Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька: Нямцоў ацэньваў Лукашэнку як нелягічную зьяву для Беларусі


Барыс Нямцоў і Анатоль Лябедзька ў Менску, 2013 год. Фота Генадзя Верацінскага

Барыс Нямцоў і Анатоль Лябедзька ў Менску, 2013 год. Фота Генадзя Верацінскага

3 сакавіка ў Маскве адбудзецца пахаваньне аднаго зь лідэраў расейскай дэмакратычнай апазыцыі Барыса Нямцова. Разьвітацца з забітым стрэламі ў сьпіну сябрам накіроўваецца ў расейскую сталіцу старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Напярэдадні ад’езду ён сказаў Свабодзе:

«Барыс быў максымальна транспарэнтны, адкрыты і шчыры чалавек. Ён вельмі ўважліва ставіўся да падзеяў у Беларусі. І я да гэтага часу памятаю ягоныя словы падчас апошняга прыезду ў Менск.

Тады, вясною 2013 году, Нямцоў казаў, што вельмі хоча, каб Беларусь стала свабоднай. Ён лічыў, што ў Беларусі, нягледзячы на драматызм шматгадовай дыктатуры, шанцаў стаць дэмакратычнай эўрапейскай краінай болей, чым у Расеі. Барыс тлумачыў гэта тым, што ў нас няма імпэрскіх комплексаў. А па-другое, тым, што мы — абсалютная сарцавіна Эўропы.

І таму ён ацэньваў Лукашэнку як зьяву, нелягічную для Беларусі. Ён казаў, што ў беларусаў павінен быць зусім іншы кіраўнік. А Лукашэнка — гэта тое, што неяк недарэчна звалілася на беларусаў. Яно не адпавядае ні іх характару, ні іх мэнталітэту. І падкрэсьліваў: Лукашэнка — не арганічны ні для краіны, ні для беларусаў.

Па-другое, Нямцоў лічыў, што кіраўнік Беларусі падманвае Расею. І ня толькі яе вышэйшае начальства, а ўсіх расейцаў. Лукашэнка цягнуў з Расеі крэдыты, прэфэрэнцыі, паблажкі, саступкі... У Барыса ёсьць шмат рэзкіх выказваньняў наконт той „халявы“, якую Лукашэнка атрымліваў з Расеі.

Як эканаміст, высокі ў мінулым службовец, Нямцоў выступаў за раўнапраўныя дачыненьні паміж Расеяй і Беларусьсю. І казаў, што ўсё павінна рэгулявацца законам, а не пацалункамі і абдымкамі.

І трэцяе. У нас былі час ад часу размовы сам-насам — шчырыя, адкрытыя. Нямцоў расказваў пра свае назіраньні за Лукашэнкам, калі той прыяжджаў у Крэмль да Ельцына. Лукашэнка, паводле Барыса, аблізваўся, гледзячы на гэтыя царскія харомы, як кот на сьмятану. І для яго была вялікая спакуса. Нямцоў ацэньваў гэта як жаданьне Лукашэнкі прыйсьці да ўлады ня толькі ў Беларусі, але і на ўсёй постсавецкай прасторы».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG