Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта Лукашэнка паехаў у Баку: азэрбайджанскі крэдыт у абмен на «Палянэз»?


28 лістапада пачаўся афіцыйны візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Азэрбайджан. І беларускія, і азэрбайджанскія палітолягі мяркуюць, што асноўныя мэты візыту беларускага кіраўніка — узяць у Азэрбайджану чарговы крэдыт, каб пагасіць запазычанасьць перад Масквой за газ, а таксама дамовіцца пра пастаўкі ў Беларусь азэрбайджанскай нафты. Магчыма, Лукашэнка здолее атрымаць крэдыт у абмен на продаж Баку беларускай рэактыўнай сыстэмы залпавага агню «Палянэз».

Пра мэты візыту афіцыйны сайт кіраўніка дзяржавы паведамляе сьціпла і агульнымі фразамі.

Палітоляг, дырэктар Цэнтру стратэгічных і зьнешнепалітычных дасьледаваньняў Арсені Сівіцкі засяроджвае ўвагу на тым, што візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Баку адбываецца пасьля не зусім, як лічыць суразмоўца, пасьпяховага візыту кіраўніка Беларусі ў Маскву і амаль безвыніковых перамоваў з Уладзімерам Пуціным:

«На маю думку, з Ільхамам Аліевым перш за ўсё гаворка пойдзе пра тое, каб атрымаць крэдытныя рэсурсы на пагашэньне той запазычанасьці, якая назапасілася з прычыны газавага канфлікту з Масквой і якая паўплывала на скарачэньне паставак нафты з Расеі ў Беларусь. Ня першы раз Лукашэнка зьвяртаецца да Аліева па дапамогу. Такую ж сытуацыю мы назіралі ў 2010 годзе, калі ішла вельмі жорсткая нафтагазавая вайна паміж Менскам і Масквой (тады таксама ў Менску была запазычанасьць каля 200 мільёнаў даляраў перад Расеяй). Азэрбайджан даў Беларусі крэдыт у чэрвені 2010 году. І вось цяпер зноў склалася такая ж самая сытуацыя.

Па-другое, будзе весьціся гаворка пра пэрспэктывы беларуска-азэрбайджанскага супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай сфэры і пра вайскова-палітычнае супрацоўніцтва. Будуць перамовы пра дывэрсыфікацыю паставак энэрганосьбітаў у Беларусь. Я нагадаю, што мы ўжо атрымалі партыю азэрбайджанскай нафты некалькі тыдняў таму з Адэсы і зацікаўленыя ў нарошчваньні абʼёмаў.

Па-другое, Менск плянуе актывізаваць шэраг іншых эканамічных праектаў, зьвязаных са стварэньнем сумесных індустрыяльных прадпрыемстваў у свабодных эканамічных зонах.

Па-трэцяе, гэта вайскова-палітычнае супрацоўніцтва. Беларусь у гэтай сфэры мае даволі сурʼёзныя пастаўкі — напрыклад, у 2010 годзе, калі Беларусь атрымлівала крэдыт ад Азэрбайджану, Менск абяцаў нарасьціць пастаўкі некаторых сыстэм узбраеньняў. Сёньня Баку зацікаўлены ў атрыманьні новай беларускай рэактыўнай сыстэмы залпавага агню «Палянэз». Гэта цяпер асабліва актуальна, тым больш што Армэнія атрымала ад Расеі апэратыўна-тактычна-ракетны комплекс «Іскандэр».

І мне здаецца, што Менск здолее дамовіцца з Баку наконт крэдыту, і, відаць, на гэтым будуць завязаныя і астатнія праекты ў энэргетычнай і вайскова-тэхнічнай сфэрах, калі казаць пра магчымасьць пастаўкі РСЗА «Палянэз» Азэрбайджану. Гэта будзе «пакетная» ўгода. Лукашэнка зможа, так бы мовіць, атрымаць крэдыт у абмен на «Палянэз», калі не ўмяшаецца расейскі бок у гэты працэс. Ня будзем забываць, што Расея мае вельмі сурʼёзны ўплыў на Азэрбайджан».

Кіраўнік клюбу палітолягаў «Паўднёвы Каўказ», азэрбайджанскі палітоляг Ільгар Велізадэ таксама лічыць, што Аляксандар Лукашэнка можа зьвярнуцца да азэрбайджанскага боку па крэдыт:

«Пра суму ці мэты крэдыту мы сёньня можам толькі здагадвацца. Але я ня думаю, што візыт будзе засяроджаны толькі на гэтым пытаньні. Справа ў тым, што сёньня перад эканомікамі і Беларусі, і Азэрбайджану паўстае пытаньне забесьпячэньня ўстойлівасьці разьвіцьця. Гэтыя краіны сутыкнуліся з пэўнымі выклікамі, рызыкамі. Па азэрбайджанскай эканоміцы, у прыватнасьці, моцна ўдарыла рэзкае зьніжэньне цэнаў на нафту. Раней з крэдытамі было прасьцей: МВФ, Кітай, Саудаўская Арабія маглі выдзяляць даволі вялікія крэдыты. Цяпер і ў Кітаі зь юанем вялікія праблемы, у нас — з нафтай. Таму мы, натуральна, сталі больш скнарнымі, прыцісклівымі, налева-направа крэдытамі ніхто не раскідаецца. Хаця ў мінулы раз Лукашэнка ўзяў у Азэрбайджану крэдыт і аддаў яго ў тэрмін. Але цяпер і ў нас сытуацыя іншая.

З другога боку, мы ведаем, што ёсьць праблемы і ў энэргетычным сэктары Беларусі. Краіна залежыць ад паставак нафты і газу ў вялікай ступені з боку Расеі. А паміж Расеяй і Беларусьсю палітычны дыялёг таксама праходзіць не зусім гладка. І каб дывэрсыфікаваць пастаўкі энэргарэсурсаў, цалкам магчыма, што будзе абмяркоўвацца тэма паставак азэрбайджанскай нафты на нафтаперагонныя заводы Беларусі праз сыстэму нафтаправоду Адэса — Броды.

Яшчэ адно пытаньне, якое можа быць узьнята, — гэта рэалізацыя транспартных маршрутаў. Зь літоўскага порту Клайпэда да Адэсы, потым па Чорным моры праз Батумі ў Баку, і далей — па маршруце Шаўковага шляху, па тэрыторыі Казахстану ў Кітай. Гэта, канечне, вельмі складаная схема, але ў тэставым рэжыме былі пушчаныя саставы ў 2015 годзе. Тэст паказаў, што рэалізацыя гэтага маршруту магчымая пры адпаведнай эканамічна мэтазгоднай загрузцы. Беларусь — краіна, якая знаходзіцца на гэтым маршруце, і, натуральна, пэўныя прэфэрэнцыі яна захоча атрымаць, выступіць лабістам для краін Балтыі і Польшчы. Гэта адпавядае інтарэсам і Азэрбайджану, і Беларусі. Краіны спрабуюць зарабіць на транзыце.

Натуральна, будуць абмяркоўвацца і палітычныя пытаньні. Беларусь цяпер старшынюе ў АДКБ, а ў межах гэтай арганізацыі таксама ідуць неадназначныя працэсы. Для Азэрбайджану гэта актуальна ў сьвятле Карабаскага крызісу, і вельмі важная пазыцыя Беларусі. Раней, падчас старшынства Армэніі ў АДКБ, Армэнія ініцыявала актыўнае ўмяшаньне гэтай арганізацыі ў канфлікт на баку Армэніі. Сёлета ў красавіку было чарговае абвастрэньне канфлікту, і тады з боку армянскага кіраўніцтва партнэрам па АДКБ рабіліся звароты, што, маўляў, Армэнія занепакоеная дружным маўчаньнем калегаў па АДКБ, прапаноўваючы ім больш актыўна ўмяшацца, натуральна, на сваю карысьць. Мы ведаем, што Беларусь, Казахстан, іншыя сябры арганізацыі стрымана ставяцца да гэтай праблемы. Азэрбайджану вельмі важна, каб падчас старшынства Беларусі гэтая арганізацыя заставалася нэўтральнай што да гэтага канфлікту».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG