Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назіральнік з Глуску патрабуе пакараць камісію за фальшаваньне вынікаў галасаваньня


Падлік галасоў і выніковы пратакол галасаваньня на ўчастку ў Глуску

Падлік галасоў і выніковы пратакол галасаваньня на ўчастку ў Глуску

Жыхар райцэнтру Глуск, што на Магілёўшчыне, Ігар Кірын дамагаецца пакараньня вінаватых, як ён сьцьвярджае, у фальшаваньні вынікаў галасаваньня на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.

Актывіст настойвае: участковая камісія завысіла колькасьць выбарцаў, якія прагаласавалі ўдома. Кірын быў назіральнікам у райцэнтры на ўчастку № 2. Камісію гэтага ўчастку ён і падазрае ў фальшаваньні.

«Яўку на ўчастку зрабілі з тых, хто нібыта прагаласаваў удома. Лічба выйшла проста фантастычная», — кажа назіральнік.

«Прагаласавала, згодна з пратаколам, 556 чалавек. У сьпісах, як мне сказаў старшыня камісіі ў першы дзень, значылася 1520 чалавек. У выніковым пратаколе была лічба 1518. То бок удома прагаласаваў кожны трэці выбарнік. Бязь іх на ўчастку прагаласаваў бы 61 працэнт выбарнікаў. Для камісіі яго было, відаць, замала», — кажа Ігар Кірын і дадае:

«Атрымліваецца, што двое сябраў камісіі, якія хадзілі па дамах са скрынкай, кожнаму выбарцу выдзялялі па паўхвіліны на галасаваньне. Я фіксаваў час выхаду камісіі па дамах выбарнікаў і вяртаньня».

Ігар Кірын

Ігар Кірын

Месяц Ігар Кірын піша скаргі ў выбарчыя камісіі, ходзіць на прыём да кіраўніцтва раённай пракуратуры ды міліцыі. Зафіксаваныя ім парушэньні выбарчага заканадаўства ён лічыць злачынствам. Пра іх назіральнік паінфармаваў Цэнтральную выбарчую камісію, спадзеючыся, што будуць меры рэагаваньня.

«Прыйшла адпіска ад Лідзіі Ярмошынай, што я ня маю права абскарджваць вынікі галасаваньня. Такое права, як вынікала зь ліста, маюць толькі кандыдаты на дэпутацтва», — згадвае Ігар Кірын.

«Пасьля гэтага я пачаў пасьлядоўна адсылаць гэтую скаргу ў іншыя інстанцыі. Пайшоў да пракурора. Патлумачыў яе яму. Праз колькі дзён я атрымаў ад яго шыкоўны адказ, што мая скарга адпраўленая ў абласную выбарчую камісію. Адтуль адпісалі, што я парушыў тэрміны абскарджваньня і мой зварот пакінуты без разгляду. Я зноў да пракурора, а той кажа — ідзі ў міліцыю. Там у мяне ўзялі тлумачэньне і падпіску, што я папярэджаны аб адказнасьці за ілжывыя заявы пра злачынства. Сяджу і чакаю, які будзе адтуль адказ».

Паводле назіральніка, зь міліцыі адпісалі: скарга адпраўленая для рэагаваньня ў акруговую выбарчую камісію. «Цяпер чакаю чарговай адпіскі», — кажа Ігар Кірын.

«Пры цяперашняй уладзе цяжка прагназаваць, які будзе вынік маёй барацьбы. Цяпер жа настолькі ўсё непрадказальна, што незразумела, чым гэта ўсё можа скончыцца», — кажа назіральнік.

У кінатэатры засядала камісія, якую назіральнік вінаваціць у фальшаваньні

У кінатэатры засядала камісія, якую назіральнік вінаваціць у фальшаваньні

Ігар Кірын заўважыў, што зьвесткі камісіі пра колькасьць тых, хто прагаласаваў датэрмінова і ў асноўны дзень галасаваньня, зь ягонымі падлікамі супалі.

Актывіст адзначае, што ўчастковая камісія парушылі рэкамэндацыі Цэнтравыбаркаму пра адлегласьць, на якой павінны былі знаходзіцца назіральнікі. «Камісія загарадзіла сьпінамі стол, на якім вёўся падлік бюлетэняў. Назіраць за падлікам было немагчыма», — кажа Ігар Кірын.

XS
SM
MD
LG