Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскія камунальнікі прызналі, што памылкова налічвалі «жыроўкі»


Будынак інтэрнату, у якім адмаўляюцца плаціць камунальныя паслугі
Будынак інтэрнату, у якім адмаўляюцца плаціць камунальныя паслугі

У Магілёве жыхары аднаго з інтэрнатаў пагрозамі не аплочваць камунальныя паслугі дамагліся іх пераразьліку. Жыльцы сьцьвярджаюць, што ў выстаўленых рахунках за лістапад 2016 году былі завышаныя амаль удвая расцэнкі па электраэнэргіі, што прывяло да падаражаньня ўсёй камуналкі.

Абураныя людзі, пасьля таго як не атрымалі ўцямнага адказу ад камунальных службаў, зьвярнуліся са скаргамі ў гарвыканкам ды гарадзкую пракуратуру. «Неабгрунтаванае» павышэньне ўладальнікам інтэрнату расцэнак на электраэнэргію скаржнікі назвалі махінацыямі.

У інтэрнаце, разьмешчаным у тыпавым панэльным дзевяціпавярховіку на вуліцы Крупскай, жывуць пад дзьве сотні сем’яў. Зварот з патрабаваньнем разабрацца ў сытуацыі да гарадзкой улады і пракуратуры за няпоўныя дзьве гадзіны сваімі подпісамі падтрымалі пяцьдзесят чалавек.

«У „жыроўках“ за сьнежань камуналка ацэньваецца ў 23 рублі. У лістападзе ж яна была большай за 32 рублі. Як бачыце, дзесяць рублёў розьніцы. У наш час гэта не малыя грошы», — тлумачыць цяперашнюю сытуацыю з аплатай за пакоі інтэрнату Алег Аксёнаў, якому жыхары даручылі прадстаўляць іхныя інтарэсы ў кантактах з уладамі.

Жыхар інтэрнату Алег Аксёнаў
Жыхар інтэрнату Алег Аксёнаў

«Лічым, што часткова мы свайго дамагліся, але не ўсяго, чаго патрабавалі, — дадае ён. — Няхай выкрыюць тых людзей, якія дапусьцілі махінацыі. Дапускаем, што, магчыма, на жыльцоў расьпісваюць выдаткі, якія меліся б аплачваць іншыя людзі ці ўстановы».

Адно з асноўных патрабаваньняў жыхароў інтэрнату — стварэньне камісіі, якая зоймецца высьвятленьнем «сумнеўных схемаў» налічэньня і аплаты спажыванай электраэнэргіі. Людзі спадзяюцца, што такая камісія будзе працаваць пад іхным кантролем.

Днямі інтэрнатаўцы атрымалі адказ з жыльлёва-эксплюатацыйнага ўчастку № 9, які абслугоўвае дом. З тлумачэньня вынікае, што завышэньне расцэнак па электраэнэргіі адбылося ў выніку іх «памылковага заніжэньня ў мінулыя месяцы».

Aдказ з ЖЭУ
Aдказ з ЖЭУ

«Далей налічэньне за спажываную электраэнэргію будзе адбывацца згодна з паказаньнямі прыбору ўліку за адпаведны пэрыяд», — запэўніў жыльцоў кіраўнік участку Кавалькоў.

«ЖЭУ сваім адказам прызнае, што раней паказчыкі зь лічыльнікаў браліся „ад балды“», — лічыць Алег Аксёнаў.

«На гэтым мы ня спынімся і будзем разьбірацца далей, як так выходзіць, што ў гэтым месяцы памыляюцца, а ў наступным выпраўляюцца. А за гэтыя выпраўленьні людзі мусяць плаціць сваім рублём, — кажа ён. — Не выключаем, што будзем зьвяртацца да сьледчых органаў, дзяржаўнага кантролю. Няхай яны разьбіраюцца. Наш інтэрнат жа не адзін у горадзе. Магчыма, што такая сытуацыя і ў іншых інтэрнатах. Каб мы ня выступілі супраць махінацыяў, дык і заплацілі б».

Паводле жыхара інтэрнату, ў новых «жыроўках» тым, хто ня стаў аплочваць камунальныя паслугі за лістапад, налічылі пеню. Алег Аксёнаў цьвердзіць, што ён і яшчэ некалькі жыльцоў не зьбіраюцца аплочваць камуналку, пакуль не разьбяруцца канчаткова ў сытуацыі.

«Мы ж яшчэ не атрымалі адказу з гарвыканкаму. Ён марудзіць, а ўжо сканчаецца месячны тэрмін», — заўважае жыхар інтэрнату.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG