Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нармандзкая чацьвёрка» будзе маляваць мяжу, — экспэрт з Масквы


Дзьмітры Арэшкін
Дзьмітры Арэшкін

Расея хоча зафіксаваць лінію разьмежаваньня і пасадзіць за стол перамоваў кіраўнікоў самаабвешчаных ДНР і ЛНР, — перакананы маскоўскі палітоляг Дзьмітры Арэшкін.

У Расеі няма рэсурсу, каб пашырыць захопленую ўкраінскую тэрыторыю. Таму калі Ўладзімер Пуцін пагодзіцца сесьці за стол перамоваў з Парашэнкам, Мэркель і Аляндам, то будуць прымацца рашэньні тактычнага характару — фіксацыя мяжы паміж Украінай і самаабвешчанымі рэспублікамі, а таксама прызнаньне лідэраў ДНР і ЛНР удзельнікамі перамоўнага працэсу.

Такую думку ў інтэрвію Свабодзе выказаў расейскі палітоляг Дзьмітры Арэшкін, адказваючы на пытаньне пра пэрспэктывы менскага паседжаньня «нармандзкай чацьвёркі», якой заплянаванае на 11 лютага.

«Такія канфлікты, як у Данбасе, не спыняюцца праз дамоўленасьці, а толькі праз тое, што сканчаюцца фізычныя і матэрыяльныя магчымасьці працягваць канфлікт. У Расеі няма ні вайсковых, ні фінансавых, ні дыпляматычных магчымасьцяў для сур’ёзнага пашырэньня наступальнай дзейнасьці. Ужо ніхто не гаворыць пра Наваросію, у якую першапачаткова павінны былі ўвайсьці 8 украінскіх абласьцей. Цяпер спрэчка ідзе наконт мяжы: ці пакідаць яе на ўзроўні, зафіксаваным у верасьні 2014 году, ці дадаць да гэтай тэрыторыі тую паласу, якая была захопленая баевікамі падчас восені і зімы. Фактычна гаворка ідзе пра паўтары тысячы квадратных кілямэтраў, бо баевікі ДНР і ЛНР прасунуліся ў бок украінскай тэрыторыі на 3–4 кілямэтры пасьля заключэньня менскіх дамоўленасьцяў. У сымбалічным пляне гэта значыць шмат, перасоўваньне мяжы на гэтыя 3–4 кілямэтры ў Расеі будзе пададзена як трыюмфальная перамога. Але ў доўгатэрміновым геапалітычным пляне — гэта лухта», — кажа Дзьмітры Арэшкін.

Украіна хоча выкарыстоўваць верасьнёўскую мяжу, баевікі і Расея спадзяюцца перасунуць яе да ўзроўню сёньняшняга дня. Эўропа прапаноўвае кампраміснае рашэньне — зрабіць спрэчную паласу нэўтральнай тэрыторыяй.

«Захад скансалідаваў сваё разуменьне сытуацыі і гатоўнасьць спыніць працэс, калі той будзе працягвацца ў бок экспансіі. Відавочна, што ва Ўкраіну можа паступіць эўрапейская зброя, што выкліча чарговы віток эскаляцыі. А гэта нявыгадна ў тым ліку і Расеі. Таму так ці інакш, але ў Менску знойдуць кампраміс. Калі б Масква проста хацела пашыраць захопленую тэрыторыю, то размаўляць не было б пра што. Калі Пуцін гатовы гаварыць, то значыць, што казачныя амбіцыі ўжо выпалі з парадку дня. Гаворка будзе весьціся пра тое, дзе намаляваць лінію мяжы», — лічыць палітоляг.

Калі Пуцін гатовы гаварыць, то значыць, што казачныя амбіцыі ўжо выпалі з парадку дня

Дзьмітры Арэшкін дадаў: Уладзімер Пуцін, удзельнічаючы ў дыпляматычных паседжаньнях, фактычна пацьвярджае, што на ўсходзе Ўкраіны ваюе Расея:

«На афіцыйным узроўні Расея нібыта ня ўдзельнічае ў канфлікце, у Данбасе — грамадзянскі канфлікт, а Пуцін прадстаўляе інтарэсы ДНР і ЛНР. На рэальным узроўні ўсім зразумела, што ва Ўкраіне ваююць расейскія вайскоўцы, расейская зброя і боепрыпасы. Захаду было б выгадна існаваць у межах першага ўзроўню і падтрымліваць гульню Пуціна, каб ня ўвязвацца ў поўнамаштабную вайну з краінай, у якой вялікі ваенны патэнцыял. Але чым даўжэй гэты канфлікт працягваецца, тым больш відавочны ўдзел у ім калматай лапы рускага мядзьведзя. Нават тыя, хто не хацеў яе бачыць, вымушаныя гэта рабіць. І хоць Масква працягвае заяўляць, што яна ня ўдзельнічае ў вайне, на Захадзе ўсё менш ідыётаў, згодных паказваць, што яны ў гэта вераць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG