Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Грамадзяне Беларусі чакаюць эвакуацыі з Нэпалу


Грамадзянаў Беларусі з Нэпалу будуць эвакуіраваць расейскім самалётам. Аднак дата эвакуацыі пакуль невядомая.

Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведамілі ў амбасадзе Расеі ў Нэпале. Тэлефоны беларускай амбасады ў Індыі і сакратарыяту ганаровага консула Беларусі ў Нэпале, якія падало беларускае МЗС, не адказвалі. Затое адразу ўдалося датэлефанавацца да расейскай амбасады ў Нэпале.

«Усіх грамадзянаў СНД будуць эвакуіраваць. Збор адбываецца ў расейскім культурным цэнтры з далейшай адтуль эвакуацыяй. Але калі гэта будзе, пакуль невядома, бо аэрапорт пакуль закрыты. І спэцрэйсы пакуль не прызямліліся. Сытуацыя вельмі складаная ў аэрапорце. Пакуль адзінкавыя тэлефанаваньні былі ад беларусаў. Іх тут, магчыма, і больш, але дакладнай інфармацыі няма па колькасьці. Расейскія дыпляматы займаюцца гэтым пытаньнем кругласуткава і зусім не сьпяць трэція суткі», — распавёў Аляксандар, прадстаўнік расейскай амбасады.

Ці будзе гэтая эвакуацыя бясплатнай для грамадзянаў Беларусі, у амбасадзе не ўдакладнілі.

«Фінансавае пытаньне цяпер нават грэшна падымаць», — сказаў прэс-аташэ амбасады.

Як паведамляе газэта «Новы час», беларусам адмовілі ў эвакуацыі з Нэпалу на бясплатным самалёце для эўрапейцаў. Супрацоўніца кампаніі, якая займаецца эвакуацыяй людзей з Нэпалу, параіла беларусам уступаць у ЭЗ, калі яны хочуць ляцець з зоны стыхійнага бедзтва разам з грамадзянамі Эўразьвязу.

Паводле беларускага МЗС, грамадзяне Беларусі не пацярпелі пры землятрусе ў Нэпале.

«Паводле інфармацыі пасольства Беларусі ў Індыі і ганаровага консула Беларусі ў Нэпале, на сувязь выйшлі 12 беларускіх грамадзянаў, якія паведамілі, што пагрозы для іх жыцьця няма», — сказалі ў МЗС.

Паводле МЗС, адзін грамадзянін Беларусі не зьбіраецца пакідаць Нэпал. Яшчэ трое грамадзянаў пакінулі краіну на самалёце. Іншыя тры беларускія турысты плянуюць выехаць у Індыю па авіяквітках, якія маюць.Таксама ў Нэпале знаходзіцца сям’я беларускіх грамадзянаў (маці, бацька і сын). Апроч іх, два чалавекі ў складзе міжнароднай групы альпіністаў чакаюць у аэрапорце Катманду авіярэйсу, каб выехаць з краіны.

МЗС адзначае, што адсочвае сытуацыю, а консульскае ўпраўленьне працуе па гэтым пытаньні. МЗС прапанаваў тэлефоны, па якіх грамадзяне Беларусі могуць удакладніць зьвесткі пра сытуацыю ў Нэпале.

У Нэпале адбыўся наймагутнейшы за 80 гадоў землятрус. Штуршкі сягалі 7,8 бала па шкале Рыхтэра. Больш за 3300 чалавек загінулі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG