Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАТО: Колькасьць расейскай арміі і тэхнікі ў Данбасе расьце


Philip Breedlove

Philip Breedlove

На ўсходзе і поўдні Ўкраіны НАТО бачыць прыкметы сродкаў расейскай супрацьпаветранай абароны і радыёэлектроннай барацьбы.

Баі ў зоне канфлікту ва Ўкраіне ўзмацніліся да ўзроўню, які быў да заключэньня Менскага пагадненьня аб спыненьні агню, а часам і больш магутнага. Пра гэта заяўляюць ваеначальнікі саюза НАТО, якія завяршылі двухдзённыя кансультацыі ў фармаце Ваеннага камітэту Паўночнаатлянтычнага саюза.

У альянсе прыватнасьці прааналізавалі новую ваенную дактрыну Расеі і выказалі надзею на аднаўленьне кантактаў з генэральным штабам расейскіх узброеных сілаў.

Сытуацыя на лініі баявога сутыкненьня на ўсходзе Ўкраіны кепская, канстатуе вярхоўны галоўнакамандуючы аб’яднанымі сіламі НАТО ў Эўропе генэрал Філіп Брыдлаў:

«Баі актывізаваліся. Зараз я не магу пацьвердзіць зьвесткі прэзыдэнта Пятра Парашэнкі (аб прысутнасьці ў Данбасе 9000 расейскіх вайскоўцаў і шматлікай цяжкай тэхнікі). Але мы бачым, што фармаваньні, якія падтрымліваюцца Расеяй, аднавілі свой ваенны патэнцыял для ціску на ўкраінскую армію».

Ён дадаў, што прарасейскія сэпаратысты «ў некалькіх месцах прасунуліся далей на захад па лініі кантакту:

«Наша бачаньне таго, што адбываецца на ўсходзе Ўкраіны такое: мы пачынаем бачыць на тэрыторыі Ўкраіны прыкметы прысутнасьці адзінак супрацьпаветранай абароны і сродкаў радыёэлектроннай барацьбы, якія раней суправаджалі расейскія войскі. Колькасьць дадатковых расейскіх войскаў у зоне канфлікту пакуль мы назваць ня можам».

У той жа час за апошнія дні ў НАТО зьвяртаюць увагу на павелічэньне колькасьці танкаў, артылерыі і іншай цяжкай ваеннай тэхнікі, якая выкарыстоўваецца расейскімі войскамі на ўсходзе Ўкраіны. Старшыня Паўночнаатлянтычнага альянсу Енс Столтэнбэрг перад гэтым у чарговы раз заклікаў Маскву адклікаць свае вайсковыя фармаваньні і тэхніку з тэрыторыі Ўкраіны. НАТО вядзе маніторынг уводу расейскіх войскаў ва Ўкраіну цягам некалькіх месяцаў, і ў апошні час заўважае істотнае павелічэньне ваеннай тэхнікі, адзначыў Столтэнбэрг.

XS
SM
MD
LG