Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наступствы аслабленьня эўра для Беларусі: танны імпарт і новыя праблемы экспартэраў


Апошнімі днямі адбываецца імклівае выраўнованьне курсаў амэрыканскай і эўрапейскай валют, хоць яшчэ некалькі гадоў таму 1 эўра каштаваў больш за 1,5 даляра. Экспэрты прагназуюць, што да канца году грашовыя адзінкі дасягнуць парытэту, а яшчэ празь нейкі час кошт эўравалюты абваліцца да 85 амэрыканскіх цэнтаў. Чым такія працэсы абернуцца для Беларусі, якая досыць моцна залежыць ад Эўразьвязу як у частцы экспарту, так і імпарту?

Падзеньню эўрапейскай валюты спрыяе ўнутраная напружанасьць сярод краін-сябраў, выкліканая нявызначанымі настроямі Гішпаніі, Грэцыі, Кіпру і Партугаліі. Кожная з гэтых дзяржаваў зьмяніла ці зьбіраецца зьмяніць урады, якія ўсё больш сумняюцца, ці выгадна іхнім эканомікам заставацца ў эўразоне. Фінансісты ў гэтым зьвязку прагназуюць, што абясцэньваньне эўра выкліча адток інвэстыцыяў з краінаў Эўразьвязу.

Кіраўнік Агенцтва дзелавых сувязяў Валянцін Лопан ня лічыць, што сёньняшнія працэсы будуць мець балючыя наступствы для эўразоны. Па яго назіраньнях, фінансавыя інстытуцыі Эўразьвязу збольшага паўтараюць тое, што даўно практыкуецца за акіянам:

«Тое, што эўра слабее, — гэта цалкам чаканая сытуацыя, нічога тут для Эўропы страшэннага няма. Мабыць, нават Грэцыя і кампанія ня так уплываюць на эўра, як тое, што Эўрапейскі цэнтрабанк пачаў рабіць нешта падобнае да таго, што рабіла Фэдэральная рэзэрвовая сыстэма ЗША ўжо колькі гадоў — так званую палітыку колькаснага зьмякчэньня. Гэта, бадай, першапрычына. То бок яны пачынаюць выкупляць аблігацыі і такім чынам укідваць у сваю эканоміку дадатковыя грошы, каб неяк яна рухалася. Ня проста іх друкаваць, а ўжываць іншы мэханізм — праз выкуп аблігацыяў. Прасьцей кажучы, гэта своеасаблівае запампоўваньне новых сродкаў у эканоміку. Ну і, пэўна ж, як грошай больш, то грашовая адзінка крыху слабее. Хоць адразу трэба адзначыць, што тут мае месца неклясычны эфэкт: грошай больш, а інфляцыі няма ўсё роўна. Адрозна, скажам, ад нашай эканомікі».

Эўрапейскія тавары для беларусаў крыху патаньнеюць

Эканоміка Беларусі досыць моцна завязаная на Эўразьвяз, маючы другі пасьля Расеі паказьнік тавараабароту. Як такая залежнасьць адрэзануе на дзяржаўным бюджэце? Аналітык Беларускага інстытуту рэформы і трансфармацыі публічнага адміністраваньня Ўладзімер Кавалкін кажа, што ад цяперашніх працэсаў на валютным рынку будуць як плюсы, так і мінусы:

«З аднаго боку — так, гэта прывядзе да некаторага скарачэньня паступленьня грошай у бюджэт. Найперш за кошт таго, што частка мыта намінаваная ў эўра. Другі момант — гэта тое, што эўрапейскія тавары для беларусаў крыху патаньнеюць, перадусім вырабленыя ў Нямеччыне, Італіі, Францыі і г.д. Калі казаць, прыкладам, пра Польшчу, то яе гэта ня тычыцца, бо, як і Беларусь, яна прывязаная больш да даляра, чым да эўра. Калі гаварыць канкрэтна пра экспарт, а гэта ў асноўным нафта, нафтапрадукты і спадарожная хімія, якія ідуць у Нідэрлянды і часткова ў Вялікую Брытанію, то гэтыя пастаўкі намінаваныя пераважна ў далярах, і ў дадзеным выпадку гэта, хутчэй, плюс для экспарту, чым мінус. Калі глядзець з гледзішча імпарту, то, адпаведна, калі гэта тавары з Эўразьвязу, яны даволі моцна патаньнеюць. Адпаведна, на беларускую валюту гэта будзе аказваць пэўны ціск — дакладна гэтак жа, як і дэвальвацыя расейскага рубля. Але ў нейкіх лічбах гэта праілюстраваць пакуль складана».

Да эўрапейскай валюты ў Беларусі прывязаныя разнастайныя плацяжы, якія перадусім тычацца арэнднай стаўкі, сплаты мыта, абавязковага страхаваньня аўтамабіляў і г.д. У такім выпадку зацікаўленыя кампаніі і фізычныя асобы атрымліваюць заўважны выйгрыш, бо ў пераліку плаціць трэба меней. Але, як удакладняе эканамічны аналітык Валянцін Лопан, нашмат меней падставаў да аптымізму ў экспартэраў:

Калі валюта краінаў нашага экспарту слабее, то і нам ад гэтага горш

«У гэтым сэнсе мінус відавочны, таму што калі валюта краінаў нашага экспарту слабее, то і нам ад гэтага горш. Мы ў гэтым ужо пераканаліся, калі расейскі рубель хутка падаў, а ў нас для бальшыні прадпрыемстваў асноўны рынак збыту сканцэнтраваны менавіта ў Расеі. Таму, напэўна ж, тут пэўныя страты будуць. Але, зь іншага боку, прадукцыя з Эўразьвязу, перадусім з такіх краінаў, як Нямеччына ці Бэльгія, дзе звычайна набываецца абсталяваньне для мадэрнізацыі нашых прадпрыемстваў, у пераліку на даляры стане таньнейшай. Мы ж прызвычаіліся ўсё лічыць у далярах, хоць каля Эўропы жывём (ці ў Эўропе, гэта як хто на сябе прымярае). Але цяжка адназначна пра нешта казаць, бо ня выключана, што ў такой крызіснай сытуацыі наш імпарт па машынах і абсталяваньні зусім адтуль спыніцца, бо элемэнтарна няма грошай. Тады будзем толькі страты несьці. Зрэшты, пабачым. Адным словам, ёсьць тут і плюсы, і мінусы».

Экспэрты нямецкага «Дойчэ банку» прагназуюць падзеньне курсу эўра да 1 даляра да канца 2015 году з наступным спадам да мінімуму ў 85 цэнтаў цягам 2016 году. Аднак некаторыя аналітыкі схільныя лічыць, што выраўноўваньне эўрапейскай і амэрыканскіх валютаў адбудзецца нашмат хутчэй і радыкальнае ўмацаваньне даляра адбудзецца ўжо сёлета.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG