Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Натальля Пяткевіч зоймецца турыстычным бізнэсам


Натальля Пяткевіч

Натальля Пяткевіч

Экс-памочнік прэзыдэнта Беларусі Натальля Пяткевіч узначаліць кампанію «Шантэр», якая будзе займацца турыстычным бізнэсам.

Інфармацыю пра гэта пацьвердзіў парталу tut.by адзін з уладальнікаў кампаніі Аляксандар Шакуцін.

Карэспандэнт Свабоды датэлефанаваўся да Натальлі Пяткевіч, але тая адмовілася размаўляць і паклала слухаўку.

Паводле tut.by, назва кампаніі «Шантэр» расшыфроўваецца як «Шыкоўны Адпачынак На ТЭрыторыi Радзiмы».

Упершыню пра гэты праект стала вядома падчас сустрэчы Шакуціна з Аляксандрам Лукашэнкам у сьнежні мінулага году. Сэнатар тады анансаваў будаўніцтва некалькіх новых аб’ектаў, у прыватнасьці, санаторыя на 240 месцаў і гасьцініцы на 150 месцаў. Аляксандар Шакуцін адзначыў, што бліжэйшым часам будзе прэзэнтаваны новы праект — турыстычная кампанія, якая мае ў сваім складзе паляўнічую гаспадарку.

Кампанія «Шантэр» пяройме некалькі аб’ектаў адпачынку «Амкадора». Сярод іх — санаторый «Пралеска», што на беразе Менскага мора, база адпачынку «Рудакова» на Нарачы, дзіцячы лягер «Даманава» ў Маладэчанскім раёне. Гатэль плянуецца пабудаваць у складзе дзелавога комплексу, участак пад будоўлю якога выдзелены насупраць «Менск-Арэны».

Паводле Шакуціна, на рэалізацыю гэтых праектаў плянуецца выдаткаваць больш за 100 млн даляраў.

Падчас прэс-канфэрэнцыі сёлета ў студзені Аляксандар Лукашэнка ня выключыў, што Натальля Пяткевіч можа вярнуцца ў дзяржапарат. Ён дадаў, што «Натальля Ўладзімераўна ўжо недзе працуе, ня ведаю дзе».

Лукашэнка таксама растлумачыў, што Натальлі Пяткевіч прапаноўваліся розныя варыянты працаўладкаваньня, аднак яна пакуль, магчыма, зоймецца сваім здароўем.

«Натальля Ўладзімераўна — вельмі нават падрыхтаваны чалавек, якога я ведаю гадоў 20. Што тычыцца Ладуцькі — тое ж самае. Падбярэм адпаведныя пасады», — сказаў кіраўнік краіны. Пры гэтым ён ня выключыў, што пасады могуць быць і недзяржаўныя.

Што тычыцца Ладуцькі — тое ж самае. Падбярэм адпаведныя пасады

У кастрычніку мінулага году Аляксандар Лукашэнка вызваліў Натальлю Пяткевіч ад пасады памочніка прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь.

Звальненьне адбылося паводле згоды бакоў, паведамляе прэзыдэнцкая прэс-служба.

У верасьні 2011 году Лукашэнка прызначыў Натальлю Пяткевіч сваім памочнікам.

Тады яна вярнулася ў блізкае атачэньне Лукашэнкі пасьля 8 месяцаў няпэўнасьці. На пачатку 2011 году яе адхілілі ад пасады першай намесьніцы кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта. Тады яна засталася на грамадзкай працы — старшынёй Беларускай фэдэрацыі гарналыжнага спорту і снаўборду.

З 2009 году да сьнежня 2010-га Натальля Пяткевіч працавала першым намесьнікам кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. У 2001–2004 гадах яна была прэс-сакратаром прэзыдэнта. У 2004–2009 гадах — намесьнікам кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта.

Пяткевіч уваходзіць у сьпіс асобаў, якім забаронены ўезд у Эўразьвяз.

XS
SM
MD
LG