трэцяга разу, пасьля нейкіх нікому не вядомых зьменаў: грамадзкага абмеркаваньня мясцовыя ўлады так і не правялі, хоць мусілі гэта зрабіць у адпаведнасьці з законам.

Замок на плоце, за якім ад віцяблян схавалі частку парку, аддадзеную на зьнішчэньне

Замок на плоце, за якім ад віцяблян схавалі частку парку, аддадзеную на зьнішчэньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG