Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Натальля Радзіна: Я ня маю намеру вяртацца ў Беларусь, бо праца «Хартыі» ва ўмовах Беларусі немагчымая


Натальля Радзіна

Натальля Радзіна

Галоўны рэдактар сайту «Хартыя-97» Натальля Радзіна заявіла Радыё Свабода, што яна паважае ўчынак Алеся Міхалевіча, але сама вяртацца з Варшавы ў Беларусь не зьбіраецца:

«Я паважаю ягоны ўчынак, гэта ягоны выбар. Я таксама вельмі сумую па Беларусі, я таксама хачу вярнуцца ў Беларусь, нават яму вельмі зайздрошчу, што ён, хоць і затрыманы, але ўжо ў сябе на радзіме.

Што тычыцца мяне, я ня маю намеру вяртацца ў Беларусь, таму што я зусім пэўна ведаю, што праца сайту „Хартыі-97“ ва ўмовах Беларусі цалкам немагчымая. Як паказвае наш досьвед працы ў Беларусі (а мы працуем з 1998 году і да 2010 году працавалі ў Беларусі), калі ты кажаш праўду пра беларускія ўлады і пра тое, што адбываецца ў краіне, гэта небясьпечна — магчымыя арышты, забойствы, ператрусы, канфіскацыя. Таму я ведаю, што калі я хачу працаваць свабодным журналістам, пісаць без самацэнзуры, бяз страху, бязь ціску з боку спэцслужбаў, — на жаль, сёньня гэта я магу рабіць толькі з-за мяжы».

На пытаньне Радыё Свабода, ці былыя кандыдаты ў прэзыдэнты, паплечнікі ня будуць папракаць Алеся Міхалевіча, што ён усё ж такі падпісаў паперу аб супрацы з КДБ, хоць потым і прызнаўся ў гэтым, — асабліва на фоне цяперашніх сварак у апазыцыі наконт таго, хто працуе на спэцслужбы, — Натальля Радзіна адказала так:

«Цяпер адбываецца працэс аб’яднаньня нармальных, здаровых палітычных сіл, якіх, на жаль, у краіне засталося няшмат. І трэба рэчы называць сваімі імёнамі. Калі нарэшце беларускія палітыкі пачалі ўслых гаварыць, што той жа Андрэй Дзьмітрыеў — агент КДБ, і „Гавары праўду“ — гэта структура, якая працуе на ўладу, то гэта можна толькі вітаць».

А якім чынам можна абвінаваціць Міхалевіча ў супрацы з КДБ, калі гэты чалавек дэманстратыўна парваў паперу аб супрацоўніцтве з КДБ і шчыра распавёў праўду пра тое, што адбывалася ў турме?

«Я была ў той самай турме ў адзін час з Алесем Міхалевічам, і я фактычна была сьведкай таго, пра што ён казаў. Таму я ведаю, што менавіта ягоная заява ў той момант спыніла катаваньні ў турме. Таму да Міхалевіча гэтыя рэчы цалкам не прымяняльныя.

Што да вяртаньня Міхалевіча — магчыма, гэты факт згуляе на карысьць беларускіх уладаў, таму што будуць казаць: „Глядзіце, апазыцыя вяртаецца. Значыць, у Беларусі бясьпечна“. Гэта адбывалася заўсёды, гэта выкарыстоўвалі і савецкія ўлады, калі заклікалі эміграцыю вяртацца, каб ствараўся менавіта такі імідж, што ў краіне адбываюцца перамены, зьмены да лепшага. Але мы ж разумеем, што гэта ўсё падман, што нічога ў Беларусі не зьмянілася».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG