Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мне не зусім зразумела, пра якую «крыўду» і «злосьць» піша Дубавец. Магчыма, Сяргей быў на кагосьці ці на нешта пакрыўджаны — у БНФ, як і ў кожнай іншай шматтысячнай арганізацыі, людзі былі розныя.

Не сумняюся: напісаўшы ў артыкуле «Плач вэб-рэдактара над камэнтарамі», што «добры тон кожнай дыскусіі пачынаецца з тваёй унутранай гатовасьці быць перакананым тваім апанэнтам», — Сяргей Дубавец гатовы прыкласьці гэта і да сябе. І не пакрыўдаваць, калі гэтым разам убачыць у ролі апанэнта мяне. Не, я не зьбіраюся спрачацца з ацэнкай танальнасьці некаторых камэнтароў, бо таксама лічу яе недапушчальнай (што было фармальнай нагодай артыкулу), таксама як і ня буду ставіць пад сумнеў неабходнасьці нацыянальнай кансалідацыі (ідэя артыкулу, як я яе зразумеў).

Але ў мяне выклікае нязгоду тое, праз што Сяргей Дубавец сьцьвярджае ідэю кансалідацыі, а менавіта заклікаючы (і ня толькі ў гэтым сваім артыкуле) да — кажу ўжо адкрытым тэкстам — ледзь не адмовы ад палітычнай, ад партыйнай дзейнасьці і вяртаньня да таго, з чаго пачынаўся моладзевы рух.

І базуецца гэта сярод іншага на тэзах, якія ня маюць фактычнага пацьверджаньня.

«Дваццаць гадоў таму я сышоў з БНФ… тут панавала крыўда і злосьць», — піша Сяргей у артыкуле і ўдакладняе ў камэнтары: «У фронце на той момант было і яшчэ заставалася мноства розных людзей. Але ў арганізацыі запанавала крыўда і злосьць».

Ключавымі тут бачацца словы — «панавала», «запанавала». Гэта значыць — дамінавала над усім астатнім.

Папрокі, якія ўжыў Сяргей Дубавец у сваім тэксьце, на мой погляд, несправядлівыя ня толькі да трыццаці дэпутатаў парлямэнцкай апазыцыі і пяцідзесяці чальцоў Сойму БНФ таго цяпер ужо далёкага часу — яны несправядлівыя да тысячаў фронтаўскіх актывістаў.

Нагадаю, што Сяргей Дубавец быў у моладзевым беларускім руху яшчэ з пачатку 1980-х гадоў («Майстроўня»), у 1988-м увайшоў у склад Аргкамітэту БНФ, быў сябрам Сойму, сфармаванага на ўстаноўчым зьезьдзе Фронту, у 1990-м распачаў газэту «Свабода» — а потым, калі рэдактарства пераняў Ігар Гермянчук, аднавіў у Вільні «Нашу ніву». У студзені 91-га Дубавец быў сярод абаронцаў літоўскай незалежнасьці, мае дзяржаўную ўзнагароду Літвы.

Як можна зразумець з тэксту, Сяргей адышоў ад БНФ недзе на мяжы 1992—1993 гг., але, па шчырасьці, я ня памятаю яго на фронтаўскіх мерапрыемствах ужо з пачатку 1991-га (магчыма, мы проста не перасякаліся), што ня дзіўна — Сяргей, як я нагадваў вышэй, у той час ужо жыў у Вільні і выдаваў «Нашу ніву». Але, напрыклад, жывучы ў Менску, я ня браўся ацэньваць атмасфэру ў рэдакцыі «Нашай нівы», як цяпер, жывучы ў Празе, я не бяруся меркаваць пра атмасфэру (не пра палітычныя вынікі, а пра настроі, якія пануюць) у арганізацыях, у якіх ня ўдзельнічаю — у КХП, ПБНФ, АГП ці БХД.

Мне не зусім зразумела, пра якую «крыўду» і «злосьць» піша Дубавец.

Магчыма, Сяргей быў на кагосьці ці на нешта пакрыўджаны — у БНФ, як і ў кожнай іншай шматтысячнай арганізацыі, людзі былі розныя.

Але каб гэта — панавала? Каб уся арганізацыя была ахопленая крыўдай і злосьцю, як ён піша, нават нянавісцю «адзін аднаго»?

Нават пасьля прыходу Лукашэнкі ў 94-м, калі наступ на дэмакратыю, на беларушчыну набываў усё больш агрэсіўныя формы — людзі ў Фронце не азлобіліся адзін на аднаго. І, можа, якраз адчуваючы патрэбу ў духоўнай еднасьці, усё часьцей прыходзілі ў штаб-кватэру БНФ на Варвашэні, 8 — з нагодай і без нагоды. Ладзілі нейкія сьвяткаваньні, спраўлялі дні народжэньня, і чым далей — тым больш шчыльнай была тая сяброўская прысутнасьць.

Праўда, я ніколі на Варвашэні ня бачыў Дубаўца — ён жыў тады ў Вільні.

Ня бачыў я яго і на нашых сустрэчах у гарадох і мястэчках Беларусі ў 1994–1995 гадох — а такіх сустрэчаў былі сотні, і зьбіраліся на іх поўныя залі.

Апошняе — не перабольшваньне: нават у раённых Палацах культуры, дзе залі на 500–700 месцаў, людзі стаялі ў праходах і ў фае. Праўда, вось тут рызыка крыўдаў узьнікала, бо пасьля такіх сустрэчаў для нас вялізнай праблемай было адмовіцца ад шматлікіх запрашэньняў на абед ці на вячэру гэтак, каб не пакрыўдзіць шчырых і адкрытых людзей.

Тыя спатканьні — і ў штаб-кватэры на Варвашэні, 8, зь вядомымі ўсёй Беларусі Васілём Быкавым, Рыгорам Барадуліным, Радзімам Гарэцкім, Іванам Нікітчанкам, і з рэгіянальнымі актывістамі ў райцэнтрах — саграваюць мяне і па сёньня.

Якая «злосьць», якая «крыўда», Сяргей?

І вось тут хацеў бы не пагадзіцца зь іншым сьцьвярджэньнем Дубаўца. Паўтару цытату: «Мне давялося быць сьведкам уздыму адраджэньня ў 80-я, калі грамадзянаў стала вялікае мноства, і яго заняпаду ў 90-я, калі гэтая самая жменька засталася». Калі ў некалькіх словах выкласьці канцэпцыю Дубаўца — у 1980-х быў масавы моладзевы рух, які пашыраўся і дасягнуў вялікіх посьпехаў. А потым, у 1990-х, калі ён трансфармаваўся ў рух палітычны — пачаўся імклівы заняпад.

Насамрэч, у моладзевым руху было некалькі дзясяткаў, ну, можа, сотняў чалавек. Сьцьвярджаю гэта як чалец віцебскага клюбу «Ўзгор’е» — аналягу менскай «Талакі». У тыя гады мы называлі адзін аднаго «дзядзькамі» — і ўсіх такіх «дзядзькаў» па ўсёй Беларусі ведалі. І шмат у чым (у большасьці) дзеяньні нашыя таго часу былі аматарскімі.

Па-першае, калі мы зь Сяргеем Дубаўцом 30 кастрычніка 1988 году былі ў Чырвоным касьцёле на ўстаноўчым сходзе Мартыралёгу і БНФ, нас было 300. Праз шэсьць гадоў на прэзыдэнцкіх выбарах адных толькі назіральнікаў ад БНФ было 7 тысячаў. (Між іншым — уся кампанія Пазьняка рабілася на энтузіязьме, людзі не прасілі ніякіх грошай, працавалі за ідэю — хіба магчыма такое ў арганізацыі, дзе «пануюць крыўда і злосьць»?) А за кандыдата ад БНФ прагаласавалі больш як 700 000 (афіцыйныя зьвесткі ЦВК). Дзе ж тут заняпад?

Па-другое, дасягненьні таго моладзевага руху — ужо хай прабачаць мне яго ўдзельнікі — блякнуць у параўнаньні з тым, чаго ўдалося дасягнуць палітыкам. Калі я кажу «палітыкі» — маю на ўвазе, вядома, ня толькі дэпутатаў парлямэнцкай апазыцыі, але і чальцоў Сойму БНФ, актывістаў Фронту ў Менску, гарадох і мястэчках.

І якраз з 90-мі гадамі зьвязаныя найбольшыя дасягненьні нацыянальных сілаў. Вяршыняй, вядома, як і для кожнай нацыі, зьяўляецца абвяшчэньне незалежнасьці — у Беларусі гэта адбылося 25 жніўня 1991 году. Але адной гэтай падзеяй вынікі намаганьняў актывістаў Народнага фронту не абмяжоўваюцца. У 1991–1994 гадох былі створаныя заканадаўчыя падмуркі беларускай дзяржаўнасьці, і ідэі, якія вылучаў БНФ як палітычную мэту — уласнае войска, уласныя грошы, уласная міжнародная палітыка, урэшце былі рэалізаваныя на практыцы. Гэта сёньня беларускія грошы ці беларускае войска ўспрымаюцца натуральна — а тады, у пачатку 90-х, большасьць дэпутатаў і слухаць пра іх не хацелі.

Так, за кожны закон, за кожны артыкул закону, часам — літаральна — за кожнае слова даводзілася змагацца. Далёка ня ўсё, што прапаноўвалася, удалося прабіць праз артадаксальнае, ваяўнічае непрыманьне камуністычнай (потым пракебічаўскай, як мы яе называлі) большасьці — але шмат што і прабілі, дзе націскам, а дзе і кампрамісам.

Між іншым, нежаданьне (нібыта) ісьці на кампраміс з апанэнтамі («такімі ж самымі беларусамі») — адзін з найбольш частых папрокаў, гучыць ён падтэкстам і ў Дубаўца. Таксама несправядліва: там, дзе трэба, былі і кампрамісы.

Але нагадаю, што ў канцы 1992 году, пасьля непрыняцьця рэфэрэндуму аб датэрміновых выбарах, менавіта Сяргей Дубавец публічна (у газэце «Свабода») патрабаваў ад дэпутатаў БНФ, умоўна кажучы, адмовіцца ад якога б там ні было кампрамісу з большасьцю дэпутатаў у Вярхоўным Савеце, а канкрэтна гаворачы — сысьці зь яго, пакласьці дэпутацкія мандаты.

Мушу прызнацца, што падобнай пазыцыі прытрымліваўся і я, і нават у знак пратэсту сышоў з пасады сакратара Камісіі ВС па галоснасьці, СМІ і правах чалавека. Красамоўнай ацэнкай маёй заявы аб адстаўцы (ад якой мяне некалькі дзён няўдала адгаворваў Пазьняк) — былі воплескі нашых апанэнтаў.

На шчасьце, дэпутацкіх мандатаў мы не паклалі, і Беларусь мела яшчэ некалькі гадоў на ўмацаваньне дзяржаўнасьці.

Нам не хапіла літаральна яшчэ трох-чатырох гадоў, каб працэс дэмакратызацыі і беларусізацыі набыў незваротнасьць. І будзе няшчырым сьцьвярджаць, што віной таму нейкі крызіс у БНФ — сто разоў гатовы цытаваць Васіля Быкава, які казаў, што памылак, значных памылак, лідэры Фронту не зрабілі. Але — занадта магутны праціўнік супрацьстаяў ідэі беларускай дзяржаўнасьці; яго націск ледзь удалося вытрымаць Украіне, дзе нацыянальныя традыцыі ў грамадзтве значна больш моцныя (і там, заўважце — нацыянальны палітычны рух абясьсілеў у барацьбе за дзяржаўнасьць — затое дзяржаўнасьць засталася).

І за гэтую дзяржаўнасьць (іншымі словамі — за нацыянальную ідэю) выйшлі ў 1996-м на Дзень Волі на менскія праспэкты больш як 30 тысячаў чалавек — пішу пра апошнюю масавую акцыю, якую бачыў на ўласныя вочы. Наступную акцыю, 2 красавіка, супраць інтэграцыі з Расеяй, якая сабрала столькі ж, ужо бачыў па тэлебачаньні — але магу сьведчыць, што для Эўропы гэта быў сыгнал: Беларусь ня хоча ў Расею.

Дубавец выступае за адкрытасьць — вельмі добра. Бяда толькі ў тым, што ў адказ на адкрытасьць — АМАПаўскім абцасам у твар.

У нас зрабілася модным дакараць за пошукі вонкавага ворага і заклікаць бачыць прычыны ў сябе. Аналізаваць (і пры патрэбе карэктаваць) свае дзеяньні, вядома, трэба. Але хіба зьніклі тыя, хто хоча вярнуць Беларусь у імпэрыю? І хіба яны аслаблі?

І чаму ў пэрыяд, калі дзяржаўнай незалежнасьці пагражае небясьпека (менавіта ў такі час), выступы «супраць» (калі хочаце — злосьць, злосьць на таго, хто пагражае тваёй краіне) — ня могуць быць часткай нацыянальнай ідэі

Праціўнік беларускай Незалежнасьці нікуды ня зьнік. Але ў рашучасьці яму супрацьстаяць — у тых, хто выходзіць на вуліцы беларускіх гарадоў, і ў тых, хто іншымі спосабамі адстойвае права «людзьмі звацца» — якраз мне бачыцца надзея, што зьнішчыць краіну ня ўдасца.

А камэнтары, вядома, трэба пісаць карэктна.

  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG