Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнцкія дэбаты ў ЗША арганізуе сын эмігрантаў зь Беларусі


Дзьмітры Гурневіч (зьлева), Марцін Слуцкі (у цэнтры) і Павал Мажэйка (справа)
Дзьмітры Гурневіч (зьлева), Марцін Слуцкі (у цэнтры) і Павал Мажэйка (справа)

Глыбокай ноччу, паводле менскага часу, Амэрыка застыне перад тэлевізарамі. У Нью-Ёрку пройдуць першыя прэзыдэнцкія тэледэбаты паміж Гілары Клінтан і Дональдам Трампам. «Найважнейшыя 90 хвілін для амэрыканскай палітычнай гісторыі,» — так гэтую сустрэчу называюць амэрыканскія камэнтатары.

Уявіце сабе, што ў гэтай гісторыі ёсьць беларускі акцэнт. Галоўным выканаўчым прадусарам амэрыканскіх прэзыдэнцкіх тэледэбатаў з 2000 году зьяўляецца сын ураджэнцаў Беларусі — Марцін Слуцкі. Яго пасада — ня нейкая тэхнічная функцыя. Слуцкі выконвае сваю працу на падставе рашэньня Камісіі па прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША. Ён займаецца арганізацыйнымі пытаньнямі, прыдумляе фармат, працуе з мадэратарамі, кандыдатамі ў прэзыдэнты і пасярэднічае паміж іх штабамі. Гэта голас Марціна Слуцкага сёньня будзе чуць у слухаўцы вядучы тэледэбатаў Лэстэр Голт.

З Марцінам Слуцкім я меў гонар пазнаёміцца летась у Вільні. Ён прыляцеў напярэдадні беларускіх прэзыдэнцкіх дэбатаў на Белсаце, каб правесьці журналісцкі трэнінг для вядучых: мяне і майго калегі Паўла Мажэйкі. Слуцкі, які на «ты» з усімі амэрыканскімі прэзыдэнтамі, вельмі сьціплы і просты ў кантактах чалавек. Але найважнейшае — першаклясны прафэсіянал. Распавёўшы нам пра свае палітычныя погляды, ён ня раз зьвяртаў увагу, што ніколі ў жыцьці не дазволіў сабе праявіць гэта падчас працы. У працы вядучага тэледэбатаў, вучыў ён нас, павінна быць максымальная нэўтральнасьць, добрая падрыхтоўка па тэме, расплянаваная кожная доля сэкунды, уменьне слухаць, не самалюбавацца, а думаць кожнае імгненьне пра гледача, быць яго голасам, быць яго мозгам. Нельга дазволіць сябе справакаваць, абразіцца, паказаць эмоцыі. «Poker face» — такімі павінны быць паводзіны вядучага, незалежна ад таго, працуе ён у ЗША, Бурундзі ці Беларусі.

Сам сябе Марцін Слуцкі называе беларускім габрэем. Яго бацька — са Слуцку, а маці — з Клецку. У Амэрыку яны трапілі ў 1910-ых гадах малымі дзецьмі. У маладосьці Марцін Слуцкі быў рокерам. Граў на гітары ў гурце McKendree Spring, які выпусьціў 9 дыскаў. Аднойчы малады Буш прызнаўся Марціну, што ў юнацтве танчыў пад ягоную музыку.

Апошнія 35 гадоў Слуцкі зьвязаны з тэлевізіяй. За сваю працу ён атрымаў 7 узнагарод Emmy Award, тэлевізійны аналяг «Оскара». Сёньня сын беларускіх габрэяў са Слуцку і Клецку будзе трымаць руку ну пульце адной з самых рэйтынгавых у Амэрыцы тэлеперадач. Чакаецца, што дэбаты ў жывым эфіры будзе глядзець больш як 100 мільёнаў амэрыканцаў, і яны могуць пабіць рэкорд глядацкай папулярнасьці Чэмпіянату амэрыканскага футболу Superbowl. Дарэчы, Слуцкі быў прадусарам і гэтага спартыўнага шоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG