Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гэта будучыня. Мэцэнат стварыў у Армэніі цэнтар крэатыўных тэхналёгіяў


Касьмічныя тэхналёгіі пад дахам Tumo

Касьмічныя тэхналёгіі пад дахам Tumo

Ці можна залежнасьць ад мабільных прыстасаваньняў, у якой апынулася ці не бальшыня сучасных падлеткаў, абярнуць на карысьць для моладзі? Калі не абмяжоўвацца толькі бацькоўскімі натацыямі, а прапанаваць супрацоўніцтва, да свайго паўналецьця дзіцё дойдзе спэцыялістам у самых прасунутых ІТ-сфэрах.

Карэспандэнт Свабоды ацаніў досьвед працы з тынэйджэрамі пад дахам унікальнай установы ў сталіцы Армэніі.

Высокія тэхналёгіі: спалучыць прыемнае з карысным

Цэнтар крэатыўных тэхналёгіяў Tumo («Тумо») адкрыўся ў Ерэване акурат 5 гадоў таму — у жніўні 2011-га. Назву пераняў ад парку імя Туманяна (армянскі літаратурны клясык), улюбёнага месца збору моладзі. Калі ж тут паўстаў ультрасучасны будынак цэнтру, традыцыяў вырашылі не ламаць. Так заклік «сустрэнемся на Тумо» набыў высокатэхналягічнае адценьне.

Асноўная ідэя арганізатараў — паглыблена навучаць школьнікаў ва ўзросьце ад 12 да 18 гадоў апошнім дасягненьням сучаснай навукі, прытым бясплатна. Тут штодня ў трох сэкцыях займаецца больш за 1000 чалавек, агулам актыўных студэнтаў — звыш 7000. Дагэтуль навучаньне прайшлі каля 10 000 маладых армянаў.

Супрацоўніца Tumo Алена Мардаян

Супрацоўніца Tumo Алена Мардаян

У 2013-м аддзяленьне Tumo запрацавала ў курортным Дыліжане, летась — у Гюмры і Сьцепанакерце. Найбуйнейшы цэнтар, абсталяваны паводле апошняга слова тэхнічнага прагрэсу — у Ерэване. Зь яго, як кажа супрацоўніца аддзелу камунікацыяў Алена Мардаян, і пачаў свой амбітны экспэрымэнт Сэм Сіманян — нашчадак армянскіх уцекачоў у часы генацыду:

«Сэм Сіманян — армянін, народжаны ў Лібане, жыве ў Даласе. Вучыўся ў Амэрыканскім унівэрсытэце ў Бэйруце, потым пераехаў у ЗША, вывучаў электратэхніку ва ўнівэрсытэце ў Арлінгтане. Паступіў на працу ў Electrospace Systems, Inc, дзе ў камандзе інжынэраў распрацоўваў тэлекамунікацыйнае абсталяваньне для абароннай прамысловасьці.

Пры канцы 1980-х быў заснавальнікам фірмы INET, якая абслугоўвала міжнародныя цэнтры камутацыі... Прызнаваўся, што заўсёды марыў стварыць такое месца, якое будзе даступнае для ўсіх. І сваю мэту рэалізаваў: наш цэнтар унікальны найперш тым, што сюды можа прыйсьці кожны. Адзінае абмежаваньне — узрост: дзеці і падлеткі ад 12 да 18 гадоў».

Імправізаваная «рэцэпцыя» Tumo

Імправізаваная «рэцэпцыя» Tumo

Сёньня Сіманян — пасьпяховы бізнэсовец і мэцэнат, заснавальнік кампаніі Inet Technologies, якая выпускае дыягнастычнае абсталяваньне для сродкаў тэлекамунікацыяў і займае ў гэтай галіне лідэрскія пазыцыі, уладальнік фірмы Epygi, якая займаецца праграмна-апаратнымі распрацоўкамі, донар і сябра рады апекуноў Амэрыканскага ўнівэрсытэту Армэніі.

Нават павярхоўнага знаёмства з цэнтрам дастаткова, каб задацца пытаньнем: а ці ёсьць што падобнае ў іншых краінах сьвету? У Tumo кажуць, што няма, што тут унікальнае месца, дзе такую адукацыю даюць задарма:

Ерэванскія падлеткі за працай

Ерэванскія падлеткі за працай

«Раней існаваў дэпазыт у памеры 10 тысяч драмаў (прыкладна 20 даляраў), які пасьля завяршэньня курсу вяртаўся, — папраўляецца Алена Мардаян. — А цяпер ніякіх закладаў няма, цэнтар прапануе ўсе паслугі цалкам бясплатна».

У цэнтры культывуюцца чатыры галоўныя кірункі: анімацыя, стварэньне сайтаў, пісаньне гульняў, мантаж фільмаў. Паміж імі, удакладняе суразмоўніца, умясьцілася яшчэ па некалькі адгалінаваньняў:

«Галоўныя напрамкі — так, чатыры. Але, апроч таго, на сталай аснове працуюць „майстэрні“ (workshops), якія пашыраюць, дэталізуюць кожны кірунак. Напрыклад, 3D-мадэляваньне, графічны дызайн, робататэхніка, маляваньне, музыка, 2D-графіка і некаторыя іншыя. Шмат, скажам так, тэматычных кірункаў».

Школьны рэйтынг: наперадзе Стыва Джобса

Сёлета цэнтар Tumo заняў першае месца ў рэйтынгу дзесяці самых інавацыйных школаў сьвету па вэрсіі спэцыялізаванага францускага часопіса We Demain. Ніжэй разьмясьціліся амэрыканскія Steve Jobs Schools, AltSchool у «Сыліконавай даліне», Fuji Kindergarten у Токіё ды іншыя. Цяпер, кажа Алена Мардаян, у госьці да армянаў наведваюцца найбуйнейшыя спэцыялісты ў сваіх галінах:

Нічога агульнага зь беларускімі гульнявымі клюбамі

Нічога агульнага зь беларускімі гульнявымі клюбамі

«У нас ёсьць спэцыяльныя „майстэрні“, якія цягнуцца прыкладна ад 3 да 6 тыдняў. Прыяжджаюць выбітныя асобы з розных краінаў, ладзяць унікальныя майстар-клясы. Гэта можа быць усё што заўгодна. Прыкладам, абмяркоўвалі новыя формы друкарскай справы, быў „дызайн цацак“ — да нас прыехаў стваральнік „Спанч Боба“ (мультсэрыял пра падводных жыхароў — РС), разам прыдумлялі цацкі. Некалькі месяцаў цягнецца „майстэрня“ дызайну адзеньня — зноў жа, прыяжджаюць найлепшыя спэцыялісты ў галіне модных тэндэнцыяў, раскладаюць нюансы тэкстыль-дызайну і г. д.».

І ўсё ж ці магчыма трапіць у Tumo проста з вуліцы, а з другога боку — ці рэальна заняць усіх ахвотных? Алена Мардаян кажа, што пэўны час усё ж давядзецца пастаяць у «лісьце чаканьня»:

Ня ўсе практыкаваньні даюцца зь лёгкасьцю

Ня ўсе практыкаваньні даюцца зь лёгкасьцю

«Глядзіце, як гэта адбываецца... У нас сапраўды ёсьць waiting list, ліст чаканьня. Дзеці або прыходзяць самі, або тэлефануюць. Кажуць, колькі ім гадоў, і пакідаюць кантактныя дадзеныя. Потым цягам 2–3 тыдняў — гэта самы працяглы тэрмін — атрымліваюць СМС: „Запрашаем з бацькамі на рэгістрацыю“. Пасьля гэтай працэдуры ад пачатку наступнага тыдня ўжо могуць наведваць Tumo. То бок увесь працэс займае дзесьці 3 тыдні. Месяц — гэта ўжо верх, вельмі рэдка бывае, хутчэй 2 тыдні».

Навучальны працэс арганізаваны зьменамі, у тры сэсіі: кожны дзень натоўпы падлеткаў перакрыжоўваюцца на сустрэчных курсах у 15.30, 17.30 і 19.30. Каб паступова адаптавацца, сьпярша ходзяць толькі на адзін двухгадзінны «сэанс» і толькі раз на тыдзень. Калі навучальны працэс набірае абароты, частата павялічваецца.

Запчасткі для робататэхнікі

Запчасткі для робататэхнікі

Падыходзім да працоўнага стала, які больш нагадвае пульт кіраваньня складанай сыстэмай. З выяваў на маніторы нічога не зразумела — прынамсі, недасьведчанаму назіральніку. Абапал кабэлямі ў выглядзе спружыны да столі «прывязаныя» «тумабайлы» — крэслы, якія дазваляюць мабільна заняць самую зручную пазыцыю, не адыходзячы ад кампутара:

«Як толькі дзеці пачынаюць хадзіць на „майстэрні“, дадаецца другі дзень — гэта заўсёды субота. Звычайна дзіцё адпачатку выбірае сабе нейкі кірунак, які ў прыярытэце — напрыклад, вэб-дызайн, праграмаваньне, стварэньне гульняў, графічны дызайн, 3D-мадэляваньне і г. д. На падставе гэтага праграма складае навучальны плян. Маленькія акенцы на экране — гэта практыкаваньні, а калі перайсьці вышэй — „майстэрні“, там пазначана, у які час і на якія заняткі ён ходзіць.

Стол, дзе майструюць робатаў

Стол, дзе майструюць робатаў

То бок увесь навучальны плян студэнт складае пад сябе, хоць у любы час можа яго памяняць — праграма, адпаведна, памяняецца таксама (праграма, дарэчы, наша, створаная нашымі распрацоўнікамі). Фактычна закладаецца шлях разьвіцьця на 3 гады».

Кантракт паміж Tumo і студэнтам фармальна падпісваецца на тры гады. Аднак гэта не азначае, што яго нельга працягнуць. Па словах Алены Мардаян, некаторыя дзеці ходзяць у цэнтар ад моманту яго адкрыцьця, то бок ад 2011-га. Нават калі чалавек выказаў жаданьне ўдасканаліць тэхнічныя веды ў 18, ён мае права наведваць цэнтар наступныя тры гады.

Жаданьне і магчымасьці: сумясьціць несумяшчальнае

Трапіўшы ў будынак Tumo, адразу зьвяртаеш увагу, наколькі прадумана падзеленыя абавязкі. Народу тут мноства, і пры гэтым кожны ведае сваё месца і сваю ролю ў герархіі. Па ўсім пэрымэтры творчай прасторы — валянтэры з бэйджамі. Яны сустракаюць наведнікаў, зьвязваюць іх з мэнэджэрамі.

Робат, прыдуманы і сабраны школьнікамі

Робат, прыдуманы і сабраны школьнікамі

У самой залі працуюць «коўчы», так бы мовіць, «выкладчыкі на месцах». На іх яркія футболкі ці камізэлькі, бачныя здалёк. Коўч мае прыйсьці на дапамогу, калі здарыцца якая патрэба. Яго задача — каардынаваць працу, вырашаць тэхнічныя пытаньні.

Кантроль за выкананьнем практыкаваньняў ускладзены на кіраўнікоў майстэрняў — «ўоркшоп-лідэраў». Яны займаюць асобныя кабінэты, правяраюць заданьні студэнтаў і адсылаюць назад, адзначыўшы недахопы:

Ацэнка зробленага заданьня

Ацэнка зробленага заданьня

«Для нас вельмі важна, што падлетак мае свабоду выбару, сам выбірае, што яму найбольш цікава, — тлумачыць Алена Мардаян. — Гэта плятформа, пры дапамозе якой яны самі рэгулююць свой навучальны плян: не спадабалася — паспрабуй пашукаць сябе ў іншым кірунку. Часта бывае, што ёсьць вялікае жаданьне, але няма ніякай магчымасьці яго рэалізаваць. Дык вось мы да такога ўнутранага жаданьня дадаём усю неабходную тэхнічную базу».

Супрацоўнікі Tumo не стамляюцца гаварыць пра ўнікальнасьць цэнтру, аналягаў якому няма ні ў Эўропе, ні за акіянам. На практыцы гэта азначае адно: у агляднай будучыні выпускнікі прымусяць з сабой сур’ёзна лічыцца. Працягвае Алена Мардаян:

Фасад будынку Цэнтру крэатыўных тэхналёгіяў

Фасад будынку Цэнтру крэатыўных тэхналёгіяў

«Менавіта такіх цэнтраў няма нідзе, нават у ЗША, дзе жыве Сэм Сіманян. Ёсьць розныя ІТ-цэнтры, але яны вельмі дарагія, ня кожны можа дазволіць сабе такую раскошу для дзіцяці. А мы імкнёмся да таго, каб да 2020 году як мінімум 10% тынэйджэраў прайшлі гэтую школу, каб мелі Tumo-досьвед.

Пакуль мы на шляху да гэтага. Але, паводле дадзеных на канец 2015 году, ужо больш за 10 тысяч студэнтаў атрымалі досьвед навучаньня ў нашым цэнтры. Толькі ў Ерэване ў нас 7 тысяч актыўных студэнтаў, плюс аддзяленьні ў Дыліжане, Гюмры, Сьцепанакерце. Вядома, яны не такія вялікія, як гэты, але іх місія неацэнная».

Tumo ў 2011 годзе, архіўнае фота

Tumo ў 2011 годзе, архіўнае фота

Tumo ня мае ніякага іншага фінансаваньня, як з асабістых унёскаў Сэма Сіманяна — ня лічачы партнэрскіх адносінаў са структурамі, якія забясьпечваюць дзяржаўнае куратарства. Зрэшты, гэта досыць звыклая для Армэніі практыка, калі прадстаўнікі дыяспары шчодра дзеляцца з суродзічамі ў мэтраполіі — як на ўзроўні сваяцкіх сувязяў, так і ў маштабе краіны.

«Сэм Сіманян фінансуе ўсё — і цэнтар, і парк Туманяна, — кажа Алена Мардаян. — А таксама тры астатнія школы ў гарадах Армэніі. Не забывайцеся, што гэта і працоўныя месцы — блізу 200 чалавек працуе толькі ў Ерэване, ня лічачы валянтэраў».

Мара «электроніка»: робат, дрон і 3Д-прынтэр

На заканчэньне Алена Мардаян ладзіць экскурсію ў закулісьсе Цэнтру крэатыўных тэхналёгіяў Tumo. Па дарозе расказвае, што яе бабуля зь Беларусі, таму да беларусаў Алена мае асаблівую сымпатыю. Дадае, што, магчыма, і ў Беларусі зьявіцца ня толькі багаты, але і разумны чалавек, які рэалізуе штосьці падобнае.

Пляцоўка з амфітэатрам

Пляцоўка з амфітэатрам

Пасярод памяшканьня — амфітэатар зь вялізным экранам. Пляцоўка ператвараецца ў выставачную прастору, калі кожныя паўгода ўсе «майстэрні» дэманструюць вынікі сваёй дзейнасьці. У астатні час тут дэманструюць апошнія напрацоўкі дызайнэры, канструктары, фатографы.

Наступнай па дарозе — студыя гуказапісу, якой пазайздросьціць любы прафэсійны калектыў. Якраз ідзе рэпэтыцыя: старыя армянскія песьні ў выкананьні групы дзяўчатак атрымліваюць сучасную аранжыроўку. Тут жа прапісаныя хіп-хоп-электроншчыкі, альтэрнатыўныя панк-рокеры, дзявочая сьпеўна-танцавальная каманда. Узор інтэграцыі мастацтва і высокіх тэхналёгіяў.

Сучасная студыя гуказапісу

Сучасная студыя гуказапісу

Кіназаля — катэгорыі люкс. Місія ў яе найперш адукацыйная. Фільмы дэманструюцца з субтытрамі па-ангельску, штопятніцу — прагляд для ўсіх ахвотных, грошы на блёкбастэрах ніхто не зарабляе. На кожны месяц выбіраюцца тэматычныя фільмы ў прывязцы да пэўнай даты ці падзеі, пасьля паказу — абмеркаваньне.

Сёлета ў красавіку цэнтар наведаў легендарны францускі шансанье армянскага паходжаньня Шарль Азнавур. Яму паказалі кароткамэтражны анімацыйны фільм, распрацаваны стартапам Yelling Animation Studio і прысьвечаны генацыду армянаў.

Дракон з 3D-прынтэра

Дракон з 3D-прынтэра

Гульнявы пакой мае нязвыклае прызначэньне. Тут студэнты аналізуюць створаныя імі самімі кампутарныя гульні — ацэньваюць праект, графіку і г. д. Рэальнае сумяшчэньне навучаньня і гульні.

Станок для вырабу бранзалетаў

Станок для вырабу бранзалетаў

Самаробны дрон

Самаробны дрон

Нарэшце — студыя робататэхнікі, мара любога «электроніка». Тут канструююць самых розных робатаў — і па форме, і па функцыянальным прызначэньні. Упершыню на ўласныя вочы ўдалося пабачыць 3D-прынтэр з прадукцыяй заўтрашняга дня. Дрон, створаны дзяўчатамі, і кампутарызаваны ткацкі станок, выраблены хлопцамі — усё гэта плён намаганьняў студэнтаў і іхніх таленавітых выкладчыкаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG