Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Бяз рынку і бяз пляну», — швайцарская газэта пра беларускую эканоміку і палітыку


Neue Zürcher Zeitung

Neue Zürcher Zeitung

Швайцарскае выданьне «Neue Zürcher Zeitung» апублікавала аналітычны артыкул, прысьвечаны эканамічнай сытуацыі ў Беларусі. Матэрыял выйшаў пад назвай «Бяз рынку і бяз пляну».

У артыкуле гаворыцца, што «Беларусь сярод краін Усходняй Эўропы менш за ўсё імкнецца да рэформаў». Улетку гэтага году ўлада правяла дэнамінацыю — прыбрала чатыры нулі. Аўтар сьцьвярджае, што такі захад у нейкай ступені дазволіў Аляксандру Лукашэнку зрабіць рэформу «росчыркам пяра», якая не паўплывае на эканамічнае разьвіцьцё краіны.

Ніводная іншая эканоміка ва Ўсходняй Эўропе не знаходзіцца ў горшым становішчы — ну, яшчэ, можа, Украіна, але нават у яе эканоміка сёлета разьвіваецца лепш, чым у паўночнай суседкі.

«Беларусь пад уладай аўтарытарнага прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі зь цяжкасьцю праводзіць эканамічныя рэформы — пра палітычную лібэралізацыю ў ізаляванай краіне, якой 61-гадовы аўтакрат кіруе з 1994 году, наагул немагчыма гаварыць. Імпэрыю Лукашэнкі часам называюць апошняй краінай у Эўропе з плянавай эканомікай. Гэтае выказваньне, вядома, перабольшанае, але Беларусь сапраўды далёкая ад рэальнай рынкавай эканомікі. Адмоўныя бакі такой закасьцянелай сыстэмы бачныя ўсё больш выразна. ВУП Беларусі ў мінулым годзе зьменшыўся на 3,9%. Гэта першая рэцэсія за два дзесяцігодзьдзі. Ніводная іншая эканоміка ва Ўсходняй Эўропе не знаходзіцца ў горшым становішчы — ну, яшчэ, можа, Украіна, але нават у яе эканоміка сёлета разьвіваецца лепш, чым у паўночнай суседкі. У 2016 годзе падзеньне, згодна МВФ, будзе складаць яшчэ 3%, нават у 2017 годзе чакаецца зьмяншэньне на 0,5%. Найважнейшыя прычыны гэтаму — зьнешнія, але іх узьдзеяньне настолькі вялікае таму, што Беларусь унутрана ня можа гнутка на іх рэагаваць».

Далей у артыкуле вядзецца гаворка пра тое, што традыцыйна Беларусь пастаўляе прадукцыю машынабудаваньня на ўсход — найперш у Расею.

«На ўсходзе беларускія аўтобусы і трактары папулярныя. Залежнасьць ад усходу — гэта ў першую чаргу залежнасьць ад Расеі. Слабая пазыцыя Расеі ў дачыненьні да імпарту — прычына рэцэсіі на 3,7% у мінулым годзе. Экспарт Беларусі свайму вялікаму суседу [zum grossen Nachbarn] ўпаў на 26% у 2015 годзе, а традыцыйна туды ідзе 40% экспарту — бязмытна ў рамках ЭўрАзЭС».

Фінансавыя праблемы Беларусі абвастраюцца таксама праз скарачэньне валютных запасаў краіны, якія складаюць усяго толькі 4,3 мільярда даляраў, і вялізарным зьнешнім доўгам: у гэтым годзе Беларусь павінна выплаціць 3,3 мільярда даляраў.

Валютны фонд ужо даваў дапамогу ў 2009 і 2010 годзе. І цяпер ён патрабуе правядзеньня эканамічных рэформаў узамен на выдачу крэдыту і не згаджаецца дапамагчы.

«Таму Беларусь зьвярнулася да МВФ з просьбай аб выдзяленьні крэдыту ў памеры каля 3 мільярдаў даляраў. Валютны фонд ужо даваў дапамогу ў 2009 і 2010 годзе. І цяпер ён патрабуе правядзеньня эканамічных рэформаў узамен на выдачу крэдыту і не згаджаецца дапамагчы».

Таму, на думку аўтара, Беларусь вымушаная зноў і зноў зьвяртацца да Пуціна:

«Затое прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін, шматгадовы партнэр Лукашэнкі, не патрабуе ніякіх рэформаў. Абедзьве дзяржавы на паперы ўтвараюць саюзную дзяржаву, якая, аднак рэалізуецца толькі рудымэнтарна. Пры дапамозе пазыкаў, а таксама паставак прыроднага газу па льготнай цане і таннай нафты-сырцу Крэмль значна палегчыў „выжываньне“ рэжыму ў Менску пасьля распаду Саюзу. Але ў дапамозе Расеі ёсьць адзін падвох — яе непрадказальнасьць. З аднаго боку, Масква выкарыстоўвае свой уплыў, каб выдаць Беларусі пазыку ў памеры 2 мільярдаў даляраў са стабілізацыйнага фонду ЭўрАзЭС на пэрыяд зь 2016 па 2018 год, што адбывалася ўжо ня раз. Зь іншага боку, краіны пастаянна сварацца. Зусім нядаўна Расея зьменшыла пастаўкі нафты-сырцу ў Беларусь, таму што краіны не змаглі прыйсьці да адзінай думкі наконт цаны на прыродны газ».

Каб не дапусьціць узрастаньня незадаволенасьці народу, кантраляваныя дзяржавай галіны эканомікі спрабуюць зьменшыць наступствы рэцэсіі, лічыць аўтар матэрыялу:

Афіцыйна ўзровень беспрацоўя ў Беларусі складае толькі 1%, такія лічбы можна лічыць прыхаванымі — але беспрацоўе насамрэч ня самая надзённая праблема. Зьмяншаюцца рэальныя заработныя платы і рэальны даход, але ўрад павялічыў выплаты на пераадоленьне беднасьці.

«Дзяржаўныя прадпрыемствы, якія ў асноўным адносяцца да сфэры прамысловасьці і складаюць дзьве траціны ад агульнай колькасьці прадпрыемстваў, скарачаюць ня колькасьць работнікаў, а працягласьць працоўнага часу. Афіцыйна ўзровень беспрацоўя ў Беларусі складае толькі 1%, такія лічбы можна лічыць прыхаванымі — але беспрацоўе насамрэч ня самая надзённая праблема. Зьмяншаюцца рэальныя заработныя платы і рэальны даход, але ўрад павялічыў выплаты на пераадоленьне беднасьці. Паводле дадзеных Міжнароднага банку рэканструкцыі і разьвіцьця, менш за 1% насельніцтва знаходзіцца за рысай беднасьці, маючы даход на душу насельніцтва 5 даляраў у дзень».

Паводле афіцыйных дадзеных, стратнымі можна лічыць чацьвёртую частку ўсіх дзяржаўных прадпрыемстваў. Нават у сярэднетэрміновай пэрспэктыве гаворка пра перадачу іх у прыватныя рукі яшчэ не ідзе. На такія меры аўтакрат Лукашэнка ня згодны, — падсумоўвае выданьне.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG