Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Тут, мабыць, больш ня творчасьць, а грошы, рэпутацыя» — Navi пра адбор на «Эўравізію»


Адзін з фаварытаў нацыянальнага адбору на «Эўравізію» і адзіны з удзельнікаў фіналу зь беларускамоўнай песьняй распавёў Свабодзе пра ўражаньні ад конкурсу.

Гурт Navi да пачатку фіналу нацыянальнага адбору на «Эўравізію» можна было сьмела прылічыць да тройкі фаварытаў разам з Napoli і Ivan-ам — прынамсі, па колькасьці пастоў, «лайкаў» і рэпостаў у сацсетках. Але Navi, па афіцыйных выніках, атрымалі ў 4 разы менш галасоў за двух іншых фаварытаў.

Ці задаволены гурт выступам?

«Мае ўражаньні... Неверагодны наш выступ, таму што гэта было вельмі эмацыйна, — распавёў Свабодзе ўдзельнік гурту Navi Арцём Лук’яненка. — Мы зразумелі да канца песьню, якую мы напісалі. Словы вельмі супалі: тое, што мы разам, тое, што гэта „Зямля, дзе сустрэліся мы“... Мы змаглі паказаць сваю творчасьць людзям.

„Эўравізія“, мабыць, гэта не зусім нашая гісторыя. У нас жывыя канцэрты, сапраўдны склад, зь якім мы можам выступаць — гэта тое, што нам больш даспадобы. За Івановым вялізная каманда, грошы. Таму, мабыць, гэта пра іх. А ў нас усё па-іншаму, у нас іншая філязофія, іншае стаўленьне да такога паняцьця, як музыка і творчасьць.

Тут, мабыць, больш ня творчасьць, а грошы, рэпутацыя і гэтак далей. Але ўсё атрымалася як ёсьць — і я вельмі задаволены, таму што цяпер падтрымка неверагодная. Вялікі дзякуй усім, хто піша нам, падтрымлівае. Ніколі такога не было!»

Да фіналу Арцём сьцьвярджаў, што верыць у справядлівасьць адбору. Але ці верыць цяпер афіцыйным вынікам галасаваньня і перамозе Ivan-а?

«Пасьля выступу да нас шмат хто падыходзіў, казаў, што ўсё, „вы перамаглі“. Канешне, калі ты ўдзельнічаеш у конкурсе, заўсёды хочацца быць першым. Але адэкватна — нам не патрэбная гэтая гісторыя, „Эўравізія“, вось і ўсё.

Пра вынікі я ня ведаю, не магу сказаць, што веру, не магу сказаць, што не. Я не настолькі разьбіраюся. У нас зусім малады гурт, але пяць тысяч галасоў змаглі назьбіраць! Мабыць, так і атрымалася».

Navi былі адзінымі канкурсантамі, якія сьпявалі па-беларуску, іншыя ж прадстаўлялі англамоўныя песьні. Ды й раней ад Беларусі на дарослую «Эўравізію» ні разу не праходзіла беларускамоўная песьня — хіба беларуская мова гучала на дзіцячай «Эўравізіі».

Ці варта іншым гуртам зноў спрабаваць прабіцца на конкурс зь беларускамоўнай песьняй?

«Канешне, выходзьце, паказвайце сябе! Гэта такі шанец паказаць сваю творчасьць! Насамрэч, я таксама ня ведаю, ці варта па-беларуску, бо тут шмат розных клішэ наконт гэтага... Але ў нас атрымалася патрапіць на адбор зь песьняй на беларускай мове.

Я не магу разьдзяляць мовы. Калі ў нас пытаюць, чаму сьпяваем па-беларуску, я не разумею гэтага пытаньня. Мы ж пішам песьні па-расейску таксама як і па-беларуску, так атрымалася, што на дзьвюх мовах мы сьпяваем. Так атрымалася, што на беларускай з большай адказнасьцю падыходзім да напісаньня песень. Але я не хачу, каб было такое канкрэтнае разьдзяленьне».

Navi будзе спрабаваць свае сілы на «Эўравізіі» ў наступныя гады?

«Спадзяюся, за год зробім так шмат, што нам не патрэбны будзе гэты адбор».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG