Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эміграцыя адрадзіла ідэю несавецкай беларускай дзяржаўнасьці


Натальля Гардзіенка
Натальля Гардзіенка

2 красавіка Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» запрашае ў музэй Багдановіча на імпрэзу «Адкрыем невядомыя старонкі беларускай эміграцыі».

Там будуць прэзэнтаваныя тры выданьні, якія пабачылі сьвятло ў Беларусі апошнім часам: «Рада БНР (1970–1982): падзеі і дакумэнты» (з сэрыі «Бібліятэка Бацькаўшчыны») Натальлі Гардзіенкі і Леаніда Юрэвіча; «Відымусы» Леаніда Юрэвіча; выпуск № 37 «Запісаў Беларускага інстытуту навукі і мастацтва».

Напярэдадні імпрэзы дасьледчыца, гісторык Натальля Гардзіенка адказала на пытаньні Радыё Свабода.

— Спадарыня Натальля, складаецца такое ўражаньне, што вывучэньнем беларускай эміграцыі займаюцца толькі асобныя дасьледчыкі, гісторыкі з уласнай ініцыятывы. А вось што тычыцца афіцыйных дзяржаўных структур — уладаў, Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук — іх гэтая тэма хоць крышачку цікавіць?

— Спэцыяльна на дзяржаўным узроўні, асабліва што тычыцца заходняга кірунку беларускага замежжа, такія дасьледаваньні не вядуцца. Афіцыйныя навуковыя структуры гэтым не цікавяцца, не спрыяюць, не дапамагаюць вывучэньню. У Інстытуце гісторыі Акадэміі навук цяпер няма адмысловай структуры, якая б займалася гэтымі праблемамі. Яна была ў 1990-х, але на пачатку 2000-х была скасаваная. І, у прынцыпе, тэмы, якія тычацца беларускай эміграцыі, не вітаюцца на дзяржаўным узроўні.

— То бок вывучэньне беларускай эміграцыі — гэта прыватная ініцыятыва асобных гісторыкаў?

— Часьцей за ўсё так. І ініцыятыва, якая падтрымліваецца самімі эміграцыйнымі структурамі, у прыватнасьці, Беларускім інстытутам навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку.

— Што тычыцца выданьняў, якія будуць прэзэнтавацца сёньня ў музэі Максіма Багдановіча. Шчыра кажучы, бальшыня беларусаў мае даволі цьмянае ўяўленьне, чым займаецца Рада БНР...

— Асноўная ідэя дасьледаваньня — паказаць, што ідэя несавецкай беларускай дзяржаўнасьці была адноўлена на эміграцыі і атрымала пэўнае разьвіцьцё, увасабленьне ў канкрэтных дзеяньнях, у канкрэтных структурах. Кніга прысьвечана канкрэтнаму пэрыяду: з 1970 па 1982 гады. Гэта працяг папярэдняга дасьледаваньня, прысьвечанага першаму пасьляваеннаму прэзыдэнту Рады БНР Міколу Абрамчыку і ягонаму пэрыяду — з 1947 па 1970 гады. Гэтыя дасьледаваньні і наступнае, якое рыхтуецца, трэба разглядаць у пэўнай узаемасувязі і пасьлядоўнасьці. З пачатку 1970-х тая самая Рада БНР перажывала пэрыяд своеасаблівай арганізацыйнай рэформы, калі сталі актыўна працаваць яе прадстаўніцтвы ў беларускіх асяродках Аўстраліі, Францыі, Вялікай Брытаніі, Злучаных Штатах Амэрыкі, Канадзе. Больш актыўнай стала менавіта дзейнасьць на месцах. І працягвалася праца па прадстаўніцтве беларускіх інтарэсаў на захадзе менавіта праз Раду БНР і яе ўжо новага старшыню — Вінцэнта Жук-Грышкевіча.

На жаль, дакумэнты пра дзейнасьць Рады БНР раскіданыя па розных краінах, па розных архівах, асабліва гэта тычыцца пэрыяду пасьляваеннага. З пэрыядам пасьля 1970 году крыху прасьцей, бо тагачасны сакратар прэзыдыюму Рады — Раіса Жук-Грышкевіч, жонка старшыні Рады — вельмі акуратна зьбірала ўсе дакумэнты, рабіла копіі, скіроўвала ў розныя сховішчы. У кнізе выкарыстоўваюцца дакумэнты, якія былі ў архівах Беларускага інстытуту навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку, у Беларускай бібліятэцы імя Францыска Скарыны ў Лёндане. Гэтыя дакумэнты, а таксама ліставаньне, у тым ліку з прыватных збораў — Янкі Запрудніка, сям’і Стагановічаў — і прадстаўленыя ў кнізе дзеля таго, каб дакладна паказаць, што ўяўляла сабой дзейнасьць афіцыйных структур Рады БНР, а таксама што думалі, чым жылі асобныя яе прадстаўнікі.

Другое выданьне, якое мы прэзэнтуем, — кніга Лявона Юрэвіча «Відымусы». Гэта архіўныя нататкі, публікацыі архіўных дакумэнтаў, знойдзеныя пераважна ў сховішчах беларускай эміграцыі, цытаты з малавядомых публікацыяў, прысьвечаныя ня толькі ўласна эміграцыйнай тэматыцы, але і літаратуры, культуры Беларусі.

Трэцяе выданьне, якое будзе прэзэнтавацца, — гэта 37-мы нумар альманаха «Запісы Беларускага інстытуту навукі і мастацтва». Там прадстаўленыя і беларусы Францыі, і беларуская прысутнасьць у Празе з дакладнай мапай беларускіх месцаў у Празе. У гэтым альманаху прадстаўлены таксама біяграфічны даведнік дзеячаў беларускай эміграцыі, матэрыялы з апошняга Кангрэсу дасьледчыкаў Беларусі ў Коўне, дзе працавала эміграцыязнаўчая сэкцыя.

Пачатак прэзэнтацыі — а 19-й гадзіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG