Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЭГУ рыхтуюцца жыць без скандынаўскіх грошай


Будынак, у якім месьціцца ЭГУ

Будынак, у якім месьціцца ЭГУ

Паўночная Рада — рада міністраў замежных спраў краін Скандынавіі і Балтыі — пастанавіла больш не фінансаваць Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт (ЭГУ). Прычынай названая неабходнасьць рэструктурызацыі бюджэту, каб вызваліць сродкі для праграм інтэграцыі ўцекачоў і імігрантаў.

Максімас Мілта: Унівэрсытэт імкнецца да аптымізацыі працы

Рашэньне спыніць фінансаваньне ЭГУ было прынятае пасьля дыскусіі аб ролі і стратэгіі ўнівэрсытэту, гаворыцца ў паведамленьні на сайце Паўночнай Рады.

Фінансавую падтрымку беларускаму ўнівэрсытэту, які працуе ў выгнаньні ў Вільні, забясьпечваюць шматлікія прыватныя фонды, НДА і кіраўніцтва краін ЭЗ і ЗША. Скандынаўскія фонды былі сярод галоўных спонсараў ЭГУ.

Як паўплывае скарачэньне донарскай дапамогі на працу ўнівэрсытэту?

Кіраўнік па камунікацыях і маркетынгу Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Максімас Мілта ў інтэрвію Радыё Свабода распавёў, што гэта будзе абмяркоўвацца на паседжаньні Кіроўнай Рады ўнівэрсытэту, якое адбудзецца неўзабаве. І зьвярнуў увагу на некаторыя істотныя моманты:

Максімас Мілта

Максімас Мілта

— У заяве Рады міністраў паўночных краін было адзначана, якія матывы выклікалі такога кшталту рашэньні: дадатковыя выдаткі патрэбныя для працы па інтэграцыі ўцекачоў і мігрантаў. Гэта інфармацыя была паведамлена Кіроўнай радзе нашага ўнівэрсытэту.

Аднак істотным момантам зьяўляецца калі ня пэўная дэзынфармацыя, то некарэктная інтэрпрэтацыя гэтай навіны, якую мы заўважаем у некаторых беларускіх мэдыях. Гэта тое, што Паўночная рада міністраў — ня тое ж самае, чым зьяўляюцца паасобку паўночныя краіны. І пра тое, што спыніцца фінансавая дапамога, якая аказвалася ўнівэрсытэту паўночнымі краінамі паасобку — Швэцыяй, Фінляндыяй, Даніяй — ніякай гаворкі не ідзе. Гэта досыць істотны момант, які мы хацелі б адзначыць.

— Але Паўночная рада міністраў па значнасьці фінансаваньня — другі спонсар ЭГУ пасьля Эўракамісіі. Наколькі істотныя сумы ЭГУ страціць, ці не адаб’ецца гэта на студэнтах, выкладчыках? Ці не пацягне гэта за сабой скарачэньня праграмаў?

— Тая фінансавая дапамога, якая аказваецца ўнівэрсытэту, накіраваная ў першую чаргу на тое, каб студэнты мелі магчымасьць бясплатна вучыцца, атрымліваць зьніжкі на навучаньне, а таксама на выдаткі, зьвязаныя з працаўладкаваньнем выкладчыкаў. Бо, як вядома, ЭГУ зарабляе з унёскаў за аплату толькі каля 14–15% уласнага бюджэту (пасьля выдаткаў на ўсе стыпэндыі і іншыя формы фінансаваньня). Таму той працэс аптымізацыі выдаткаў, які пачаўся паўтара года таму і які зьяўляецца часткай стратэгічнага плянаваньня, мае месца. Унівэрсытэт імкнецца да аптымізацыі працы, для таго, каб зрабіць яе ня толькі больш якаснай, але і больш эфэктыўнай зь фінансавага пункту гледжаньня. І таму неўзабаве, на працягу месяца, адбудзецца паседжаньне Кіроўнай рады ўнівэрсытэту. Менавіта там будуць прымацца важныя рашэньні, пра якія мы праінфармуем грамадзкасьць. А пакуль праца, вучоба працягваецца.

— А можа, да прыкладу, плата за навучаньне падвысіцца?

— У гэтым годзе, наадварот, унівэрсытэт зьнізіў кошты навучаньня. Вось прыклад: максымальная плата за навучаньне зьнізілася з 2,5 тысячы да 2 тысяч эўра. У гэтым годзе ЭГУ ўвёў бясплатныя месцы на ўсіх праграмах, чаго доўгі час не было. На шэрагу праграмаў раней не было бясплатных месцаў для беларусаў. Таму ўнівэрсытэт сёлета зрабіў істотныя крокі, каб стаць яшчэ больш адкрытым і даступным для моладзі зь Беларусі.

І толькі што мы атрымалі вельмі добры рэйтынг сярод прыватных унівэрсытэтаў Літвы. І нават атрымалі першыя месцы ў шэрагу катэгорыяў: міжнародная канкурэнтаздольнасьць, найлепшыя працэнтныя суадносіны паміж выкладчыкамі і студэнтамі, па наяўнасьці значнай колькасьці маладых выкладчыкаў і выкладчыкаў з доктарскімі ступенямі. Таму мы ўпэўненыя, што гэта досыць істотны фактар для таго, каб знайсьці новых донараў, атрымліваць большую фінансавую падтрымку ад існуючых донараў.

Церашковіч: Скандалы, якія былі ў ЭГУ, паўплывалі на рашэньне Паўночнай рады

Павал Церашковіч

Павал Церашковіч

Звольнены з унівэрсытэту на пачатку 2014 году старшыня Сэнату ЭГУ, прафэсар Павал Церашковіч выказаў меркаваньне, што спыненьне фінансаваньня ЭГУ Паўночнай радай міністраў зьвязанае ня толькі зь пераразьмеркаваньнем бюджэту і выдаткамі на дапамогу ўцекачам і мігрантам. Спадар Церашковіч кажа, што ЭГУ недаатрымае даволі сур’ёзныя сродкі:

«Гэта вельмі і вельмі істотна, таму што пасьля Эўракамісіі так званы Nordic — Рада міністраў паўночных краін — другі спонсар ЭГУ. Менавіта гэтая арганізацыя зрабіла EHU Trust Fund. Траставы фонд — гэта ўстанова, якая акумулявала ўсе грошы, якія ішлі ва ўнівэрсытэт. Менавіта Рада паўночных краін адміністравала нашу ўстанову. І, наколькі я разумею, Trust Fund таксама зачыняецца. Трэба дадаць, што фінансаваньне ішло ня толькі ад Nordic, але і ад паўночных краін — Фінляндыі, Швэцыі, Даніі — якія самастойна папаўнялі бюджэт ЭГУ.

Наступствы відавочныя — гэта скарачэньне фінансаваньня. Гэта азначае і скарачэньне штатаў, і скарачэньне праграмаў.

Безумоўна, усе скандалы, якія былі ў ЭГУ ў апошнія гады, паўплывалі на рашэньне Паўночнай рады. І менавіта Nordic ініцыявалі вельмі сур’ёзны аўдыт унівэрсытэту. І там высьветлілася, што прызначэньне рэктара адбылося з парушэньнямі працэдуры. Бадай, самае галоўнае парушэньне — гэта тое, што прызначалі рэктара сябры Кіроўнай рады, у якіх скончыўся тэрмін працы. Дарэчы, у свой час я пісаў пра гэтую сытуацыю ў Асамблею заснавальнікаў ЭГУ. Але гэта быў мой, бадай што, апошні ліст перад звальненьнем. Ну і, апроч гэтага, аўдыт высьветліў, што там былі розныя нямэтавыя выплаты.

Трэба дадаць, што менавіта Nordic ылі супраць прызначэньня Поліка на пасаду рэктара, у тым ліку і таму, што гэта самы высокааплатны рэктар у краінах Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. Прычым узровень ягонага заробку ў разы пераўзыходзіць заробкі рэктараў краінаў Балтыі, Польшчы. А вынікаў пакуль няма, наадварот, сытуацыя толькі пагоршылася за часы яго кіраваньня.

У Раду міністраў паўночных краінаў уваходзяць міністры краінаў і аўтаноміяў Паўночнага зьвязу — Даніі, Ісьляндыі, Нарвэгіі, Фінляндыі, Швэцыі, Грэнляндыі, Фарэрскіх і Аляндзкіх астравоў. Задача гэтай арганізацыі — разьвіцьцё супрацоўніцтва ў паўночнай частцы Эўропы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG