Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назіральнікі ад СНД ужо бачаць празрыстыя скрыні амаль на ўсіх участках


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Назіральнікі ад СНД сёньня абнародавалі прамежкавую справаздачу аб прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі. Гэты дакумэнт зьявіўся 22 верасьня на афіцыйным сайце выканкаму Садружнасьці незалежных дзяржаў.

Кіраўнік місіі назіральнікаў — старшыня выканкаму СНД Сяргей Лебедзеў з гэтай нагоды ў размове з журналістамі падкрэсьліў празрыстасьць выбарчай кампаніі 2015 году:

«З кожнымі выбарамі ў Беларусі ідзе прасоўваньне наперад да схемы выбараў, якая максымальна набліжаная да міжнародных стандартаў. Амаль на ўсіх участках усталяваныя празрыстыя скрыні, і мы можам сказаць, што тым самым выбары атрымліваюць яшчэ большую празрыстасьць».

Многія міжнародныя экспэрты крытычна ставяцца да высноваў, якія робяць місіі СНД на выбарах у краінах Садружнасьці. Яны лічаць, што назіральнікі СНД наўмысна не заўважаюць шматлікіх адступленьняў ад стандартаў правядзеньня сумленных і справядлівых выбараў. Дый сам спадар Лебедзеў на пытаньне журналістаў, ці былі калі-небудзь выпадкі, каб назіральнікі СНД прызналі, што нейкія выбары не адпавядалі міжнародным стандартам, адказаў:

«Я такіх выпадкаў ня памятаю».

Сёньня ж, магчыма, зьявіцца і прамежкавая справаздача місіі Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) АБСЭ. Менавіта 22 верасьня назваў як верагодную дату справаздачы кіраўнік місіі францускі дыплямат Жак Фор на сустрэчы са старшынёй Цэнтравыбаркаму Лідзіяй Ярмошынай 19 верасьня.

Экспэрты БДІПЧ традыцыйна пазьбягаюць ацэнак у прамежкавай справаздачы.

«Так, яны толькі апісваюць падзеі. Але ў гэтай справе нават танальнасьць выкладаньня мае значэньне», — кажа Лідзія Ярмошына.

Кожная з гэтых місіяў будзе мець у Беларусі, з улікам кароткачасовых назіральнікаў, больш за 400 чалавек.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG