Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Навумчык на прэзэнтацыі «94-га»: Пакаяньня ад мяне ня будзе


У Менску ў сядзібе БНФ прэзэнтавалі чарговую кнігу Сяргея Навумчыка «Дзевяноста чацьвёрты», якая выйшла ў бібліятэчнай сэрыі Радыё Свабода. У залі сабралася каля 100 чалавек. Аўтар камунікаваў з чытачамі праз інтэрнэт-сувязь.

На старонках новай кнігі на падставе дакумэнтаў Сяргей Навумчык аднаўляе хроніку падзей, зьвязаных з выбарамі першага і дасюль адзінага прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь.

«Калі выйшла папярэдняя кніга, я вам праз скайп казаў: спадзяюся, што да часу выхаду наступнай вярнуся ў Беларусь. Відаць, занадта хутка напісаў новую кнігу, не пасьпеў вярнуцца. Наступную абяцаю прэзэнтаваць на радзіме», — сказаў Сяргей Навумчык.

Журналіст і палітык апавёў, што калісьці даў абяцаньне Васілю Быкаву напісаць гістрыю беларускага нацыянальнага адраджэньня, над чым працуе ўжо ня першы год:

«У першай кнізе з цыклю пра апошнюю хвалю нацыянальнага Адраджэньня, якая называецца „Дзевяноста першы“, я хацеў паказаць, што незалежнасьць не звалілася беларусам на галаву, а стала вынікам вялікай працы многіх людзей. У цяперашняй кнізе я імкнуўся разбурыць стэрэатып, які ўжо два дзясяткі гадоў пануе ў палітызаванай часткі грамадзтва. Ён палягае ў тым, што на выбарах 1994 году Лукашэнка перамог Кебіча, што народны пратэст атрымаў перамогу над карумпаваным рэжымам. Я прааналізаваў перадвыбарчыя праграмы Кебіча і Лукашэнкі і зразумеў, што яны ідэнтычыя — абодва хацелі далучыць Беларусь да Расеі. Зрэшты, сам Кебіч піша ў мэмуарах, што яны з Лукашэнкам рабілі адну і тую справу. Таму выбары 1994 году — гэта была антынацыянальная контрарэвалюцыя. Чаму апазыцыі не ўдалося зрабіць тое, што зрабілі ў іншых краінах? Не хапіла часу. Літаральна 5-7 гадоў. У адрозьненьне ад іншых народаў, у нас не было належнага ўзроўню нацыянальнай сьвядомасьці. Нам давялося даказваць, што трэба беларуская мова, што трэба беларуская нацыя. Я проста ня ведаю, што тады яшчэ трэба было зрабіць больш. Не абяляючы ні ў якім разе рэжым, я магу сказаць, што ўсё ж такі мы маем незалежнасьць. Таму ніякага пакаяньня ад мяне ня будзе, мы зрабілі ўсё па максымуме, зрабілі ўсё, што маглі».

Пісьменьнік Уладзімер Арлоў высока ацаніў кнігу «Дзявяноста чацьверты» і сказаў, што зь нецярпеньнем чакае працягу — кнігі пра 95 і 96 гады.

«Пасьля таго, як Сяргей Навумчык напісаў свае „7 гадоў адраджэньня“ і „Дзевяноста першы“, узьнікла спадзяваньне, што ў нашай найноўшай гісторыі зьявіцца свой летапісец. Кніга „Дзевяноста чацьверты“ гэта пацьвердзіла. З кожнай новай кнігай пяро Сяргея робіцца ўсё больш упэўненым. Ён ня толькі летапісец, але і аналітык, і палітоляг, і публіцыст, і эсэіст. Дзякуй Сяргею, што ён, разьвітваючыся з радзімай, паклаў у валізку архіў тых падзеяў, які зараз дазваляе яму пісаць такія кнігі. Сяргей Навумчык выходзіць за межы аналізу толькі выбараў, ён піша пра асобаў. Сяргей малюе калярытныя партрэты шэраговых пэрсанажаў сваіх кніг. Як чалавек з гістарычнай адукацыяй, магу сказаць, што праца гісторыка, які шукае ісьціну, мае сакральнае значэньне. Таму чакаем наступных кніг Сяргея Навумчыка — пра дзевяноста пяты і дзевяноста шосты гады».

Дырэктар беларускай службы «Радыё Свабода» Аляксандар Лукашук таксамы быў на сувязі праз скайп. Ён сказаў пра выключную значнасьць працаў Сяргея Навумчыка для дасьледчыкаў найноўшай гісторыі Беларусі і параўнаў яго кнігі з эгіпецкімі зярняткамі, якія, праляжаўшы доўгі час у зямлі, далі ўраджай:

«Калісьці ў Эгіпце знайшлі жменю зярнят, якія, праляжаўшы ў зямлі тысячагодзьдзі, далі добры ўраджай. Пра гэта пасьля напісаў санэт Максім Багдановіч. Ня ведаю, ці будзе санэт пра творчасьць Сяргея Навумчыка, але любое дасьледаваньне беларускай вясны 90-х будзе зьвяртацца да кніг Сяргея Навумчыка, каб ня быць бясплодным».

Былы віцэ-прэзыдэнт Акадэміі навук Радзім Гарэцкі лічыць, што напісаць кнігу пра першыя выбары было вельмі важна, бо гэта быў час эўфарыі нацыянальна сьвядомых беларусаў:

«Той час быў надзвычайны. Час выбару пэрсанальнага — куды ты ідзеш і з кім, і час выбараў прэзыдэнта. У 94-м былі сапраўдныя выбары. У нас, нацыянальна сьвядомых, той час быў часам эйфарыі. Мы спазяваліся, што ўсё будзе добра і не маглі паверыць, што здарыцца тое, што здарылася».

Публіцыст і журналіст Сяргей Дубавец адзначыў, што «Дзявяноста чацьверты» можа стаць зачэпкай, якая натхніць беларусаў задумацца пра тое, хто яны і ў якой краіне жывуць:

«Сяргей Навумчык напісаў вельмі цікавую кнігу, якая, дзякуючы стылю і пачуцьцю гумару аўтара, чытаецца на адным дыханьні. Але галоўнае, што там ня схлушаны аніводны факт. Часта бывае прыкра, калі чытаеш хлусьню пра тое, чаму сам быў сьведкам. У кнігах Навумчыка такога няма. Ясна, што ёсьць суб’ктывізм. Але справа інтэрпрэтацыі страчвае сваё значэньне перад тым фактам, што гэта адзіная кніга пра першыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі. У вікіпэдыі артыкулы пра выбары 94-га году займаюць адзін пракрут. Што можа даведацца пра выбары той, хто нарадзіўся пры Лукашэнку? З савецкіх часоў вярнулася завядзёнка жыць адным днём. Што было раней, не цікава. Калі чалавек жыве адным днём, то ён ня ведае, хто ён і дзе ён жыве. Проста ніколі яму не траплялася зачэпкі задумацца, хто ён і адкуль. Мне б хацелася, каб гэтая кніга стала такой зачэпкай і каб яна разышлася вялізным накладам па Беларусі, зьмяняючы людзей».

Гледачы мелі магчымасьць пагутарыць зь Сяргеем Навумчыкам і задаць пытаньні, якія ня тычацца непасрэдна кнігі. Напрыклад, прагучалі пытаньні пра будучыню Ўкраіны, пра Майдан у Беларусі, пра стаўленьне аўтара да некаторых публіцыстаў.

Палітоляг Аляксандр Класкоўскі адзначыў, што кніга Навумчыка суб’ектыўная, бо аўтар прыхільнік пэўнай палітычнай сілы. Але людзі, пра якіх гаворыцца ў кнізе, сталі героямі, бо зрабілі максымум з таго, што было магчыма:

«Партыйнасьць аўтара бачна адразу. Кніга вельмі суб’ектыўная. Я думаю, што і Сяргей разглядае сваю кнігу не як катэхізіс, а як плятформу для дыскусіі. Ён скарыстаў пляст інфармацыі, бездакорна апрацаваў».

На прэзэнтацыю кнігі прыйшлі дэпутаты 12-га скліканьня Лявон Дзейка, Іван Герасюк, Сяргей Антончык, Пятро Садоўскі і Лявон Баршчэўскі.

Былы дэпутат Вярхоўнага Савета Сяргей Антончык:

«Гэта хроніка палітычнага жыцьця, якое было на Беларусі. А кнігі Сяргея — гэта крыніцы праўды. У кнігах ён напісаў пра тое, што аб’ектыўна беларускае грамадзтва не было гатовым да таго, каб быць незалежным. Гэта хронікі праўды, і той, хто хоча зразумець, што было, павінен чытаць Навумчыка».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG