Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія дэсантнікі з абразамі езьдзяць па Крыме для павышэньня духоўнасьці


Прадстаўнікі Саюзу дэсантнікаў Крыму прывезьлі ў Керч тры імянныя абразы з мошчамі сьвятога апостала Андрэя Першазванага, Сьвяціцеля Мікалая Цудатворца, праведнага Яна Рускага. Пра гэта паведамляе прэс-служба расейскай гарадзкой рады Керчы.

«Абразы з музэяў Маскоўскага Крамля знаходзяцца ў Крыме з 8 ліпеня па ініцыятыве Расейскага клюбу праваслаўных мэцэнатаў і пры падтрымцы грамадзкай арганізацыі «Саюз дэсантнікаў Крыму» ў рамках праекту «Расея — душа мая», — гаворыцца ў паведамленьні.


У прэс-службе растлумачылі, што прадстаўнікі Саюзу дэсантнікаў праводзяць хросны ход, перавозячы абразы з аднаго храма паўвострава ў іншы.

«Сёньня ўмацаваньне духоўнасьці адыгрывае найважнейшую ролю для крымскага грамадзтва. Мы ўсьведамляем вялікую адказнасьць, якую ўзяла на сябе арганізацыя», — заявіў старшыня Саюзу дэсантнікаў Керчы Яўген Давыдаў.


Як паведамляецца, у Керчы абразы сустрэлі сьвятары ля катэдральнага сабору Яна Храсьціцеля. Там жа прайшоў малебен. На працягу трох дзён гэтыя абразы будуць знаходзіцца ў храме.

Плянуецца, што хросны ход Крымам з удзелам Саюзу дэсантнікаў працягнецца да верасьня і завершыцца ў Сімфэропалі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG