Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У небе парнік ляціць і побач сабака лапамі махае» — шакуючыя наступствы тарнада над Шаркаўшчынай


«Дзіця накрыла сабою, сагнулася, сьмертанька мая прыйшла», — старыя і маладыя жыхары Шаркаўшчыны ўражаныя тарнада, які за некалькі хвілінаў павырываў таўшчэзныя дубы на старых могілках, пападымаў у паветра аўтамабілі, пазрываў дахі з дамоў і разбурыў жывёлагадоўчую фэрму.

«Цёмна стала, гул такі, вір, шыфэр ляціць». «У паветры парнік ляціць і сабака лапамі махае». «Тут шапік стаяў, дык яго падняла ўверх, пераляцеў праз машыну, а шапік вунь на тым баку вуліцы на слуп надзела», — распавядаюць гараджане. Усё заняло літаральна некалькі хвілінаў. «Як вайна», — часта кажуць мясцовыя жанчыны.

Тарнада на вуліцы Маладзёжнай у Шаркаўшчыне пачулі недзе а палове чацьвёртай вечара 11 ліпеня.

«Спачатку цёмна стала, пасьля засьвітала, вецер узьляцеў, дзяцей пахавала, а яны плачуць, — распавядае бабуля Зіна. — Восемдзесят гадоў жыву, ніколі такога не было. Бываюць вятры, але каб такое».

Тут жа на Маладзёжнай стаяў шапік. Цяпер тут пустая пляцоўка. Сам шапік аднесла на другі бок вуліцы. Моцна пацярпела прадаўшчыца Ірына, якая жыве ў доме насупраць. У яе некалькі пераломаў, яна ў шпіталі. Разам зь ёй там яшчэ два чалавекі. Адна зь іх — жанчына, якая страціла шмат крыві, калі яе парэзала шклом з разьбітага вакна ва ўласнай кватэры. Агулам па дапамогу зьвярнуліся 14 чалавек.

«Я думала, гэта птушкі лятаюць, а гэты шыфэр ляціць у паветры. На могілкі глянулі, а там дрэваў ужо няма, — кажа Надзея, маладая жыхарка вуліцы Маладзёжнай. — Вельмі страшна было, думала, што дом перавернецца».

«А вы журналісты? Здымаеце? А чаго вы людзей на....це? — на вуліцы нас сустракае рабочы ва ўніформе ЖКХ. — Кажуць: „20 дахаў зьнесла“! Ды тут 20 працэнтаў дахаў зьнесла!»

Маштабы разбурэньняў сапраўды ўражваюць. На шматкватэрных дамах пазносіла шыфэрныя дахі, павыбівала вокны. У пашкоджаных раёнах людзі прыбіраюць разбураныя сараі, гаражы, пашкоджаныя гароды і парнікі. Пра назаўжды страчаныя полікарбанатныя парнікі шкадуюць найбольш.

«Вунь у суседа адзін парнік зьнесла, а два такіх жа прынесла», — жартуе мужчына на вуліцы Маладзёжнай.

«Нам ведаеце што крыўдна? Мы ж у Шаркаўшчыне самыя бедныя ў Віцебскай вобласьці, — распавядае жанчына, якая спрабуе давесьці да ладу пашкоджаны гарод каля двухпавярховіка. — У нас жа заробкі ледзь да трох мільёнаў даходзяць. А тут яшчэ такая бяда. І ні разу ніхто з начальства, ані міністар, ані прэзыдэнт у нашу Шаркаўшчыну не заехаў».

На дахах шматкватэрных дамоў працуюць рабочыя. Большасьць зь іх — не мясцовыя, прыехалі дапамагаць. У кватэрах — выбітыя вокны, разьбітыя гаўбцы.

«Я дома была, — распавядае маладая жанчына. — Дзьверы ў пакоі хацела прыкрыць, дык мяне зь дзьвярыма вынесла. Шкло ва ўсіх кватэрах пабіла, шыфэр застраваў у сьценах».

У гэтай кватэры пацярпела дзіця, яго парэзала разьбітым шклом. Старэйшая жанчына ляжыць у больніцы, бо таксама страціла шмат крыві ад парэзаў.

Разьбітыя вокны хтосьці ўжо пасьпеў зацягнуць поліэтыленам. Кажуць, што кампэнсаваць пабітае шкло ня будуць, і вокны жыхарам давядзецца ўстаўляць самім.

«Дах будзем рамантаваць, з вокнамі яшчэ ня вызначыліся, — кажа старшыня райвыканкаму Мікалай Баговіч. — У адпаведнасьці з заканадаўствам страхавая кампанія выплочвае кампэнсацыі ў застрахаваных прыватных домаўладаньнях, а ў шматкватэрных унутраныя працы — за кошт жыхароў. Як будзе ў дадзены момант, я вам не адкажу».

Але, па словах старшыні, намесьнік старшыні абласнога выканкаму даў загад «пагаварыць з кожным пацярпелым і зафіксаваць, што кожны чалавек будзе рабіць».

Дапамогай мясцовай улады і вобласьці людзі вельмі задаволеныя. Удзячныя і службе ЖКХ і МНС.

«Прыехалі празь некалькі хвілін, электрычнасьць хутка наладзілі», — кажуць жыхары. На ліквідацыі наступстваў працуюць рабочыя з суседніх раёнаў.

«Учора тры сотні чалавек, сёньня як мінімум удвая больш», — кажа старшыня Шаркаўшчынскага райвыканкаму Мікалай Баговіч. Паводле яго, створаны штаб ліквідацыі наступстваў стыхійнага бедзтва, якім кіруе намесьнік старшыні выканкаму Віцебскай вобласьці Віктар Аскерка.

Шлях тарнада па Шаркаўшчыне дакладна можна прасачыць паводле разбурэньняў. Выйшаўшы з гораду, сьмерч ударыў па фэрме гаспадаркі імя Маркава.

«Паглядзіце, якія сьцены! Мы яе „Амкадорам“ сёньня не маглі разьбіць, а ён [тарнада] заваліў. А сенавал!» — дырэктар гаспадаркі Маркіна Багуслаў Паўлоўскі распавядае, як стыхія за хвіліны разбурыла ягоную фэрму.

«Фэрму склала як картачныя домікі, — кажа дырэктар. — Быдла ў мяне было 352 галавы. Вытрымалі сьцены, бо ў мяне тут прывязі мэталічныя, і на іх усё склалася. 7–8 галоў адразу здалі на скатабойню, недзе нага паламаная, хрыбет пашкоджаны — няма сэнсу трымаць такую жывёлу. Усяго 66 галоў давялося адправіць на мясакамбінат».

«Пашанцавала», бо зьмена на фэрме пачынаецца а 16-й, таму людзей там не было. Толькі дзяжурны атрымаў нязначнае пашкоджаньне. Але будынкаў фэрмы шкада, бо, кажа Паўлоўскі, толькі нядаўна рэканструявалі. «Страшна было», — кажа дырэктар, апісваючы сам тарнада.

«Воз тут стаяў, дык ён цяпер вунь там, — паказвае Паўлоўскі праз два будынкі. — Калега спыніўся і кажа, што парнік у паветры ляцеў і сабака лапамі махаў».

Цяпер пашкоджаную фэрму разьбіраюць сіламі будаўнікоў з суседняга раёну. Што будзе зь ёю далей, дырэктар пакуль ня ведае. Жывёлу перавялі ў іншыя будынкі гаспадаркі.

«Калі будуць грошы, будзем аднаўляць. Але пакуль ня вырашана. Па астаткавай вартасьці гэтая фэрма 2 мільярды недзе каштавала, а так мільярдаў 8, я думаю, у старых грошах», — прыкідвае дырэктар.

Ацаніць памеры стратаў мясцовая ўлада таксама пакуль не бярэцца. Кажуць, што толькі ўчора абышлі 140 пашкоджаных домаўладаньняў. Асноўную шкоду тарнада нанёс самой Шаркаўшчыне, яшчэ некалькі дзясяткаў дамоў пацярпелі па вёсках.

«Ніколі такога не было, і падрыхтавацца да такога немагчыма», — кажуць у Шаркаўшчыне і простыя людзі, і чыноўнікі. Стыхійнае бедзтва ўразіла ўсіх. «Як у Амэрыцы ў нас цяпер, клімат мяняецца, што хочаш можа быць», — кажуць людзі.

Глядзіце вялікі фотарэпартаж з Шаркаўшчыны

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG